Шматдзетнай сям’і пагражаюць «сацыяльна-небясьпечным становішчам» за бел-чырвона-белыя жалюзі на вокнах

За бел-чырвона-белыя жалюзі ў прыватным доме пад Менскам шматдзетную сям’ю Сяргея і Сьвятланы Мельянцоў хацелі паставіць на ўлік як сацыяльна праблемную. Правялі цэлае сацыяльнае расьсьледаваньне, бацькоў выклікалі на Раду прафіляктыкі. Аказалася, падстаў для пастаноўкі на ўлік няма.

У сям’і Мельянцоў сямёра дзяцей — ад двух да сямнаццаці гадоў. Бацька Сяргей — мэнэджар па продажах у камэрцыйнай фірме, музыка, паэт. Маці Сьвятлана ў дэкрэтным адпачынку — даглядае двухгадовага малодшага сына ды чатырохгадовую дачку.

Храналёгія падзей: штраф бацьку, камісія па абсьледаваньні ўмоваў жыцьця дзяцей, рада прафіляктыкі

У навучальныя ўстановы дзяцей паступілі сыгналы з РУУС Менскага раёну, што на бацьку Сяргея Мельянца складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП — за парушэньне парадку масавых мерапрыемстваў. Падставай сталі бел-чырвона-белыя жалюзі ў вокнах зь відам на лес.

15 сьнежня ў дом Мельянцоў прыйшлі людзі — пасьведчаньняў не паказалі, пагражалі сур’ёзнымі наступствамі, жалюзі параілі зьняць.

21 студзеня быў суд. Сяргею Мельянцу прысудзілі штраф 30 базавых, на той момант 870 рублёў.

3 лютага ў дом прыйшла прадстаўнічая камісія з намесьнікаў дырэктара па выхаваўчай працы школ, дзе вучацца дзеці. Склалі «Акт абсьледаваньня ўмоваў жыцьця і выхаваньня непаўналетніх».

Сям'я Мельянцоў

У той жа дзень старэйшага сына Мельянцоў выклікалі ў кабінэт намесьніцы дырэктара па ідэалягічнай і выхаваўчай працы, дзе пэдагогі і псыхолягі распытвалі падрабязнасьці пра сям’ю, перакананьні бацькі, расказвалі, што бел-чырвона-белы сьцяг — фашыстоўскі. Запытвалі, ці дапамагаў сын усталёўваць жалюзі. Паабяцалі прыйсьці дадому з праверкай. А калі бацька ня спыніцца — прыгразілі, што могуць і выключыць яго з каледжа, кажа Сяргей Мельянец.

4 лютага з другім сынам у школе псыхоляг пачала праводзіць розныя тэсты.

13 лютага ў Прывольненскай сярэдняй школе было прызначана паседжаньне рады прафіляктыкі.

Прывольненская сярэдняя школа, у якую ходзяць дзеці Мельянцоў

Адвакатка: «Артыкул 23.34 у бацькі не зьяўляецца крытэрам для пастаноўкі сям’і на ўлік»

Сяргей і Сьвятлана Мельянцы на паседжаньне рады прыйшлі з адвакатам, прывялі з сабой дзьвюх бабуль, дзядулю, сваякоў, сяброў — больш за дзясятак чалавек. Дырэктаркі школы на месцы не аказалася — яе нібыта тэрмінова выклікалі на паседжаньне ў раённы аддзел адукацыі. Тры намесьніцы дырэктара, убачыўшы такую магутную «групу падтрымкі», разгубіліся і паспрабавалі не пусьціць людзей на паседжаньне — маўляў, «каранавірус». Сяргей Мельянец настойваў: «сваякі хвалююцца, дырэктарка сказала, што можа прыйсьці хто заўгодна. Паставіла толькі адну ўмову: ня браць з сабой дзяцей». Больш за паўгадзіны ў фае школы ішлі перамовы, у выніку не прапусьцілі аднаго чалавека, дзесяць на паседжаньне трапілі.

Паколькі дзеці Мельянцоў вучацца ў трох навучальных установах, у Прывольненскую СШ прыехалі пэдагогі 144-й менскай школы, а зь Менскім прафэсійна-тэхнічным каледжам паліграфіі спрабавалі зладзіць відэасувязь.

Адвакатка Кацярына Сільвястровіч заўважыла, што артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях не зьяўляецца крытэрам для пастаноўкі на ўлік. Да таго ж рашэньне суду Менскага раёну не ўступіла ў законную сілу — Сяргей Мельянец абскарджвае яго ў Менскім абласным судзе. Сяргею прыйшла позва ў абласны суд на 23 лютага.

Сяргей Мельянец

Сабраныя дзясяткі даведак, актаў, характарыстык на дзяцей і бацькоў

Пэдагогі спачатку зачыталі матэрыялы сацыяльнага расьсьледаваньня. Цэлая камісія напярэдадні склала акт бытавых умоў: якая плошча дома, ці ёсьць у дзяцей асобныя спальныя месцы, «куток школьніка», адзеньне па сэзону і месцы для яго захаваньня, ежа ў лядоўні, ці былі скаргі суседзяў, ці ёсьць доўг па камунальных плацяжах. Камісія рабіла шматлікія запыты ў паліклінікі, цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі — ці стаяць бацькі там на ўліку, запыты ў РУУС — ці прыцягваліся бацькі да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулаў, за якія можна паставіць сям’ю на ўлік па так званым «СОП» — «сацыяльна небясьпечным становішчы». Аказалася, што ні на якіх уліках сям’я не стаіць.

Адвакатка зачытала шматлікія характарыстыкі на бацькоў — зь месца працы, з царквы «Сьвятло ісьціны»: сям’я Мельянцоў — яе прыхаджане. А таксама з асьветніцкай арганізацыі АСЕТ, у якой Сяргей валянтэрам ужо больш за 10 гадоў — выкладае прадмет «здаровы лад жыцьця» ды папулярызуе маральныя каштоўнасьці.

Потым пачалі зачытваць характарыстыкі на ўсіх дзетак.

15-гадовы сын, якія вучыцца ў Прывольненскай школе, — «інтэлігентны хлопчык, ураўнаважаны, добры, спакойны». Настаўнікі 144-й школы, дзе вучацца астатнія дзеці, таксама адзначылі, якая ў Мельянцоў «добрая, станоўчая сям’я».

Завуч Прывольненскай школы дадала: «Дзеткі разьвіваюцца, ім бацькі аддаюць шмат увагі і часу, дзеці наведваюць столькі гурткоў, колькі адзінае дзіця ў самай заможнай сям’і не наведвае».

Дома ў сям'і Мельянцоў

«Дзіця пасьля гутаркі ў каледжы знаходзіцца ў прыгнечаным псыхалягічным стане»

Выйшлі на сувязь і пэдагогі з каледжа паліграфіі, дзе на апэратара лічбавай сувязі вучыцца старэйшы сын Мельянцоў, яго таксама хвалілі. Праўда, заўважылі, што ад гутаркі з псыхолягам ён адмовіўся.

Адвакатка ставіць пытаньне:

«А што за гутарка была ў каледжы зь непаўналетнім хлопцам у адсутнасьць бацькоў ці законных прадстаўнікоў? А на якой падставе пыталіся ў падлетка пра ўзаемаадносіны ў сям’і, пра погляды бацькоў?»

Прадстаўніца каледжа празь відэасувязь кажа, што на гутарцы прысутнічалі куратар, псыхоляг, завуч. Хлопец, працягвае яна, на ўсе пытаньні адказваў спакойна, нікога не баяўся.

«Мы таксама правялі сваё дасьледаваньне — учора ён быў у псыхоляга. Псыхоляг пацьвярджае, што хлопец перажыў сур’ёзную драматычную сытуацыю. Дзіця пасьля гутаркі ў каледжы знаходзіцца ў прыгнечаным псыхалягічным стане. У яго зараз трывожны стан пасьля вялікага стрэсу, зьвязанага з гутаркай у каледжы. Псыхоляг папярэдзіў, што калі не рабіць захадаў па псыхалягічнай дапамозе непаўналетняму, то, улічваючы асаблівасьці дзіцяці, такі стан можа перарасьці ў больш сур’ёзныя праблемы, аж да дэпрэсіі.

Бацька адзначае зьмены ў паводзінах дзіцяці — хлопец закрыўся. Я прашу ставіцца да дзяцей больш ашчадна».

Бацька Сяргей Мельянец

Прадстаўнікі каледжа бароняцца.

«Зьнешне прыгнечанага стану хлопца ў каледжы ніхто не заўважае. Мы ня бачым дэпрэсіўнага стану», — кажа намесьніца дырэктара каледжа па выхаваўчай і ідэалягічнай працы.

«Чаму мы павінны абараняцца? Чаму бацькі, бабулі-дзядулі і дзеці павінны жыць у напружаньні?»

Адвакатка сям’і Мельянцоў Кацярына Сільвястровіч каторы раз падкрэсьлівае, што няма наагул падставаў для пастаноўкі на ўлік сям’і Мельянцоў як праблемнай.

«Мне як юрысту незразумела, у адносінах да каго вядзецца прафіляктычная праца, на падставе чаго пачата расьсьледаваньне? Пэдагогі неаднаразова казалі, што прафіляктычныя мерапрыемствы не праводзіліся, паколькі для гэтага пакуль няма падставаў. Дык тады што гэта было? Гутаркі, псыхалягічныя дыягностыкі?» — пытаецца адвакатка.

«Паступіў сыгнал», — абараняюцца пэдагогі.

Дом сям'і Мельянцоў

Слова бярэ бабуля дзетак.

«Мне было вельмі прыемна пачуць столькі добрых слоў пра нашу сям’ю, пра дзетак. Так, жыве вялікая, дружная сям’я, гадуе, выхоўвае сямёра дзетак. Але вялікая сям’я — ня значыць, што яна праблемная. А цяпер наша сям’я павінна абараняцца! Ды няма падставаў для сацыяльнага расьсьледаваньня!

Чаму бацькі, бабулі-дзядулі і дзеці павінны жыць у напружаньні? Да нас у дом прыходзяць чужыя людзі, абсьледуюць умовы. Чаму мы ўсе павінны абараняцца? Гэта вельмі непрыемная працэдура — апраўдвацца», — кажа бабуля.

Урэшце перайшлі да галасаваньня — падставаў для пастаноўкі шматдзетнай сям’і Мельянцоў на ўлік па «сацыяльна небясьпечным становішчы» няма.

Малюнкі на вокнах дома сям'і Мельянцоў

Графік дзяжурстваў па кухні, фартэпіяна, віялянчэль, тэніс, маляваньне — чым захапляюцца дзеці

Сям’я жыве за 10 кілямэтраў ад кальцавой дарогі, у двухпавярховым катэджы. У прасторнай кухні адразу кідаецца ў вочы «дошка абвестак» — на ёй графік дзяжурстваў дзяцей па кухні, а таксама расклад гурткоў, спартовых сэкцый, іншых факультатыўных заняткаў.

Двухгадовы Давід дапамагае матулі

Па серадах і суботах дзеці прыбіраюць у доме. Маці Сьвятлане і бабулі па гаспадарцы дапамагаюць усе. Нават двухгадовы Давід з задавальненьнем круціць ручку мэханічнай мясарубкі, дапамагаючы бабулі з абедам на вялікую сям’ю. Каб усе хутка сабраліся разам, б’юць у звон.

Старэйшыя сыны ў вялікай залі расклалі тэнісны стол. Меншыя тым часам робяць акрабатычныя этуды на швэдзкай сьценцы.

У доме шмат музычных інструмэнтаў. Усе дзеці граюць на фартэпіяна — старэйшыя вучыліся граць самі.

9-гадовы сын грае на віялянчэлі — вучыцца ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў імя Аладава.

7-гадовая дачка, як і маці Сьвятлана, захапляецца маляваньнем. Яна ўжо авалодала даволі складанай тэхнікай спалучэньня акварэлі, гуашы, аплікацыі.

У 4-гадовай дачкі пакуль любімы спартовы снарад — швэдзкая сьценка.

Паказаў Сяргей і вокны, дзе звонку былі бел-чырвона-белыя жалюзі. Дарэчы, тыя вокны глядзелі на сосны — жылых дамоў насупраць няма. Цяпер звонку жалюзі белыя, чырвоная сярэдзіна заклеена малюнкамі дзяцей з хрысьціянскай сымболікай.

Да ведама:

  • Паводле закону ёсьць тры асноўныя крытэры, калі становішча дзяцей можа быць прызнана сацыяльна небясьпечным. Яны дакладна прапісаныя ў пастанове Савету Міністраў ад 15 верасьня 2019 году № 22 «Аб прызнаньні дзяцей тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы»:
  • Калі бацькі не задавальняюць асноўных жыцьцёвых патрэбаў дзіцяці (дзяцей ня кормяць, у сям’і дрэнныя жыльлёвыя ўмовы);
  • Калі бацькі не забясьпечваюць нагляду за паводзінамі дзяцей і тыя ўчыняюць правапарушэньні ці злачынствы;
  • Калі бацькі вядуць амаральны лад жыцьця ці жорстка абыходзяцца зь дзецьмі.