«Нас не задавальняла пазыцыя ўладаў у адносінах да эпідэміі каранавірусу. Моцна паўплывалі на мяне і блогі Сяргея Ціханоўскага. Яны сталі матывацыяй, каб не сядзець і не чакаць пераменаў, а дзейнічаць і не баяцца», — расказвае лекар-гігіеніст Вячаслаў Перац, які са сваёй жонкай Юліяй Трусілай зьбіраў у Пінску подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, быў сябрам яе ініцыятыўнай групы.
Пазьней сямейнай пары прапанавалі стаць адміністратарамі чату тэлеграм-каналу «Пінск для жыцьця».
«17 ліпеня нас выклікалі ў пракуратуру. У гутарцы папярэдзілі аб пэрсанальнай адказнасьці, таму мы вырашылі перадаць чат у рукі беларусаў за мяжой, — кажа Вячаслаў. — Але ўжо 7 жніўня мяне і яшчэ некалькіх актывістаў, у тым ліку давераную асобу Ціханоўскай у Пінску, пасадзілі на 15 сутак па артыкуле 23.34 КаАП».
Пасьля вызваленьня Вячаславу Перцу зноў прыходзілі позвы зь міліцыі. У кастрычніку па месцы ягонай рэгістрацыі супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус з канфіскацыяй тэхнікі. Аднак, нягледзячы на ціск праваахоўных органаў, 26 кастрычніка Вячаслаў далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі. Свае патрабаваньні (спыненьне гвалту, вызваленьне палітвязьняў і адстаўка Лукашэнкі) ён пазначыў у заяве на імя галоўнага лекара Пінскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі.
«Вырашыла, што буду змагацца з сыстэмай»
«Страшна не было. Я сьвядома зрабіў гэты крок, — кажа Вячаслаў Перац. — Вырашыў такім чынам падтрымаць завадчан, каб яны не баяліся выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Я выдатна разумеў, што ў маёй арганізацыі сваім рашэньнем нічога не зьмяню».
27 кастрычніка Вячаславу паведамілі аб звальненьні, пасьля чаго ён адразу ж патэлефанаваў жонцы Юліі. Тая прызнаецца, што была ў шоку ад навіны, расплакалася і доўга не магла апамятацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта па-за межамі разуменьня і лёгікі». З РНПЦ «Маці і дзіця» звальняюць вядомага лекара і грамадзкага дзеяча Андрэя Вітушку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бабруйску перасьледуюць звольненых мэдыкаў: ператрусы, допыт на дэтэктары хлусьні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З гомельскага сухотнага шпіталю звольнілі лекара, які трапіў на «суткі»«Мяне вельмі расчаравала, што, нягледзячы на абяцаньні некаторых калегаў, ніхто зь іх у выніку не падтрымаў Славу. У дзень яго звальненьня сабралі камісію, у якую ўвайшлі галоўны лекар, яго намесьнік, жанчына-кадравік. Яны хутка ўручылі Славу працоўную кніжку, і калі ён пачаў задаваць пытаньні, на іх нават не паспрабавалі адказаць. Выкінулі яго на вуліцу, як сабаку! — успамінае Юлія Трусіла. — Я зразумела, што не змагу глядзець у вочы людзям, якія так паступілі з маім родным чалавекам. Таму вырашыла, што буду змагацца з сыстэмай».
Празь дзень Юлія далучылася да страйку ў знак салідарнасьці з мужам, дадаткова напісаўшы заяву з просьбай аднавіць яго на пасадзе. Але звольнілі і яе саму.
«Афіцыйная прычына — адсутнасьць на працы больш за 3 гадзіны. Але гэта бязглузьдзіца. Я часта перапрацоўвала гадзіны — прыходзіла раней, затрымлівалася. Для звальненьня неабходна сыстэматычнае парушэньне дысцыпліны», — кажа лекарка.
«Мы зьдзіўленыя такой салідарнасьцю»
Баючыся крымінальнага перасьледу, 29 кастрычніка Вячаслаў і Юлія пакінулі краіну, выехаўшы ва Ўкраіну. У Луцку яны падалі дакумэнты на гуманітарную візу ў Польшчу, чакалі яе 10 дзён. Цяпер сям’я наймае пакой у Кракаве.
«Мы зьдзіўленыя такой салідарнасьцю. Разьлічвалі прыехаць у Польшчу і накінуцца на любую працу, каб зарабіць грошы. Але прадстаўнікі беларускай дыяспары запэўнілі: „Не сьпяшайцеся, мы вас падтрымаем, падвучыце мову, адыдзіце ад стрэсу, і пасьля гэтага ўладкуецеся на добрую працу“, — кажа Юлія. — Прадуктамі нас таксама забясьпечвае дыяспара, яна ж дапамагае аплачваць арэнду пакоя. Фонд „Акно на ўсход“ выплаціў нам аднаразовую дапамогу ў памеры 2000 злотых (каля 540 $), якую выдзеліў польскі ўрад».
Пінскія лекары спадзяюцца ўладкавацца на працу па спэцыяльнасьці. Цяпер яны вучаць польскую мову, якая неабходная ім у першую чаргу для настрыфікацыі дыплёмаў. Па словах Юліі, працэдура ўключае ў сябе некалькі этапаў, трэба ведаць ня толькі гутарковую мову, але і мэдычныя тэрміны.
«Навошта спансараваць рэжым?»
Паколькі Вячаслаў і Юлія вучыліся на «бюджэце» і адпрацоўка яшчэ ня скончылася, пасьля звальненьня яны мусяць вярнуць дзяржаве грошы за навучаньне — каля 20–25 тысяч даляраў. Аднак яны кажуць, што ў бліжэйшы час рабіць гэта не зьбіраюцца.
«Навошта спансараваць рэжым? Мы маладая сямʼя, толькі пасьля ўнівэрсытэту. У Беларусі наймалі жыльлё, бралі ў растэрміноўку бытавую тэхніку — выдаткі нарасталі, як сьнежны ком. Калі Слава сядзеў на сутках, яму на працы выдалі зарплату 45 рублёў. Апошнія ашчаджэньні патрацілі ва Ўкраіне, — прызнаецца Юлія Трусіла. — Грошай на аплату штрафу за вучобу ў нас не было і няма, але і ніякіх збораў адкрываць ня будзем. Можа, у краіне ўсё наладзіцца і нас адновяць на ранейшыя пасады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вернемся, калі...» Гісторыі актывістаў, якія зьехалі зь Беларусі празь перасьледМуж і жонка сьцьвярджаюць, што сумуюць па Беларусі і разьлічваюць хутка вярнуцца. На пытаньне, ці не шкадуюць аб сваіх учынках, Юлія адказвае, што калі адміністравалі тэлеграм-канал, то сваіх твараў не хавалі, усе ведалі, што яны лекары.
«Славу хацелася адкрыта казаць пра сваю грамадзянскую пазыцыю, заклікаць людзей будаваць новую краіну. Мы разумелі, што выраз пратэсту — гэта адказнасьць і рызыка. Але калі змагацца — дык да канца. Хочаш пераменаў — трэба ісьці на ахвяры», — кажа дзяўчына.