У нядзелю 22 лістапада на праспэкце Жукава ў Менску машына ДАІ, за якой ехала спэцтэхніка сілавікоў, зьбіла дваіх пешаходаў. Жанчына трапіла ў шпіталь з моцным садном нагі, мужчына не пацярпеў. Цяпер стала вядома, што ДАІ прызнала пешаходаў вінаватымі ў ДТЗ. Мужчыну аштрафавалі на 29 рублёў, а жанчыне вынесьлі папярэджаньне, паведаміў Tut.by.
У той дзень у Менску праходзілі дэцэнтралізаваныя акцыі пратэсту і сілавікі езьдзілі па сталіцы. У месцы, дзе здарыўся наезд, пратэстоўцаў не было.
Словы аднаго зь відавочцаў супярэчаць афіцыйнай вэрсіі. Ён сказаў, што машына ДАІ ехала з маячкамі, але без сырэны. Пасьля ДТЗ яна спынілася дзесьці праз сто мэтраў, кіроўцы аўтазака і машыны ДАІ перамовілася пра нешта і паехалі далей. Паводле ж афіцыйнага паведамленьня, экіпаж ДАІ заставаўся на месцы да заканчэньня неабходных мерапрыемстваў.
Відавочца таксама лічыць, што машына ДАІ магла лёгка разьмінуцца зь пешаходамі. Ён таксама сказаў, што аўтамабіль, калі падʼяжджаў да людзей, «рэзка вільнуў у іхны бок».
Пацярпелая жанчына не пагадзілася з тым, што вінаватая.
«Я некалькі разоў хадайнічала пра тое, каб мне паказалі відэазапіс наезду з рэгістратара, які быў у машыне ДАІ. Аднак мне ў гэтым адмовілі. Сьведак ДТЗ таксама не выклікалі для дачы тлумачэньняў», — расказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьмерці затрыманага падчас пратэстаў Аляксандра Віхора не знайшлі складу злачынства ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Правакаваў праваахоўнікаў». СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу за сьмерць Тарайкоўскага, апраўдаў дзеяньні сілавікоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Айцішніку, якога зьбіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі»