13 супрацоўнікаў РНПЦ кардыялёгіі зрабілі супольны здымак з плякатам «Вам Не Сорамна?», які зьявіўся ў сеціве падборках фота акцый супраць Усебеларускага народнага сходу.
Твараў супрацоўнікаў на здымку ня бачна, але на спэцвопратцы бачныя надпісы «Кардыялёгія».
Цяпер адміністрацыя шукае тых, хто зьняўся на гэтым фота, паведаміла Свабодзе на ўмовах ананімнасьці адна з супрацоўніц РНПЦ:
«Гэтае фота спачатку зьявілася ў нашым чаце, потым разышлося па сеціве, цяпер доступ да нашага чату абмежаваны. Калегі кажуць, што кіраўніцтва спрабуе ідэнтыфікаваць удзельнікаў здымку, каб пакараць іх. І гэта можна разглядаць усур’ёз. У многіх кантракты заканчваюцца бліжэйшым часам, таму іх могуць звольніць».
Многія з лекараў РНПЦ кардыялёгіі выступалі супраць звальненьня ранейшага дырэктара Аляксандра Мрочака, выходзілі на акцыі пратэсту супраць гвалту, адмовіліся падпісваць ліст ад ФПБ з нагоды эўрапейскіх санкцый. З 500 супрацоўнікаў 80 захоўваюць сваю актыўную пазыцыю і пераконваюць іншых, кажа суразмоўца Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акадэміку Мрочаку падпалілі лецішча і пакінулі запіску з пагрозамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крызіс і адток кадраў». Чым пагражаюць беларускай мэдыцыне масавыя затрыманьні дактароў