«Ясна ўсьведамляў, што мяне могуць расстраляць». Як сілавікі імітавалі пратэстоўцам пакараньне сьмерцю

Ілюстрацыйнае фота

Гісторыі і рэакцыі пацярпелых, камэнтары псыхатэрапэўтаў з карысным лайфхакам і ацэнка праваабаронцы.

Максіму спэцназаўцы паклалі гранату ў сподняе і сказалі, што яна зараз выбухне. Улада паставілі на калені тварам да сьцяны, і амапавец камандным голасам паведаміў: «Цяпер мы вас будзем расстрэльваць». Жанчыну вывелі перад шыхтом узброеных людзей, сказалі, што зараз будуць страляць па іх, і далі каманду ўцякаць.

Усе гэтыя людзі жывыя, таму што гэта была імітацыя пакараньня сьмерцю. Такое катаваньне сілавікі ўжывалі ня толькі пасьля выбараў 2020 году, але і раней. Ці вучаць такому спэцыяльна? Чаго хочуць дамагчыся сілавікі такой імітацыяй? Як гэты вопыт адбіваецца на псыхіцы? Ці магчыма будзе прыцягнуць за такое да адказнасьці? Гісторыі і рэакцыі пацярпелых, камэнтары псыхатэрапэўтаў з карысным лайфхакам і ацэнка праваабаронцы — у нашай публікацыі.

«Пра што я думаў перад сьмерцю?»

Максіма (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) затрымалі 11 жніўня ў Менску каля ГЦ «Рыга» пасьля поўначы. Паводле яго, у той вечар у гэтым месцы ніякіх жорсткіх сутычак з барыкадамі, счэпкамі паміж пратэстоўцамі і сілавікамі не было. Быў інцыдэнт, калі хтосьці кінуў у бок бусікаў пару пустых бутэлек і слоік з фарбай. Але гэта было задоўга да таго, як пратэстоўцаў пачалі хапаць.

Барыкады каля гандлёвага цэнтру «Рыга» перад разгонам, ноч на 11 жніўня

«Было ўжо каля 12 гадзіны ночы. Людзі паступова разыходзіліся. Засталося, напэўна, чалавек 200. І тут мы ўбачылі калёну аўтазакаў, якія спыніліся на скрыжаваньні, і зь іх пачалі выскокваць амапаўцы. Адначасова з гэтым на людзей рушылі сілавікі, якія ўвесь гэты час знаходзіліся ўздоўж дарогі ў бусіках і назіралі. Мы вырашылі, што гэта спэцпадразьдзяленьне „Алмаз“, бо людзі былі ўзброеныя аўтаматамі, баявымі гранатамі, цалкам экіпаваныя, выглядалі так, быццам зьбіраюцца штурмаваць будынак. Форма была цалкам чорная, апазнавальных знакаў я не заўважыў», — расказвае Максім.

Са слоў хлопца, сілавікі атачылі «Рыгу», затрыманых клалі на зямлю каля крамы, на іх кідалі рэчы. У адным з заплечнікаў знайшлі слоік з фарбай. І камандзір спэцпадразьдзяленьня зрабіў выснову, што гэта заплечнік каардынатара. Спрабуючы дамагчыся прызнаньня, што Максім і ёсьць каардынатар, афіцэр аддаў яго двум сваім падначаленым.

«Яны адвялі мяне ад „Рыгі“, „туды, дзе няма камэр“, — расказвае хлопец. — Калі я адмовіўся прызнаць, што гэта мой заплечнік і я каардынатар, яны сказалі: „Мы зараз бяром гранату, засоўваем табе яе ў трусы, ты на ёй падрываесься, мы кажам, што падарваўся на неапазнаным выбуховым прыстасаваньні. Тут няма камэр, ніхто нічога не дакажа, нас не пакараюць, а ты будзеш у магіле“. Я вельмі спалохаўся: „Мужыкі, вы чаго, нейкую херню чыніце“.

Яны паклалі мяне на зямлю са зьвязанымі рукамі, дасталі баявую гранату, засунулі яе ў бялізну і адбеглі прыкладна на 10 мэтраў.

Пра што я думаў перад сьмерцю? Ні пра што ня думаў, жыцьцё не пралятае перад вачыма — надыходзіць проста вакуўм, усё вакол замірае...

Празь некалькі сэкундаў спэцназаўцы вярнуліся, дасталі гранату, пачалі мяне біць у пах з крыкамі, каб прызнаваўся, і зноў пагражалі, што заб’юць».

Віцебск, ноч на 11 жніўня, байцы без апазнавальных знакаў схапілі чалавека, ілюстрацыйнае фота

Максіма пазначылі фарбай, праз гэта яго неаднаразова і жорстка білі, перакідаючы з аўтазака ў аўтазак. У выніку — больш за 10 швоў на галаве, ЧМТ, адбітыя ногі, пашкоджаная барабанная перапонка. Цяпер Максім за межамі Беларусі.

«Вядома, я траўмаваны гэтым досьведам. Мяне спрабавалі забіць, я так гэта бачу. І гэта не адбылося толькі таму, што ім проста не пашанцавала», — кажа пацярпелы.

«Я ўсьведамляў, што мяне могуць расстраляць»

Улада (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) амапаўцы схапілі 10 жніўня позьняй ноччу на пустыннай вуліцы ў Менску ў раёне «Белай вежы», калі ён вяртаўся з бара. Як расказаў Улад, яго проста ўдарылі па нагах, падхапілі за рукі і кінулі ў бус, які быў ужо перапоўнены: людзі сядзелі адзін на адным. Там яго неаднаразова білі шокерам за дапамогу тым, каму стала дрэнна. Прыкладна каля 3–4 гадзіны ночы затрыманых прывезьлі ў Кастрычніцкае РУУС.

Кастрычніцкі РУУС, архіўнае фота

«Нас паставілі перад плотам на калені. Ззаду стаялі машыны з уключанымі фарамі. Мы бачылі перад сабой толькі сьцяну і цені амапаўцаў, якія хадзілі побач у сваіх чорных ботах і шчытках. Яны пэрыядычна кагосьці білі, усяляк самасьцьвярджаліся. Гэта было страшна. Выглядала як у фільмах пра вайну. Змрок, крык, узброеныя людзі. Ніхто ня ведаў, што з намі будзе. Надзея на адэкватнае разьвіцьцё падзей зьнікла. І ў нейкі момант адзін амапавец гучным камандным голасам сказаў: „Мы зараз вас будзем расстрэльваць“.

Гукаў затвора не было, гэта былі проста словы. Але тады было незразумела, да якога ўзроўню перастала працаваць сыстэма. Я ўсьведамляў, што мяне могуць расстраляць. Як я гэта перажыў? У мяне, відаць, спрацавалі ахоўныя мэханізмы. А можа, быў проста шок. Але я паставіўся да гэтага ўсяго спакойна, і хутчэй... зь цікаўнасьцю».

«Я лічу да 10. Потым пачнём страляць. Бяжыце!»

Урач-псыхатэрапэўт Яўгенія Тачыцкая, якая ў жніўні аказвала псыхалягічную дапамогу пацярпелым, расказала яшчэ пра адзін кейс.

«Да мяне зьвярнулася жанчына, якую затрымалі ў першыя дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Яна расказала, што трапіла ў аўтазак, яе білі, асабліва была пашкоджана нага, побач зь ёю білі іншых людзей. І ў нейкі момант ноччу яе і яшчэ некалькі чалавек вывелі з аўтазака на глухую вуліцу, паставілі перад шарэнгай людзей у форме, у якіх у руках была стралковая зброя, якая — незразумела. І адзін зь сілавікоў сказаў: „Я лічу да 10. Потым пачнём страляць. Бяжыце!“ — і ўсьміхнуўся. І яны пабеглі, жанчына кульгала, але намагалася рухацца як мага хутчэй. Па яе ўспамінах, пакуль яны беглі, ззаду пачуліся стрэлы. Але, хутчэй за ўсё, у паветра, бо нікога не параніла. Яны ўцяклі, даганяць іх ніхто ня стаў.

Жанчына ўпершыню ў жыцьці сутыкнулася з такімі нерэальнымі рэчамі. Для яе гэта было вельмі страшна, шок. І яна, безумоўна, верыла, што ў яе будуць страляць, да розыгрышу гэта не было падобна».

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў цэляцца ў аўтамабіль, Менск, ноч на 11 жніўня, ілюстрацыйнае фота

Жанчына зьвярнулася па дапамогу не адразу, а празь некалькі тыдняў. Псыхатэрапэўт адзначыла ў яе парушэньне адаптацыі: трывогу, бяссоньніцу, страх выйсьці на вуліцу, дэпрэсіўную сымптаматыку, адчуваньні, што яна не гаспадыня свайго жыцьця. Паводле зьвестак доктаркі, пацярпелая пакінула краіну, вырашыўшы, што ў гэткай небясьпецы больш знаходзіцца ня будзе.

Імітацыя расстрэлу — ня ноў-хаў сілавікоў

Аказалася, што імітацыя расстрэлу — ня ноў-хаў жніўня 2020 году. Гэтае катаваньне ўжывалі і да пратэстоўцаў, якіх затрымалі ўначы ў апошні дзень намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы 24 сакавіка 2006 году. Сярод затрыманых быў і вядомы праваабаронца Алег Граблеўскі. 3 лютага 2021 году, ужо пасьля нашай размовы, яго затрымалі. Праваабаронцы абвясьцілі яго палітвязьнем.

Алег Граблеўскі, архіўнае фота

У 2006 годзе яму было 30 гадоў, і ён прыбыў на плошчу бараніць лягер пратэстоўцаў. Ноччу іх усіх схапіў АМАП, па апісаньні Алега — «касманаўты ва ўсім чорным», закінулі штабэлямі ў аўтазак і прывезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна.

«Пасьля „калідора“ амапаўцаў, празь які нам трэба было прабегчы, нас паставілі каля бэтоннай сьцяны на вуліцы. Нейкі час мы стаялі з паднятымі рукамі тварам да сьцяны. Людзей было вельмі шмат, можа 100, можа больш. Я стаяў у той частцы сьцяны, дзе побач быў ганак, выхад зь іх адміністрацыйнага будынка. Якраз на гэты ганак выйшла чалавек пяць „касманаўтаў“. І я пачуў фразу: „Рыхтуйся!“, пстрычкі затвораў і „Плі!“ або „Страляй!“ (цяпер ужо дрэнна памятаю), і зноў пстрычкі. Я бачыў, як побач падалі людзі, губляючы прытомнасьць. Памятаю, што ўпала жанчына, мужчына споўз па сьцяне.

Я ня ўпэўнены, што затрыманыя, якія былі шмат далей ад уваходу, чулі гэта. Але ўсе, хто стаяў побач зь дзьвярыма, чулі каманды вельмі добра, таму што гэта было сказана павышаным, выразным, камандзірскім голасам. Пасьля гэтай імітацыі расстрэлу сілавікі пасьмяяліся і сышлі. А нас завялі ў будынак, потым асудзілі на „суткі“.

Як я гэта перажыў? У момант „сьмяротнага пакараньня“ ў мяне не было вострых адчуваньняў. Я яшчэ зьдзіўлена павярнуўся і ўбачыў накіраваныя на нас аўтаматы. Чаму павярнуўся? Рэфлекс: напэўна, калі ў цябе страляюць, вырашыў я, трэба, каб гэта было ў твар. Я ясна ўсьведамляў, што цяпер мяне могуць расстраляць. Але страху не было. Было хутчэй атупеньне ад усяго. Да таго ж у мяне моцна балела сьпіна ад доўгіх стаяньняў на абароне лягера, мне хацелася толькі аднаго — зьменшыць боль. Як псыхатраўму я гэты эпізод тады не ўспрыняў, дый цяпер не ўспрымаю».

Як гэта адбіваецца на псыхіцы?

«Імітацыя сьмерці — гэта неверагодны ўзровень стрэсу для чалавечай псыхікі, — тлумачыць псыхатэрапэўт Яўгенія Тачыцкая. — Як гэта адгукнецца — залежыць ад індывідуальных асаблівасьцяў асобы. У кагосьці можа наступіць нават посттраўматычны стрэсавы разлад, а хтосьці можа справіцца безь цяжкіх наступстваў. Імавернасьць таго, што псыхіка сучаснага чалавека застанецца зусім непашкоджанай, малая. Мы гадаваліся ў даволі бясьпечных умовах, у звычайным жыцьці мы не прыстасаваныя да сустрэчы з гвалтоўнай сьмерцю і, цяжэй за гэта, — з чаканьнем яе непазьбежнасьці».

Пратэст у Менску, ноч на 11 жніўня, ілюстрацыйнае фота

Якія наступствы адчуваюць амаль праз паўгода героі публікацыі?

«Калі іду па вуліцы, я заўсёды праглядаю на сто мэтраў вакол сябе, мозг працуе ў фармаце баявых дзеяньняў», — кажа Максім.

У тыя дні ён ня змог атрымаць псыхалягічную дапамогу, а цяпер лічыць, што справіцца сам.

Улад у першыя дні баяўся выходзіць з дому. Але моцны страх доўжыўся, па яго словах, каля двух дзён. А потым хлопец нават стаў хадзіць на мітынгі, хоць да гэтага ніколі на іх не бываў. Выходзіў, нягледзячы на тое, што калі бачыў побач АМАП, яго пачынала трэсьці ад трывогі і страху.

«Калі я выйшаў з-за кратаў і ўбачыў жаночыя ланцугі салідарнасьці па ўсім горадзе, зразумеў, што ў народу ёсьць рэакцыя на тое, што адбылося, — я тады расплакаўся першы раз. Усё ўнутры загарэлася, захацелася ісьці далей. Флэшбэкі, кашмары мяне не перасьледуюць. Я знаёмы з дэпрэсіямі і думаю, што здольны сам справіцца зь перажытым досьведам. Але паколькі няма адчуваньня бясьпекі, у любым выпадку, калі я скончу тут свае справы, то зьеду, таму што занадта шмат стрэсу ў бытавым жыцьці. Калі праходзіш міма праваахоўных органаў і табе некамфортна, гэта трызьненьне», — кажа Ўлад.

Як уратаваць сваю псыхіку? Парады гештальт-тэрапэўта

«Імітацыя пакараньня — старадаўні від катаваньня з мэтай зламаць супраціў чалавека, разбурыць асобу, увесьці яе ў глыбокі псыхалягічны рэгрэс — стан залежнага, паслухмянага, безабароннага дзіцяці, — тлумачыць гештальт-тэрапэўт Васіліна Данілава. — Тыповыя рэакцыі на такую пагрозу — страх, аж да страты прытомнасьці і паслабленьня сьфінктэраў кішэчніка і мачавога пухіра, а потым ваніты; альбо — моцнае напружаньне ад чаканьня сьмерці з уздымам артэрыяльнага ціску, моцным сэрцабіцьцем і скарачэньнем цягліц усіх частак цела, што можа прывесьці да інсульту, інфаркту, кровазьліцьця ў розныя органы. Ня кажучы ўжо пра разбуральныя наступствы для псыхікі з разьвіцьцём посттраўматычнага стрэсавага разладу.

Чалавек, які перажыў падобныя катаваньні, у першыя гадзіны або дні можа адчуваць сябе зьнясіленым і прыгнечаным, губляе адчуваньне сябе як асобы, дэзарыентаваны. У залежнасьці ад індывідуальнай устойлівасьці хтосьці можа адкаціцца ў разьвіцьці да стану псыхалягічнага немаўляці, у прастамоўі — „звар’яцець“».

Паранены на пратэстах у Менску, ноч на 11 жніўня, ілюстрацыйнае фота

Але нават у такой экстрэмальнай сытуацыі чалавек можа ўратаваць сваю псыхіку. На прыкладзе гісторыі і аналізу псыхалягічнага стану Алега Граблеўскага зь яго дазволу Васіліна Данілава расказвае пра адзін такі ахоўны мэханізм:

«Рэакцыя Алега была нетыповая для такога ўзьдзеяньня. У момант каманды „Агонь!“ ён са зьдзіўленьнем павярнуўся тварам да ўзброеных людзей: „Вы гэта сурʼёзна?!“ — нібы не паверыў ім. Не дазволіў страху завалодаць ім. Справа ў тым, што зьдзіўленьне, таксама як і захапленьне — „Ух ты! Праўда?!“ — стварае імгненны моцны ўздым канцэнтрацыі ў крыві дафаміну, які супрацьстаіць узьдзеяньню стрэсавага гармону картызолу, прадухiляе ягоны разбуральны эфэкт на арганізм чалавека. Зьберагае пачуцьцё „пераможцы“, а не „ахвяры“. Такі эфэктыўны прыём псыхалягічнай абароны — замяняць страх на зьдзіўленьне — выкарыстоўваецца ў многіх школах усходніх адзінаборстваў.

Каб зарыентавацца ў абстаноўцы і выкарыстоўваць псыхалягічныя абароны, трэба быць у прынцыпе ўстойлівым чалавекам з добрым вопытам выжываньня ў экстрэмальных умовах — ад небясьпечнага дзіцяча-падлеткавага вопыту да спэцыялізаванай вайсковай падрыхтоўкі. Перажыты 15 гадоў таму досьвед імітацыі расстрэлу дадаў Алегу яшчэ больш псыхалягічнай устойлівасьці. Але могуць быць і аддаленыя наступствы: гранічная сабранасьць і складанасьці з расслабленьнем, што не дазваляе арганізму паўнавартасна аднаўляцца».

Затрыманыя пратэстоўцы стаяць ля сьцяны ў двары Савекага РУУС Менску. 14 ліпеня 2020

Паводле Васіліны Данілавай, наступствы ад перажытага досьведу імітацыі сьмяротнага пакараньня могуць і разбураць, і гартаваць, але іх у любым выпадку нельга назваць «адсутнасьцю наступстваў». З пункту гледжаньня псыхатэрапіі важна правесьці перапрацоўку і засваеньне вопыту ва ўсьвядомлены набытак, які ўмацоўвае асобу, яе самапавагу і веру ва ўласныя сілы. Таму мае сэнс абмеркаваць гэты досьвед з псыхатэрапэўтам хаця б у фармаце адной-дзьвюх сустрэч, кажа спэцыяліст.

Праваабаронца: «У гэтых злачынстваў няма тэрміну даўнасьці»

Праваабаронцы адносяць такое ўзьдзеяньне на людзей да катаваньняў.

«Непасрэдна ў гэтых канкрэтных выпадках, калі вакол адбываліся масавыя катаваньні, а на вуліцах у натоўпы пратэстоўцаў сілавікі прыцэльна кідалі сьвятлашумавыя гранаты і стралялі гумовымі кулямі, людзі ўспрымалі пагрозы сьмяротнага пакараньня як рэальныя, — тлумачыць праваабаронца РГА „Прававая ініцыятыва“ Сяргей Усьцінаў. — Адпаведна, ад такога псыхалягічнага ціску людзі адчувалі моцныя маральныя пакуты. Паколькі гэтыя пагрозы паходзілі ад службовых асоб, якія выступаюць у афіцыйнай якасьці, рабіліся наўмысна і з мэтай запалохаць за ўдзел у акцыях пратэсту, то гэтыя дзеяньні праваабаронцамі расцэньваюцца як катаваньні».

Сяргей Усьцінаў, архіўнае фота

Кейсы, прыведзеныя ў артыкуле, былі задакумэнтаваныя Міжнародным камітэтам па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі. На дадзены момант тут ужо сабрана больш за 800 гісторый розных катаваньняў, жорсткага, бесчалавечнага або зьневажальнага для чалавечай годнасьці абыходжаньня. Сяргей Усьцінаў кажа, што кейсы заносяцца ў спэцыяльную базу, пасьля чаго будзе праходзіць расьсьледаваньне падзей.

«Камітэт ужо падрыхтаваў дзьве справаздачы, аднак асноўная праца па расьсьледаваньні яшчэ наперадзе. Мы бачым пэрспэктыву ў справах, заведзеных у іншых краінах. Паколькі гэта масавыя катаваньні, у гэтых злачынстваў няма тэрміну даўнасьці. Таму рана ці позна вінаватых прыцягнуць да адказнасьці», — упэўнены праваабаронца.

«Такому сілавікоў ня вучаць»

Ці вучаць сілавікоў такім прыёмам узьдзеяньня спэцыяльна? Сябры ініцыятывы BYPOL у кароткім камэнтары паведамілі, што такому сілавікоў ня вучаць, гэта хутчэй уласная ініцыятыва асобных людзей. Пакуль такіх кейсаў у BYPOL на разглядзе не было.

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў у Менску, 10 жніўня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА