Офіс Зяленскага расказаў, калі вырашыцца пытаньне далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу

Пытаньне сяброўства Ўкраіны ў Эўрапейскім зьвязе павінна вырашыцца да канца гэтага дзесяцігодзьдзя. Пра гэта гаварылася на нарадзе пад старшынствам прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб стратэгіі эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі.

Пра гэта паведаміла прэсавая служба Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

На думку ўдзельнікаў нарады, «Украіна становіцца краінай, дзе ўсім ўтульна і бясьпечна, а сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе перастала быць гіпатэтычным».

На нарадзе размова ішла аб выкананьні Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім зьвязам, яго абнаўленьня, а таксама аб інтэграцыі ў рынкі ЭЗ і Адзіны лічбавы рынак Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі падпісаў стратэгію нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны. Што ў ёй пра Беларусь

«Сярод мэтаў — эўраінтэграцыя і дасягненьне асноўных крытэрыяў адносна набыцьця паўнапраўнага сяброўства ў NATO, сынхранізацыя з эўрапейскім Зялёным курсам», — піша прэсавая служба Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

Украіна падпісала Пагадненьне аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам ў 2014 годзе пасьля падзей Рэвалюцыі годнасьці. Дакумэнт уступіў у сілу 1 верасня 2017 году.

12 чэрвеня 2020 Паўночнаатлянтычны саюз абвясьціў, што Ўкраіна стала ўдзельніцай праграмы NATO «Партнэрства пашыраных магчымасьцяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн хоча даць $4 мільярды на праграму вакцынацыі для бедных краін, — СМІ