У панядзелак над многімі затрыманымі, а іх 61 чалавек, адбываліся суды: адным далі штрафы, іншым — адміністрацыйныя арышты, некаторых будуць судзіць у аўторак. Музыку РСП Паўла Гарадніцкага і сьпявачку Валерыю Суравіцкую асудзілі на 15 сутак.
Мэнэджарку гурту РСП Настасьсю Доль аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (870 рублёў). Пасьля вызваленьня яна расказала Свабодзе, што адбылося падчас канцэрту на базе адпачынку «Агеньчык».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расказваем пра гурт «Разьбітае сэрца пацана», які арыштавалі падчас канцэрту ў Смалявіцкім раёнеСмалявіцкія прыхільнікі гурту РСП запрасілі сьпевакоў выступіць на канцэрце, прысьвечаным Дню сьвятога Валянціна, і для гэтага арандавалі базу «Агеньчык».
Пасьля таго як на сцэну выйшаў гурт РСП і прасьпяваў песьню «Бег», у залю ўварваліся 30 амапаўцаў і міліцыянтаў у балаклавах і гучна загадалі стаць тварам да сьцяны.
«Для ўсіх гэта было настолькі нечакана, і спачатку ўсе думалі, што гэта шоў ад гурту, таму ніхто не варушыўся. Але потым пачалі жорстка ставіць да сьцяны і ўсе стаялі такім колам, бо памяшканьне круглае, – кажа Настасься. – У некаторых амапаўцаў была зброя, а на форме пазнака «512» і «513» менскага рэгіёну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 15 дзён арышту. Судзяць музыкаў і гледачоў разагнанага канцэрту гурту «Разьбітае сэрца пацана»У прысутных запатрабавалі здаць тэлефоны і іншыя рэчы, у музыкаў забралі ўсё абсталяваньне і музычныя інструмэнты. Усё гэта цягнулася каля дзьвюх гадзінаў. Потым усіх 67 чалавек каля адзінаццатай вечара адвезьлі ў Смалявіцкі РАУС, дзе трымалі да 17 гадзіны нядзелі. Усіх разьмясьцілі ў залі, а потым пачалі вывозіць невялічкімі групкамі ў жодзінскую турму.
«Нам нічога не тлумачылі. Сярод нас былі маці зь дзеткамі, былі сем’і, муж і жонка. Літаральна пару чалавек, якія былі зь дзеткамі, адпусьцілі, і бліжэй да ранку яшчэ дзьвюх маці, — кажа Настасься. — Мы пыталіся, што адбываецца і зь якіх прычын нас затрымалі? Нам ніхто нічога не казаў. Маўляў, хутка кожнаму скажуць індывідуальна. Нікога не кармілі, дазвалялі толькі схадзіць у прыбіральню і ўзяць вады».
Да Смалявіцкага РАУС кіроўцам, якія мелі ўласныя аўтамабілі, загадалі сесьці за стырно, а побач на сядзеньні ехаў амапавец.
«Вакол быў лес, і на выезьдзе зь лесу адбылося ДТЗ, і яшчэ гадзіну чакалі пакуль прыедзе ДАІ, — кажа Настасься. — Калі прыехалі да РАУС, то там сказалі паставіць аўтамабілі на паркоўку, машын было шмат, і некаторыя адразу адвезьлі на штрафстаянку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ Жодзіне музыкаў і гледачоў разьмеркавалі па камэрах. Настасьсю і яшчэ чатырох жанчын, у якіх ёсьць дзеці, пасадзілі ў адну камэру.
«У камэры было жудасна холадна, адна батарэя ледзьве грэла, і мы прачыналіся ноччу ад холаду. Матрацаў не было, бо іх не даюць да суду. Мы былі ў вечаровых сукенках, тонкіх калготках, бо ўсе прыйшлі на канцэрт, на абцасах — кажа Настасься. — Мы стаялі ў куртках, пальчатках каля гэтай батарэі і спрабавалі неяк сагрэцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Менску, арыштаваны падчас Усебеларускага сходу, абвясьціў галадоўку пратэстуЗатрыманых пачалі хутка судзіць праз скайп у панядзелак, Настасьсю таксама абвінавацілі па частцы 1 артыкула 23.34 («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»), яе судзіў суд Лагойскага раёну. Амаль да кожнай справы дадавалі фатаздымак зь бел-чырвона-белым сьцягам, які гледачы зрабілі паміж выступамі LEAR і РСП. У пратаколе было напісана, маўляў, «сабраліся, каб выказаць нязгоду з уладамі, выкрыквалі лёзунгі і знаходзіліся зь незарэгістраванай сымболікай». На фатаздымках, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС, былі бачныя сталы са сьпіртным.
«Гэта так, людзі прыйшлі на канцэрт у арандаванае памяшканьне, і, відаць, нехта ўжываў. Палове прысутных зрабілі тэст на алькаголь, але 99% былі цьвярозыя. Там жа многія былі за рулём, і гэта быў толькі пачатак, людзі яшчэ пад’яжджалі, — кажа Настасься. – Уявіце сабе карпаратыў, калі зьбіраюцца сябры і арандуюць памяшканьне. І ў такім разе можна рабіць усё, апроч гвалту. У нас усё было спакойна».
Ня ўсе яшчэ знайшлі сваякоў
Сямейны псыхоляг Сьвятлана Дзядова расказала Свабодзе, што сярод затрыманых яе сваякі — Іван, Тацяна і Радаслаў Грыгаровічы. Сьвятлана цягам дня чакала іх каля турмы ў Жодзіне, потым каля суду ў Лагойску, спадзявалася трапіць на суд з адвакатам.
«Мы былі ў Лагойску, чакалі да апошняга, сьпісаў там не было, — кажа Сьвятлана. — Потым нам сказалі, што вынікі судоў будуць толькі заўтра раніцай. Тацяну павінен судзіць суд у Барысаве, Івана будуць судзіць у Крупках. Пакуль ня высьветлілі, што з пляменьнікам Радаславам. Мы абтэлефанавалі ўсе суды, якія нам прапаноўвалі».