Міліцыя ў дамах затрыманых музыкаў РСП шукала пратэставую сымболіку

Гурт «Разьбітае сэрца пацана», архіўнае фота

У дамы затрыманых 13 лютага музыкаў гурту «Разьбітае сэрца пацана» прыходзіла з аглядамі міліцыя. Пра гэта расказала мэнэджарка гурту Настасься Доль, піша Tut.by. Сілавікі шукалі сымболіку пратэстаў.

«Да чатырох удзельнікаў РСП прыходзілі дадому супрацоўнікі ўнутраных спраў, праводзілі агляд на прадмет забароненай сымболікі», — апавяла Настасься.

Яна ўдакладніла, што нічога забароненага не знайшлі.

Ёсьць інфармацыя, што з такімі ж аглядамі прыходзілі да іншых затрыманых падчас канцэрту на турбазе пад Смалявічамі 13 лютага.

13 лютага на базе адпачынку «Агеньчык» у Смалявіцкім раёне супрацоўнікі АМАПу затрымалі ўдзельнікаў і гледачоў канцэрту беларускіх гуртоў «РСП» ( «Разьбітае сэрца пацана»), Panska Moc і Ok-Band. Па дадзеных прэс-службы МУС, усяго на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве «пад выглядам музычнай вечарыны» затрымалі 68 чалавек. Дзесяць зь іх — дзяцей і тых, у каго на ўтрыманьні знаходзяцца непаўналетнія, адпусьцілі. Астатніх павезьлі ў ІЧУ Жодзіна.

15 і 16 лютага музыкаў гурту РСП пакаралі 15 днямі арышту. Сярод іншых прысудаў таксама арышты і штрафы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштавалі яшчэ чатырох удзельнікаў разагнанага канцэрту пад Смалявічамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачатку ўсе думалі, што гэта шоў ад гурту». Як гледачоў і музыкаў арыштавалі на базе адпачынку «Агеньчык» і асудзілі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расказваем пра гурт «Разьбітае сэрца пацана», які арыштавалі падчас канцэрту ў Смалявіцкім раёне