У Крамлі расказалі, пра што дамовіліся Пуцін і Лукашэнка ў Сочы

Лукашэнка и Пуцін у Сочы, 22 лютага.

Пуцін і Лукашэнка дамовіліся актывізаваць працу па лініі міністэрстваў абароны, эканомікі і разьвіцьця і падатковых службаў, заявіў прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў.

Пуцін і Лукашэнка сустракаліся 22 лютага ў Сочы. Па выніках сустрэч брыфінгу не было.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін станоўча ацэньвае сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, якая была своечасовай і адкрытай, заявіў ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў, якога цытуе «Інтэрфакс».

«У цэлым гэтая сустрэча была вельмі карыснай, вельмі своечасовай, канструктыўнай і адкрытай», — сказаў Пяскоў журналістам, камэнтуючы сустрэчу, якая адбылася ў мінулы панядзелак у Сочы.

Пяскоў расказаў, што галоўным чынам у ходзе перамоваў гаворка ішла аб пашырэньні і ўдасканаленьні ўзаемадзеяньня дзьвюх краін па лініі эканамічных ведамстваў.

«Быў пэўны пандэмійны спад і ў аб’ёме таваразвароту, і ў эканамічным пляне, таму цяпер трэба прыкладаць вельмі энэргічныя высілкі, каб гэты спад кампэнсаваць і вывесьці на траекторыю росту ўсе асноўныя паказчыкі», — сказаў ён.

«Гаварылі пра тое, што па лініі эканамічных ведамстваў трэба актывізавацца, трэба асабліва зьвярнуць увагу на ўзаемадзеяньне ў падатковай сфэры. З гэтай мэтай у найбліжэйшы час адбудуцца кансультацыі па лініі падатковых ведамстваў дзьвюх краін і паміж кіраўнікамі ўрадаў», — дадаў Пяскоў.

«Гаварылі асобна аб каардынацыі намаганьняў па лініі сілавых ведамстваў, у тым ліку міністэрстваў абароны. Неўзабаве адбудуцца кансультацыі паміж гэтымі ведамствамі», — заявіў прадстаўнік Крамля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі і Расеі засталося дапрацаваць 6-7 інтэграцыйных «дарожных мапаў» з 33-х, — Лукашэнка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ізноў размаўляў з Пуціным. Гэтым разам па тэлефоне