Паводле прэсавага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэра Стана, сёньняшнія падзеі сьведчаць пра ўзмацненьне кампаніі запалохваньня і нападаў на актывістаў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў і журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 40 ператрусаў у кіраўнікоў БАЖ, журналістаў і праваабаронцаў. СЬПІС«Народ Беларусі зазнае перасьлед за ажыцьцяўленьне сваіх асноўных правоў шляхам мірнага пратэсту супраць сфальсыфікаваных выбараў у жніўні 2020 году і жорсткасьці праваахоўных органаў. Гэта непрымальна. Адбыліся сотні палітычна матываваных судовых працэсаў. Беларусы пазбаўленыя самых асноўных правоў, уключаючы права на справядлівы судовы разбор і права на гуманнае абыходжаньне ў зьняволеньні», — гаворыцца ў заяве Стана.
Ён нагадаў, што ЭЗ пастаянна займаецца сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і ўвёў санкцыі супраць 84 асобаў і 7 арганізацый, адказных за падаўленьне і запалохваньне мірных дэманстрантаў.
«Любыя далейшыя санкцыі будуць прынятыя Радай аднагалосна. ЭЗ цьвёрда перакананы ў тым, што толькі дэмакратыя, вяршэнства закону і правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў з улікам дэмакратычнай волі народу Беларусі — адзіны шлях наперад, які гарантуе доўгатэрміновую стабільнасьць і сувэрэнітэт Беларусі», — заявіў прэсавы сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Папова асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за замахі рукамі і нагамі без пацярпелага