Швайцарскія дэпутаты ў лісьце да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея напісалі, што наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў не дае разьвівацца міждзяржаўным адносінам.
Ліст падпісалі 86 з 200 дэпутатаў Нацыянальнай рады Швайцарыі.
У адкрытым лісьце, апублікаваным напярэдадні заплянаванага на 16 лютага разгляду апэляцыйнай скаргі Натальлі Хершэ, дэпутаты адрасавалі міністру замежных справаў Беларусі патрабаваньне неадкладнага вызваленьня грамадзянкі Швайцарыі, а таксама больш чым 240 іншых палітзьняволеных у Беларусі.
Адкрыты ліст падпісалі прадстаўнікі ўсіх групаў Фэдэральнага парлямэнту.
«Мы заклікаем вас забясьпечыць разгляд скаргі Натальлі Хершэ без палітычных матываў, але ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі справядлівага судовага разбору».
Міністра замежных справаў Уладзімера Макея просяць «забясьпечыць вызваленьне Хершэ не пазьней за вынясеньне прысуду ў апэляцыйнай інстанцыі». Дэпутаты лічаць, што Натальля як грамадзянка Швайцарыі павінна атрымаць дазвол неадкладна вярнуцца ў краіну.
Зьняволеньне Натальлі Хершэ і іншых палітвязьняў называецца «сур’ёзным цяжарам у замежнапалітычных дачыненьнях» Швайцарыі і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Швайцарыі расказаў пра затрыманьне швайцарскай журналісткі ў Менску, прысуд Натальлі Хершэ і званкі МакеюДэпутатка Нацыянальнай рады Швайцарыі Барбара Гізі з гораду Санкт-Гален, дзе жыла Хершэ, стала сымбалічнай «хроснай» беларускай палітзьняволенай у межах кампаніі нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco.
Гізі перакананая, што прысуд Хершэ належыць неадкладна скасаваць, а саму яе вызваліць, бо жанчына не парушала закону, а толькі выконвала свае канстытуцыйныя правы.
Асуджаная ў Беларусі да 2,5 года пазбаўленьня волі за сарваную з амапаўца балаклаву Натальля Хершэ нарадзілася і жыла ў Воршы, але каля 10 гадоў таму пераехала ў Швайцарыю. У 2020 годзе яна прыехала ў адпачынак на радзіму, дзе брала ўдзел у пратэстах супраць Лукашэнкі, на якіх яе затрымалі, а пасьля асудзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cа Швайцарыі ў СІЗА. Гісторыя палітзьняволенай Натальлі Хершэ. Відэа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Натальля Хершэ галадоўкай дамаглася выкананьня сваіх патрабаваньняў