На пачатак 2021 году запазычанасьць арганізацый і ІП у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) склала 11,7 мільёна рублёў.
На 1 студзеня 2021 году не пасьпелі своечасова заплаціць унёскі 875 арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. У сьпіс даўжнікоў трапілі ІП і арганізацыі з запазычанасьцю ад 100 рублёў, піша Tut.by са спасылкай на інфармацыю з сайту Фонду.
На 1 студзеня даўжнікоў найбольш было
- у Менскай вобласьці — 240 арганізацый і ІП (зь іх у Менску — 168),
- Віцебскай — 153,
- Берасьцейскай — 140,
- Магілёўскай — 98,
- Гомельскай — 42,
- Горадзенскай — каля 34.
Сярод даўжнікоў значацца ў тым ліку будаўнічыя кампаніі, ільнозаводы, рыбаводчыя гаспадаркі, сельгаспрадпрыемствы. Часьцей за ўсё гэтая праблема тычыцца работнікаў арганізацый, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі (банкруцтва).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічба дня: колькі беларусаў добраахвотна сплачваюць унёскі ў ФСАНЧыноўнікам ня першы год не ўдаецца вырашыць праблему з унёскамі ў пэнсійныя фонды. Празь несвоечасовыя выплаты наймальнікаў у ФСАН у Беларусі на сёньня ўжо як мінімум 47 тысяч чалавек трапілі ў так званую «пэнсійную пастку» — яны страцілі частку працоўнага стажу з прычыны нявыплаты наймальнікам унёскаў у ФСАН, што ў выніку адаб’ецца на памеры пэнсіі або дапамогі.
«Нявыплата працадаўцамі ўнёскаў за асобныя пэрыяды работы прыводзіць да памяншэньня памераў пэнсій у сярэднім на 7 рублёў у месяц за кожны год „страчанага“ стажу, а ў асобных выпадках — да пазбаўленьня работнікаў права на працоўную пэнсію», — адзначалася ў абгрунтаваньні да законапраекту па ўнёсках у ФСАН.
У Мінпрацы прапаноўвалі вырашыць праблему ўвядзеньнем субсыдыярнай адказнасьці для кіраўнікоў (заснавальнiкаў) пры нявыплаце унёскаў у бюджэт фонду. Аднак ідэі раскрытыкавалі бізнэс-саюзы, у выніку ад гэтага магчымага новаўвядзеньня адмовіліся. Адна з прычынаў — гэтая мера можа «адмоўна паўплываць на інвэстыцыйны клімат і рэйтынг Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плянавалі, што Фонд сацыяльнай абароны будзе мець прафіцыт. За паўгода — мінус 338 мільёнаў рублёў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даход пасьля выхаду на пэнсію вырас удвая». Як працуюць пэнсійныя сыстэмы ў розных краінах і ў Беларусі