У Смаргонях дваіх чалавек асудзілі за ўлёткі. Групу падтрымкі зачынілі ў судзе, асуджанаму стала блага

Міліцыя каля дзьвярэй смаргонскага суду

У судзе Смаргонскага раёну 18 лютага асудзілі дваіх смаргонцаў за распаўсюд улётак са зьвесткамі пра міліцыянтаў. Пасьля абвяшчэньня выраку каля 15 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць фігурантаў працэсу, зачынілі ў будынку суду.

Руслану Валюку далі два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову («хімія»), Інэсе Маркавай — 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня («хатняя хімія»). Іх прызналі вінаватымі ў паклёпе (артыкул 188 Крымінальнага кодэксу). Згодна з абвінавачаньнем, яны расклейвалі ўлёткі з асабістымі зьвесткамі міліцыянтаў на пад’ездах, дошках аб’яў, сьметніцах. Усяго ў справе праходзіць сем чалавек, іншых пакуль не асудзілі.

Асуджаныя маюць сплаціць сямі пацярпелым мліцыянтам па 600 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды — агулам 4200 рублёў.

Руслану Валюку ў судзе стала блага. Да яго выклікалі хуткую дапамогу.

Мэдыкі дапамагаюць Руслану Валюку ў будынку суду

Як ананімна расказалі людзі, якія прыйшлі ў суд падтрымаць фігурантаў справы, пасьля абвяшчэньня прысуду ўсіх прысутных — каля 20 чалавек — зачынілі ў будынку суду і не выпускалі. Прычыну такіх паводзінаў ім не патлумачылі.

Старшыня суду Смаргонскага раёну Алена Пятрова

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», пасьля прысуду ў калідоры суду хтосьці выгукнуў «Жыве Беларусь!» Старшыня суду Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму выпускаць прысутных на вуліцу і выклікала міліцыю.

Міліцыянты, якія прыехалі на выклік, затрымалі дзевяць чалавек і завезьлі ў РАУС.

Частка людзей пасьпела да гэтага выскачыць праз вакно.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах