«Коммерсантъ»: новым паслом Расеі ў Беларусі стане Яўген Лукʼянаў

Яўген Лукʼянаў каля мэмарыялу савецкім воінам у Дзьвінску (Daugavpils) 9 лістапада 2019 году

Расейскае выданьне «Коммерсантъ» паведамляе, што новым паслом Расеі ў Беларусі замест Дзьмітрыя Мезенцава стане Яўген Лукʼянаў. Цяпер ён працуе расейскім паслом у Латвіі.

Выданьне адзначае, што Лукʼянаў добра знаецца ў эканоміцы і банкаўскай справе, працаваў у Савеце бясьпекі. «Усё гэта прыдасца яму на няпростым і фінансава затратным для Масквы беларускім кірунку», піша «Коммерсантъ».

Чакаецца, што Дзьмітры Мезенцаў пяройдзе на пасаду дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы, а цяперашні дзяржсакратар, 77-гадовы Рыгор Рапота, пойдзе ў адстаўку.

У біяграфіі Яўгена Лукʼянава на сайце расейскага пасольства ў Латвіі гаворыцца, што ён пачаў дыпляматычную службу ў 1984 годзе. Да гэтага быў намесьнікам сакратара ў ленінградзкім Саюзе журналістаў. У 90-х займаў кіроўныя пасады ў банкаўскай сфэры. Перад прызначэньнем у Латвію працаваў намесьнікам сакратара Савету бясьпекі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі і Расеі засталося дапрацаваць 6-7 інтэграцыйных «дарожных мапаў» з 33-х, — Лукашэнка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін ня хоча, каб беларусы думалі, што пратэсты будуць пасьпяховымі, — фінская дасьледчыца