Гомельскі Сьледчы камітэт адмовіў у завядзеньні крымінальнай справы за сьмерць Аляксандра Віхора, які памёр праз тры дні пасьля затрыманьня, перадае БелТА.
Паводле Сьледчага камітэту, прычынай сьмерці 25-гадовага гамельчука Аляксандра Віхора сталі хваробы сардэчна-судзіннай сыстэмы, якія раптоўна абвастрыліся. Пра гэта заявіў начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Гомельскай вобласьці Сяргей Удовікаў.
Паводле Ўдовікава, ні ў чыіх дзеяньнях не знайшлі складу злачынства.
Аляксандра Віхора затрымалі 9 жніўня на плошчы Леніна ў Гомлі.
«Пры гэтым ён спрабаваў вырывацца, таму супрацоўнікі міліцыі на законных падставах прымянілі фізычную сілу. Потым яго даставілі ў РУУС Чыгуначнага раёну, пасьля — у ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе скаргаў на здароўе не прадʼяўляў», — сказаў начальнік управы Сьледчага камітэту Гомельскай вобласьці.
«Брата забілі — і ніхто не панёс за гэта пакараньне! — сказала сястра Аляксандра Віхора Вольга. — Мы прасілі сьледчага азнаёміцца з вынікамі праверкі. Ён сказаў пачакаць да панядзелка. Афіцыйны ліст пра адмову ў крымінальнай справе нам яшчэ не прыйшоў. Чакаем днямі. Хочацца ўбачыць, што там напісалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што паказала экспэртыза па Аляксандру Віхору, які загінуў у Гомлі ў першыя дні пратэстаўШто здарылася
Вечарам 9 жніўня Аляксандар Віхор ішоў на спатканьне зь дзяўчынай у Гомлі. На плошчы Леніна яго затрымаў АМАП. Тры дні бацькі і сястра шукалі Аляксандра — у міліцыі, судзе, СІЗА, ІЧУ. Ніхто не даваў аніякай інфармацыі. 12 жніўня маці даведалася, што яе сын памёр.
Што казалі сьведкі
Бацькі самастойна шукалі адказы на пытаньне, што здарылася з сынам у тыя тры дні. Яны знайшлі сьведак, якія потым далі паказаньні і пры праверцы ў Сьледчым камітэце.
Маладога чалавека ў міліцыі білі. Пра гэта расказвалі сьведкі і журналістам, і ў Сьледчым камітэце.
«Нам сьведкі расказвалі — тыя, хто быў з Сашам у РАУС, аўтазаку, судзе — што, пачынаючы зь першага дня затрыманьня, сын прасіў дапамогі. Яму было блага. Замест мэдычнай дапамогі ён атрымліваў новыя ўдары дручком, зь яго зьдзекаваліся, пры новых просьбах аб дапамозе Сашу пырснулі ў твар пярцовым газам, на яго надзявалі кайданкі», — расказала маці.
Пра гэта казаў журналістам на пахаваньні і жыхар Гомля Сяргей Шоман, які разам з Сашам быў у аўтазаку.
Калі памёр Аляксандар Віхор
У ноч з 11 на 12 жніўня яго завезьлі да мэдыкаў, але чамусьці ў псыхіятрычны шпіталь. Там лекары адразу вызначылі, што гэта ня іхны пацыент, і адмовіліся шпіталізаваць. Выклікалі «хуткую», супрацоўнікі якой занатавалі, што «пацыент ляжаў на падлозе, скаргаў не выказваў, быў у коме». Сашу перавялі ў рэанімацыю сухотнага шпіталя (месьціцца паблізу), дзе ён і памёр — у 3:35.
А 12-й гадзіне 12 жніўня пачалося ўскрыцьцё. Але бацькам пра сьмерць сына не сказалі, хоць яго асоба была вызначаная. Пазьней маці нарэшце даведалася ад кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС, што яе сын памёр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне адмовіліся паказваць цела сына». У Гомлі пасьля затрыманьня памёр 25-гадовы хлопецШто пастанавіла экспэртыза
У псыхіятрычным, а пасьля ў рэанімацыі сухотнага шпіталя Аляксандру Віхору ставілі дыягназы «закрытая чэрапна-мазгавая траўма пад пытаньнем» і «кома трэцяй ступені». Пасьля судова-мэдычнай экспэртызы ў Камітэце судовых экспэртыз улады заявілі, што прычынай сьмерці была «вострая недастатковасьць кровазабесьпячэньня, якой спадарожнічала сардэчнае захворваньне».
«У Сашы былі праблемы з сэрцам. Але якраз летам ён праходзіў паглыбленае дасьледаваньне ў кардыялягічным дыспансэры. І ніводзін лекар не сказаў, што ён мае сур’ёзныя праблемы, якія могуць прывесьці да сьмерці! — кажа маці Аляксандра Сьвятлана Віхор. — Яго не папярэджвалі пра небясьпеку. Не прапаноўвалі апэрацыю ці лекі, яму проста параілі дыету. Ён мог жыць да ста гадоў! Цяпер нас спрабуюць пераканаць, што Саша павінен быў памерці. А мы павінны быць ім удзячныя, што ён памёр у іх, пасьля зьдзекаў і таго, што яго білі!».
Як малады здаровы чалавек мог дайсьці да комы
«Пасьля гібелі Сашы сьледчы сказаў нам, што ў сына была перадазіроўка наркотыкамі. Мы абурыліся: Саша не курыў нават! Ён ня піў алькаголю, не ўжываў наркотыкаў! Пазьней у нашым Сьледчым камітэце выбачаліся перад намі за гэтыя словы сьледчага пра наркотыкі», — заўважыла Сьвятлана Віхор.
У афіцыйнай экспэртызе напісана, што ні алькаголю, ні наркотыкаў у крыві Сашы не было. Экспэрты апісалі і зафіксавалі пашкоджаньні на целе — траўмы, гематомы, пераломы рэбраў і грудзіны. Але тамсама напісалі, што траўмы і пераломы ня маюць дачыненьня да прычын сьмерці.
«...Пасыпаліся глухія ўдары берцамі»
Калі азнаёмілася з вынікамі экспэртызы, Сьвятлана Віхор плакала ад «бездапаможнасьці і абсурду».
«Як малады, здаровы чалавек за два дні дайшоў да комы?! Што прывяло яго да сьмерці? Я лічу, што страшны стрэс, зьдзекі, пабоі... Сьведкі расказвалі, што ў дзень самага жорсткага для Гомля разгону пратэстаў — 11 жніўня, калі ўсіх затрыманых страшна зьбівалі, нават міліцыянт у Чыгуначным РАУС зьвярнуў увагу, што Сашу блага, і сказаў пра гэта супрацоўніку АМАП. Той адказаў: „Зараз мы яму псыхіятра выклічам“. І сьледам за гэтымі словамі пасыпаліся глухія ўдары берцамі. Потым, калі выклікалі затрыманых па прозьвішчы, Саша нават не адгукнуўся. За яго казалі іншыя затрыманыя — маўляў, гэта той хлопец, якому блага было. Сьведка лічыць, што ён мог быць ужо без прытомнасьці», — кажа маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць жанчыну, якая ўкусіла байца АМАПу падчас разгону акцыі. Ёй пагражае да 6 год турмы«Мы ня мэдыкі. Але спэцыялісты нам патлумачылі, што кома з такім папярэднім дыягназам, зь якім Саша паступіў у рэанімацыю, не наступае ад сардэчнай недастатковасьці, але часта здараецца ад закрытай чэрапна-мазгавой траўмы... Нам сказалі сьледчыя, што калі дадатковая экспэртыза пацьвердзіць прычыну сьмерці — „ад сэрца“, то крымінальнай справы ня будзе. Ніхто ня будзе вінаваты. Нікога не пакараюць за гібель Сашы. Цяпер праваахоўныя органы адчуваюць сябе ўпэўнена — лічаць, што ўсё ў іх шыта-крыта, умылі рукі. Сына проста давялі да сьмерці, яго забілі», — казала маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацеў стрэліць у перадплечча». На судзе ў Берасьці стала вядома, хто забіў Генадзя Шутава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першую адмову ў завядзеньні крымінальнай справы па катаваньнях адмянілі, накіравалі на дапрацоўкуАхвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.