У ЗША створаць камісію, каб расьсьледаваць штурм Капітолію

Нэнсі Пэлосі на прэсавай канфэрэнцыі 13 лютага 2021

Нэнсі Пэлосі на прэсавай канфэрэнцыі 13 лютага 2021

Кангрэс ЗША створыць незалежную камісію, каб расьсьледаваць штурм Капітолія 6 студзеня.

Пра гэта ў лісьце калегам-дэмакратам абвясьціла сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі. Яна адзначыла, што экспэртная група будзе створана на ўзор аналягічнай камісіі, заснаванай пасьля тэрарыстычных нападаў у ЗША 11 верасьня 2001 году.

Як сказала Пэлосі, камісія мусіць расьсьледаваць, а затым паведаміць пра факты і магчымыя прычыны, зьвязаныя з «унутраным тэрарыстычным актам» і «ўмяшаньнем у працэс мірнай перадачы ўлады ў краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФБР адсочвае больш за 400 падазраваных па справе аб штурме Капітолію

Раней сьпікер Палаты даручыла адстаўному генэралу Расэлу Анарэ ацаніць, якія захады неабходна зрабіць у далейшым з улікам атакі на Кангрэс. На аснове гэтага аналізу заканадаўцы павінны вызначыць, ці выдзяляць дадатковыя сродкі на ўзмацненьне бясьпекі парлямэнту і яго чальцоў.

Ідэя стварыць такую незалежную камісію знаходзіць усё больш прыхільнікаў як сярод дэмакратаў, так і рэспубліканцаў пасьля таго, як Сэнат 13 лютага апраўдаў экс-прэзыдэнта Дональда Трампа на судзе аб імпічмэнце. Шэраг яго аднапартыйцаў-рэспубліканцаў заяўляюць, што падтрымаюць расьсьледаваньне падзей пачатку студзеня, калі радыкальныя прыхільнікі Трампа штурмавалі Капітолій у спробе сарваць зацьвярджэньне перамогі дэмакрата Джо Байдэна на выбарах прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Трамп пракамэнтавалі галасаваньне пра імпічмэнт

На мінулым тыдні Сэнат прагаласаваў аб абвінавачаньні ў падбухторваньні да паўстаньня, выстаўленае ў дачыненьні да Трампа, 57 галасамі «за» і 43 «супраць». Імпічмэнт падтрымалі сямёра рэспубліканцаў. Але гэтага не хапіла, каб сабраць дзьве траціны галасоў для зацьвярджэньня абвінавачаньня, якое выставіла Палата прадстаўнікоў.

Абарона Дональда Трампа на слуханьнях у Сэнаце называла судовы працэс «неканстытуцыйным» і «брыдкай» спробай палітычнай помсты былому прэзыдэнту з боку Дэмакратычнай партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Джорджыі пачалі расьсьледаваньне ў дачыненьні да Трампа