22-гадовую мэдсястру Юлію Кашавераву абвінавацілі ў тым, што на маршы пратэсту 4 кастрычніка яна пашкодзіла міліцэйскі мікрааўтобус і сарвала кепку і маску з амапаўца, піша Tut.by.
Пракурор Уладзімер Лабацкі прасіў асудзіць яе на 6 гадоў калёніі. Судзьдзя Сяргей Будрэвіч вырашыў прымяніць мякчэйшы артыкул, але ўсё адно вынес прысуд, зьвязаны з пазбаўленьнем волі.
Юлія Кашаверава сказала на судзе, што маскі і кепкі не зрывала, а падняла зь зямлі. Яна не адмаўляла, што тры разы ўдарыла па аўтамабілі. Зрабіла гэта на эмоцыях, бо не змагла дапамагчы хлопцу, які ляжаў на зямлі тварам уніз. Яна спрабавала падысьці да яго, але міліцыянты ўжылі газ, а калі ён расьсеяўся, невядомы хлопец зьнік.
«Мне стала крыўдна за сябе, бо ня здолела дапамагчы», — тлумачыла Юлія Кашаверава.
Адвакатка Кашаверавай прасіла яе апраўдаць, паведаміла «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Зяневічу прысудзілі 3 гады «хіміі», хаця на відэа ад абвінавачаньня яго не знайшлі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Рамана Бандарэнкі: «Я асабіста дазволіла Барысевіч апублікаваць вынікі яго аналізаў». ВІДЭА