Былы віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка замяніў Ігара Бабыра на пасадзе генэральнага дырэктара прадпрыемства 26 студзеня. Тады Аляксандар Лукашэнка сказаў, каб новы кіраўнік навёў парадак на заводзе.
«Там павінна быць самая жорсткая дысцыпліна. Ня толькі тэхналягічная, але і ў арганізацыйным пляне. Вазьміцеся за гэта. Шчыра скажу: літаваць і шкадаваць кагосьці за парушэньне дысцыпліны там не дазволена», — казаў Лукашэнка Ляшэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памяняў дырэктара «Гродна Азот», дзе страйкавалі за новыя выбары, і загадаў навесьці парадак
Работнікі абмяркоўваюць мажлівую зьмену графіку
Супрацоўнікі заводу актыўна абмяркоўваюць чуткі, што зьменныя работнікі могуць перайсьці з 12-гадзіннай зьмены на 8-гадзінную, а ў астатніх павялічаць абед з паўгадзіны да гадзіны.
Графік з 12-гадзіннай зьменай выглядае так: 2 зьмены ўдзень — 2 зьмены ўноч — адсыпны — выходны. Так завод працуе, па словах азотаўцаў, ужо каля 20 гадоў.
Раней дзейнічала 8-гадзінная зьмена: 4 ранішнія зьмены (8:00–16:00) — выходны — 4 вечаровыя зьмены (16:00–00:00) — выходны — 4 начныя зьмены (00:00–8:00) — адсыпны — выходны.
«Гэта ня толькі будзе нязручна людзям, але будзе вельмі шмат праблем у справаводзтве: усіх перавесьці, зьмяніць усім кантракты», — мяркуе старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» Андрэй Ханевіч.
Другі момант, на думку Ханевіча, — што давядзецца мяняць расклад грамадзкага транспарту, бо людзі праз даўжэйшы абед абед будуць сканчаць працу на паўгадзіны пазьней. На прадпрыемстве працуе каля 7 тысяч чалавек, аўтобуснае ўпраўленьне і тралейбуснае дэпо падстройваюцца пад графік «Азоту».
12-гадзінныя зьмены выгадныя тым, што ў людзей ёсьць фактычна 4 дні дома. У гэты час хто робіць на іншай працы, хто займаецца хатнімі справамі.
«Людзі абураныя. Калі такі графік, людзі ня маюць вольнага часу. Ня маеш часу — няма калі займацца іншай дзейнасьцю і няма пра што думаць. Гэта такі маленькі крок — ужо паўгадзінкі забраць у людзей, каб у цябе было менш часу», — камэнтуе лідэр страйкаму «Гродна Азоту» Юры Рававы, які зьехаў у Варшаву.
«Для людзей ствараюць такія рамкі, калі яны ня будуць працаваць. 8-гадзінныя зьмены — гэта вельмі цяжка», — тлумачыць Ханевіч магчымы пераход да старога графіку.
Ён узгадаў словы папярэдняга кіраўніка Ігара Бабыра, што мяркуецца вялікае скарачэньне работнікаў на заводзе. Аднак, як тлумачыць Ханевіч, прадпрыемству гэта нявыгадна, бо трэба рабіць абавязковыя выплаты. Чакаецца, што скароцяць частку нязьменнага пэрсаналу, якога тут большасьць — каля 6 тысяч чалавек.
Зьменнага пэрсаналу на заводзе каля 1250 чалавек. Гэта людзі, якія непасрэдна выпускаюць прадукцыю. Менавіта яны спрабавалі зладзіць страйк летась у кастрычніку і спыніць вытворчасьць. Зьменнага пэрсаналу, як сьцьвярджае страйкам «Азоту», не хапае, такіх спэцыялістаў трэба рыхтаваць паўгода.
«Распускаюць такія чуткі, каб частка людзей сама сышла», — дапускае Ханевіч такую прычыну размоваў пра графікі.
Зьбіраюць подпісы за павышэньне заробкаў
Як расказаў Андрэй Ханевіч, прафсаюз зьбірае подпісы, каб падняць стаўку 1 разраду на 50%. Цяпер у сярэднім заробак на «Азоце» — 1300–1500 рублёў.
«Не на некалькі месяцаў, як у нас любяць у апошнія гады: падняць на 2–3 месяцы, напрыклад, перад Новым годам, а потым зьнізіць. І гэта лічыцца, што падымалі заробак», — тлумачыць старшыня незалежнага прафсаюзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычын, чаму ў Беларусі растуць цэны амаль на ўсёЗь ягоных словаў, людзі самі сыходзяць з «Азоту», бо заробкі там хоць і вышэйшыя за сярэднія па горадзе, але ніжэйшыя, чым на іншых хімічных прадпрыемствах Беларусі.
«Адказнасьць калясальная. Ты адказваеш за сябе, за працэс, за ўсіх іншых. Напружаная праца, шкоднасьць... Заробак вельмі нізкі. У параўнаньні зь іншымі нафтаперапрацоўчымі, хімічнымі заводамі ў нас заробак на тысячу меншы. На „Нафтане“ заробак будзе каля 2 тысяч», — расказвае Ханевіч.
Па ягоных назіраньнях, цяпер азотаўцы «ўзбударажаныя».
«Гэтыя чуткі ні да чога добрага не вядуць. Людзі спрабуюць шукаць іншыя варыянты [працы]. Нехта кажа, што павысяць заробак, нехта кажа, што не павысяць. Генэральны дырэктар паціху езьдзіць па цэхах, знаёміцца з пэрсаналам», — расказвае ён.
Начальнікі просяць падпісаць «ліст супраць санкцый»
Некаторыя начальнікі цэхаў і падразьдзяленьняў запрашаюць работнікаў да сябе і просяць падпісаць праўладны ліст супраць санкцый у дачыненьні да «Гродна Азоту», расказваюць на заводзе.
«Людзі кажуць, што прамога ціску няма. Але гэта работа не начальніка [зьбіраць подпісы]. Да мяне з начальнікаў ніхто не падыходзіў. Я працую ў цэху „Карбамід-3“. У нашым цэху ляжала папера, хто хацеў — падпісваў», — камэнтуе Ханевіч.
Пра выпадкі звальненьняў або пагрозы звальненьнем за тое, што работнік не падпісаў «ліст супраць санкцый», ён ня ведае. Дадае, што кіраўніцтва незадаволенае, што частка азотаўцаў уваходзіць у незалежны прафсаюз.
«Кажуць, каб выходзілі зь незалежнага прафсаюзу, інакш будуць праблемы. Якія праблемы, ніхто ня кажа... Я думаю, гэта проста словы. Пакуль гэта ўсё на мяжы чутак. Чалавек, калі прыходзіць у прафсаюз, шукае сваёй карысьці. Прыходзіць — значыць, яму карысна. Перастала быць карысна — выходзіць», — разважае Ханевіч.
Цяпер у незалежны прафсаюз уваходзіць больш за 500 работнікаў. Яшчэ ўлетку там было каля 20 чалавек.
Юры Рававы сьцьвярджае, што людзей «мякка прымушалі» падпісваць праўладны ліст.
«Мякка заходзілі. Маўляў, калі праца на заводзе табе падабаецца, невядома, як будзе дзейнічаць новы кіраўнік — трэба падпісаць», — расказвае Юры Рававы.
На думку лідэра страйкаму, гэты ліст — інструмэнт, каб выявіць работнікаў, неляяльных да кіраўніцтва, якія ня будуць падпісвацца да апошняга.
Чуткі пра сыход дырэктара «Хімвалакна»
Прадпрыемства «Хімвалакно» ўваходзіць у склад «Гродна Азоту». Ім шмат гадоў кіруе Віталь Рудзінскас. Сёлета зьявіліся чуткі, што яго хочуць звольніць. Аднак работнікі «Хімвалакна» расказалі, што Рудзінскас сам плянаваў сысьці яшчэ ўвесну, аднак тады яму працягнулі кантракт.
Цяпер ён нібыта зноў падняў пытаньне пра свой сыход, але невядома, як сытуацыя вырашыцца сёлета. Супрацоўнікі кажуць пра Рудзінскаса як пра вельмі добрага, спагадлівага кіраўніка.
Памянялі судзьдзю на судзе па пазове звольненых азотаўцаў
Працягваецца суд па пазове 13 звольненых азотаўцаў, якія спрабуюць аднавіцца на працы. Дасьледчыя паседжаньні пачаліся яшчэ на пачатку студзеня. Аднак пасярод працэсу памянялі судзьдзю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З найбуйнейшага прадпрыемства Магілёва звольнілі інжынэраў, якіх заўважылі на акцыях пратэсту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля такога трэба зьвяртацца да псыхоляга». У Горадні азотаўцы спрабуюць аднавіцца на працы праз суд
Працэс пачынаў весьці Сяргей Слашчоў, якога раней не заўважалі ў «палітычных» працэсах. Ён прапанаваў бакам міравое пагадненьне. Звольненыя работнікі пагадзіліся пры ўмове, што іх адновяць на працы. Адно з паседжаньняў адмянілі, удзельнікам гэта патлумачылі хваробай судзьдзі. На наступнае паседжаньне 15 лютага без тлумачэньняў прыйшоў новы судзьдзя Дзьмітры Шанін і пачаў разглядаць справу ад пачатку.
Што адбывалася на «Гродна Азоце» пасьля выбараў
Супрацоўнікі «Гродна Азоту» бралі актыўны ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер дырэктара, Ігара Бабыра, звольнілі.
У першыя дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў азотаўцы выказалі жаданьне страйкаваць. Яны хацелі паступова спыніць працу прадпрыемства, бо тэхналягічны працэс тут складаны, і яго нельга спыніць умомант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы супрацоўнікаў «Гродна Азот» сустрэліся з кіраўніцтвам гораду. ФОТА, ВІДЭАНа сустрэчу з работнікамі «Азоту» прыяжджалі старшыня горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой, кіраўніцтва горадзенскай міліцыі, каб супакоіць пратэсты.
13 жніўня з «Азоту» ў цэнтар гораду прайшла калёна прыкладна з 1000 чалавек. Яны далучыліся да іншых пратэстоўцаў і маршам прайшлі па горадзе. Супрацоўнікі і надалей бралі актыўны ўдзел у гарадзкіх акцыях пратэсту. Напрыканцы жніўня калёну з прыкладна 30 азотаўцаў затрымалі па дарозе ў цэнтар гораду.
Некалькі разоў над заводам нехта падымаў бел-чырвоны-белы сьцяг. На прадпрыемстве нечакана былі збоі ў працы абсталяваньня. Двое супрацоўнікаў «Гродна Азоту» паднялі бел-чырвона-белы сьцяг на горадзенскую тэлевежу, на вышыню 170 мэтраў.
Ранкам 26 кастрычніка пасьля абвяшчэньня народнага ўльтыматуму на прахадной прадпрыемства сабраліся каля 150 чалавек. Прыехалі аўтобусы з АМАПам і жорстка затрымалі дзясяткі чалавек, некаторых білі. Некалькі дзён частка супрацоўнікаў адмаўлялася пераймаць сваю зьмену, каб вымусіць кіраўніцтва спыніць вытворчасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два месяцы пратэстаў у Горадні сьцісла. ФОТАГэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.