У Камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША па замежных справах унесьлі рэзалюцыю ў справе падтрымкі народу Беларусі, асуджэньня фальсыфікацый на выбарах і жорсткіх рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў, паведамляе сайт Кангрэсу ЗША.
У дакумэнце выкарыстоўваецца фармулёўка «нелегітымны ўрад Беларусі» (the illegitimate Government of Belarus). Раней ЗША не прызналі легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі як прэзыдэнта.
Аўтары рэзалюцыі прапануюць увесьці новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі супольна з краінамі Захаду. Гаворка ідзе пра беларускія дзяржаўныя кампаніі, якія парушалі правы працоўных пасьля 9 жніўня 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША створаць камісію, каб расьсьледаваць штурм КапітоліюАўтары рэзалюцыі прапаноўваюць ЗША зьвярнуцца да ўсіх эўраатлянтычных партнэраў для поўнага перагляду эканамічных адносін з Рэспублікай Беларусь у частцы доступу Беларусі да фінансавых інструмэнтаў і любых паставак тавараў і паслуг.
«Палата прадстаўнікоў працягвае падтрымліваць імкненьне народу Беларусі да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону і зноў пацьвярджае, што ажыцьцяўленьне такіх імкненьняў — адзіны спосаб забясьпечыць пастаянную трываласьць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі».
Таксама прапанавана павялічыць падтрымку і юрыдычную дапамогу прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, журналістам, праваабаронцам і пачаць міжнароднае расьсьледаваньне падзей 9 жніўня і рэпрэсіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL даведаўся, як напаўняецца міліцэйская база пратэстоўцаў