«На Валадарцы ў кожнай камэры па 5 палітычных», — валянтэр штабу Віктара Бабарыкі Лявон Халатран

Лявон Халатран

Лявон Халатран, якому прысудзілі 2 гады «хіміі» з накіраваньнем ва ўстанову закрытага тыпу, праз 10 хвілінаў пасьля абвяшчэньня прысуду выйшаў да людзей, якія яго сустракалі.

«Яшчэ ня веру, што я на волі. Здаецца, зараз туды вярнуся», — сказаў былы вязень «Валадаркі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2 гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову — прысуд Лявон Халатрану, валянтэру штабу Бабарыкі

Лявон пажартаваў, што ў турме прызвычаіўся да тэлесэрыялаў і забаўляльных шоў, цяпер ягонае любімае «Давай пажэнімся». Што да прысуду, Лявон Халатран будзе яго абскарджваць, а таксама зьбіраецца адрэагаваць на тое, што пры затрыманьні яго білі і абражалі.

«Пакуль сэнсу асабліва няма, але абавязкова трэба гэта зрабіць. Спадзяюся, потым будуць умовы і інструмэнты, каб гэта спыніць, бо бʼюць пры затрыманьні кожнага палітычнага», — сказаў былы вязень СІЗА-1.

Паводле Лявона, стаўленьне ахоўнікаў «Валадаркі» да вязьняў і ўмовы там прымальныя, але сьледзтва да палітычных ставіцца інакш.

«Палітычных там у кожнай камэры ўжо па 5 чалавек, ня ведаюць, куды падзець, тасуюць», — сказаў Халатран.

Зь яго словаў, усіх палітычных, зь якімі ён кантактаваў, па затрыманьні білі. Халатран прыгадаў вязьня, якога затрымалі нібыта за гвалт над супрацоўнікам БТ. «Яму рот разрывалі вяроўкай», — сьцьвярджае ён.

«Б’юць не супрацоўнікі «Валадаркі», а ГУБАЗіК», — сказаў Лявон Халатран і параўнаў супрацоўнікаў гэтай структуры з арганізаванай злачыннай групоўкай.

«А на „Валадарцы“ дастаткова нармальных міліцыянтаў, зь імі можна гаварыць, яны разумныя, але ў іх такі загад», — сказаў Халатран. Зь яго словаў, за 6 месяцаў знаходжаньня ў розных вязьніцах ён яшчэ больш пераканаўся, што сыстэма ўлады ў Беларусі пабудаваная на хлусьні і рэпрэсіях і гэтую сыстэму трэба выпраўляць.

Дзе Лявон Халатран будзе адбываць «хімію», палітвязьню невядома. Зь яго ўзялі падпіску пра нявыезд і належныя паводзіны. Паводле прысуду, адзін у СІЗА Халатрану залічаны за 2 дні на «хіміі».

«Усім дзякуй за падтрымку, сьпяшаюся дамоў, там чакае сын», — сказаў на разьвітаньне Лявон Халатран. У суд на апошняе паседжаньне ў ягонай справе прыйшлі каля 50 ягоных сваякоў і сяброў. Выхад на волю валянтэра штабу Бабарыкі людзі сустрэлі аплядысмэнтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставілі тварам да сьцяны і пачалі зьбіваць». Судзяць актывіста штабу Віктара Бабарыкі