На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў

Камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка даў загад выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў у Берасьці

Вайскоўцы з мар’інагорскага спэцназу знаходзіліся ў Берасьці з чэрвеня 2020 году. На пратэстах у жніўні яны дзейнічалі групамі па 5-6 чалавек.
  • 17 лютага ў Берасьці аднавіўся судовы працэс у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў ад агнястрэльнага раненьня, атрыманага 11 жніўня на вуліцы Маскоўскай абласнога цэнтру.
  • Кардзюкоў і загінулы Шутаў на працэсе зьяўляюцца абвінавачанымі.
  • Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы сілаў спэцыяльнага рэагаваньня (вайсковая частка № 89417 сіл спэцыяльных апэрацый) Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын.
  • Паводле матэрыялаў справы, менавіта Гаўрылаў застрэліў Генадзя Шутава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацеў стрэліць у перадплечча». На судзе ў Берасьці стала вядома, хто забіў Генадзя Шутава

На самым пачатку другога дня суду, дзе павінны былі апытваць сьведкаў, пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын падалі хадайніцтва аб закрыцьці справы, аднак іх адхілілі. Абодва вайскоўцы заяўляюць, што пасьля першага дня суду атрымалі дзясяткі ананімных пагрозаў. Судзьзя Сьвятлана Крэмянеўская адмовіла, суд працягнуўся ў адкрытым рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паступаюць пагрозы на мабільны нумар». Вайскоўцы са «справы Шутава» патрабуюць закрыць працэс

Шутаў і Кардзюкоў былі асабіста знаёмыя з камандзірам Гаўрылава і Галіцына

Першым на другі дзень суду дапыталі камандзіра зьвяна берасьцейскага АМАПу Антона Пракурата. Ён у залю суду асабіста не зьявіўся, допыт праводзіўся па аўдыёсувязі.

Пракурат расказаў, што ўдзень 11 жніўня 2020 году атрымаў у сваё распараджэньне вайскоўцаў Гаўрылава і Галіцына. Іх накіравалі ў горад, дзе яны спачатку назіралі за падзеямі ў раёне вуліцы Савецкай, а потым накіраваліся на вуліцу Маскоўскую. Па Берасьці пераапранутыя вайскоўцы і амапаўцы перамяшчаліся на тралейбусах.

Па словах Пракурата, усе байцы АМАПу і вайскоўцы ў той дзень былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй, назіраньне за падзеямі вялі ў цывільнай вопратцы. Пры гэтым Гаўрылаў і Галіцын атрымалі загад зьмяшацца з натоўпам, яны ішлі ў натоўпе і пляскалі ў ладкі.

Позна ўвечары 11 жніўня Пракурат атрымаў ад Гаўрылава і Галіцына званок на мабільны тэлефон, яны расказалі яму аб прымяненьні агнястрэльнай зброі. Пасьля гэтага камандзір АМАП сам прыехаў на месца. Там ён пабачыў параненага і «хуткую».

Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын на судзе 16 лютага. Фота: Белсат

На судзе таксама высьветлілася, што камандзір АМАПу асабіста ведаў абвінавачаных Кардзюкова і Шутава.

«Мы далёкія знаёмыя з Шутавым і Кардзюковым, — паведаміў на допыце ў судзе Пракурат (гэтыя словы выклікалі рэакцыю ў залі сярод блізкіх абвінавачаных: яны сьцьвярджаюць, што камандзір АМАПу і Генадзь Шутаў былі вельмі блізка знаёмыя і неаднаразова адпачывалі разам). — Апошні раз я бачыў Генадзя Шутава ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, калі ў Берасьце прыяжджала Сьвятлана Ціханоўская. Ён быў загорнуты ў бела-чырвоны-белы сьцяг. Падышоў да мяне пагаварыць».

Хто аддаў загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў

Загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка. Пра гэта стала вядома з паказаньняў сьведкі Лабковіча, маёра часткі № 89417 і непасрэднага кіраўніка Галіцына і Гаўрылава. Лабковіч на суд таксама не зьявіўся, бо захварэў. Яго паказаньні зачытвалі паводле матэрыялаў справы.

З паказаньняў вынікае, што ў Берасьці 11 жніўня ў падпарадкаваньні камандзіраў АМАПу было каля 20 вайсковых спэцназаўцаў. Яны былі падзеленыя на групы па 5-6 чалавек і дзейнічалі ў горадзе ў цывільным. Усе былі з агнястрэльнай зброяй, перамовы паміж імі і камандзірамі ажыцьцяўляліся праз мабільныя тэлефоны, сродкі спэцсувязі выкарыстоўваць было забаронена.

Лабковіч асабіста забіраў пісталеты Макарава ў Гаўрылава і Галіцына пасьля інцыдэнту з Кардзюковым і Шутавым.

Паводле яго паказаньняў, у абоймах адсутнічала па два патроны. Паводле паказаньняў Лабковіча, вайсковыя спэцназаўцы знаходзіліся ў Берасьці з чэрвеня 2020 году. Яны ўдзельнічалі ў вайсковых гульнях.

Генэрал-маёра Дзенісенку таксама мусілі дапытаць на судзе ў якасьці сьведкі, аднак у суд ён не прыехаў з прычыны хваробы. Судзьдзя паведаміла, што на бальнічным ён знаходзіцца з 6 па 20 лютага.

У судзе зачыталі яго паказаньні, дадзеныя сьледзтву 19 жніўня 2020.

«Магу патлумачыць, што непасрэдна падпарадкоўваюся па родзе службы міністру абароны Рэспублікі Беларусь, загады якога для мяне зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня, — расказваў генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка. — Сапраўды пацьвярджаю, што менавіта мной у той дзень (11 жніўня 2020. — РС) была пастаўлена задача намесьніку камандзіра атрада Лабковічу, каб ён разам з іншымі вайскоўцамі дадзенай часткі паступіў у распараджэньне камандзіра АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама для нясеньня службы па ахове грамадзкага парадку, — гаворыцца ў паказаньнях Дзенісенка. Такое рашэньне было прынята ў сувязі з «абвастрэньнем сытуацыі... Рашэньне аб узбраеньні абумоўлена тым, што немагчыма было пралічыць варыянты разьвіцьця падзей на той момант часу».

Аляксандар Кардзюкоў ў судзе 16 лютага

«Ня бачыў, каб абвінавачаны біў мэталічнай трубой пацярпелага»

У другі дзень працэсу таксама дапыталі сьведку Ўладзімера Лесіка. Гэта індывідуальны прадпрымальнік, які ўвечары 11 жніўня быў побач зь месцам забойства Генадзя Шутава. Ён расказаў, што бачыў канфлікт паміж вайскоўцамі і Кардзюковым і Шутавым ускосна. Спачатку нават падумаў, што гэта кампанія знаёмых.

«Я быў каля гэтага дома, праходзіў ля парапэта, — расказаў Лесік. — Было ці то 22 гадзіны, ці то 23. Я прайшоў ля двух чалавек, якія сядзелі на лаве, пайшоў далей, там спыніўся. Заўважыў, як да тых дваіх падышлі яшчэ двое. Затым адзін зь іх упаў. Я адвярнуўся і пабачыў, што той, хто ўпаў, падымаецца, і ў ягонай руцэ прадмет з мэталічным бляскам. Я ня бачыў, каб ён наносіў ім нейкія ўдары. Затым пачуліся стрэлы, адзін зь людзей ля лавачкі пачаў уцякаць. Той, хто гнаўся за ім, страляў усьлед».

Па словах сьведкі, ён ня можа прыгадаць, каб чуў крыкі «Стой, страляць буду!». Чуў толькі лаянку з боку ўзброеных людзей. Яго словы пацьвердзілі прадэманстраваныя ў судзе відэазапісы, зробленыя іншым відавочцам. На іх чуваць крыкі «Ляжаць! Мордай у дол, урод!» Пацярпелы спэцназавец Галіцын прызнаў, што гэта крычыць ён.

На працэсе пачалося вывучэньне матэрыялаў справы. Пракурор і пацярпелыя вайскоўцы падалі хадайніцтва аб вывучэньні іх у закрытым рэжыме. Судзьдзя хадайніцтва задаволіла часткова. Закрытым будзе толькі тая частка працэсу, дзе будуць вывучаць «сакрэтны» том матэрыялаў справы. Што ў ім знаходзіцца, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор». Што кажа дачка пра сьмерць берасьцейца ад раненьня ў галаву

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.