Ціханоўская правяла перамовы з дэпутатамі парлямэнту Ўкраіны, рыхтуецца яе візыт у Кіеў

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская заявіла пра жаданьне сустрэцца з кіраўніцтвам Украіны і папрасіла падтрымаць беларусаў на ўсіх міжнародных пляцоўках.

«Мы просім вас падтрымаць незалежную дэмакратычную Беларусь, заклікаем Украіну падтрымаць нас у АБСЭ, ПАРЭ, ААН, а таксама на іншых міжнародных пляцоўках. І спадзяёмся, што неўзабаве мы зможам сустрэцца з кіраўніцтвам Украіны і абмеркаваць суседзкую будучыню нашых краін», — сказала Сьвятлана Ціханоўская падчас онлайн-сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якія ўваходзяць у склад міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь».

Сустрэчу ініцыяваў кіраўнік дэпутацкай групы Аляксей Ганчарэнка.

Аляксей Ганчарэнка

«Беларускія апазыцыянэры папрасілі ўкраінскіх дэпутатаў падтрымаць палітычных вязьняў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах», — паведаміў Ганчарэнка.

Асобна ўкраінскі дэпутат зьвярнуў увагу на тое, што Сьвятлана Ціханоўская падтрымала тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, і апублікаваў яе цытату пра Крым: «Крым паводле закону зьяўляецца Ўкраінай, але некалькі гадоў яго дэ-факта кантралюе Расея».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люблінскі трохкутнік безь Беларусі ня поўны». У Кіеве расказалі пра размову зь Ціханоўскай і магчымы дыялёг з Лукашэнкам

«Дамовіліся пра падтрымку Беларусі ў міжнародных арганізацыях, пра дапамогу палітвязьням. Вырашылі часьцей праводзіць такія мерапрыемствы, бо гэта дапамагае прыскорыць шлях Беларусі да пабудовы дэмакратычнага грамадзтва. Жыве Беларусь!» — напісаў Аляксей Ганчарэнка.

Яшчэ адна ўкраінская дэпутатка Ларыса Белазір паведаміла, што неўзабаве плянуецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай ва Ўкраіну. «Разглядаецца магчымы візыт у Вярхоўную Раду Ўкраіны», — дадала яна.

Міжфракцыйная дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь» была створаная летась 3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі. У яе склад увайшлі каля 20 дэпутатаў з розных фракцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вярхоўнай радзе Ўкраіны патлумачылі, навошта стварылі аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь»