«Гэта быў мяцеж, бліцкрыг, які не адбыўся. Пакуль што»
Аляксандар Лукашэнка асабіста адкрыў «Усебеларускі народны сход». Ён прапанаваў выбраць прэзыдыюм сходу «па-савецку» сьпісам, прысутныя аднагалосна падтрымалі. Чальцы сьледам выйшлі з-за заслоны. Пасьля гэтага перадаў слова прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку.
Пасьля зацьверджаньня складу камісій на трыбуну зноў падняўся Лукашэнка — з праграмным дакладам. «Баяцца нам няма каго, саромецца таксама», — сказаў ён, адзначыўшы, што беларуская дзяржава перажывае пераломны момант у сваёй гісторыі. Напружанасьцю параўнаў сытуацыю з развалам Савецкага Саюзу.
«Беларусь падверглася „жэстачайшай“ атацы звонку. Ім трэба было праверыць мэтодыкі на маналітнай рэспубліцы. Атрымаецца — можна дзейнічаць далей. Гэта быў трамплін для нападу на Расею. Так адпрацоўваўся сцэнар не каляровай рэвалюцыі, а мяцяжу. Бліцкрыг», — адзначыў Лукашэнка. «І ён не адбыўся. Пакуль што».
«Мы ўтрымалі сваю краіну. Пакуль»
«Мы ўтрымалі сваю краіну. Пакуль. Бо ня ведаем, чаго яны хочуць. Але яны ад нас не адступяцца. І нам трэба выстаяць. Цяперашні год будзе ў гэтым сэнсе вырашальным. Чаго хоча выкармленая за мяжой сіла?», — перапытаў Лукашэнка і пералічыў нібыта існуючыя пункты праграмы Захаду на «захоп Беларусі».
Эканоміка
- Павальная прыватызацыя прадпрыемстваў
- Ліквідацыя слабых прадпрыемстваў
- Забарона продажу расейскім кампаніям аб’ектаў інфраструктуры
- Распродаж земляў сельскагаспадарчага прызначэньня
Палітыка
- Выхад з саюзнай дзяржавы, ЭАЭС, мытных арганізацый
- Аднаўленьне памежнага кантролю з Расеяй
- Выкананьне крытэрыяў сяброўства ў Эўразьвязе і NATO
- Забарона расейскіх фондаў і арганізацый, забарона расейскіх тэлеканалаў
Ваенная сфэра
- Выхад з АДКБ і пагадненьняў з Расейскай Фэдэрацыяй
- Вывад расейскіх вайсковых аб’ектаў
- Перавод выхаваўчай працы на беларускую мову.
Гуманітарная сфэра
- Платная адукацыя
- Стварэньне аўтакефальнай царквы
- Увядзеньне беларускай мовы ад дзіцячага садка і далей па ўсім ланцужку
- Крымінальная адказнасьць за абразы беларускай мовы
«Прыйдзе час, і выбераце сабе «новага Лукашэнку»
Гэтак сказаў Аляксандар Лукашэнка на сходзе, удакладніўшы, што справа насамрэч ня ў ім, а ў неабходнасьці ўтрымаць стабільнасьць ад спробаў «пратэстуноў» разгайдаць сытуацыю.
Чарговым разам пашкадаваў «сяброў» Муамара Кадафі і Садама Хусэйна, якіх садзілі на кол і вешалі. Параўнаў з нацыстамі, якія падкідвалі немаўлятаў і лавілі на штыкі.
«Сьвет ашалеў, — канстатаваў Лукашэнка. — Як толькі зьявіўся жупел у выглядзе пандэміі, усе зачыніліся. Дзе ж ваш хвалёны глябалізм? Таму ўнутраныя інтарэсы цікавяць толькі нас саміх. Гэта можа зрабіць толькі такая моцная дзяржава, як наша, бо мы — маналіт. Дзякуючы моцнай уладзе, не адбылося ніводнага збою (аплядысмэнты). Я ня той чалавек, каб хтосьці фармаваў маю думку. Абсалютна ўсё прапускаю празь сябе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца ў Беларусі 11 лютага, калі Лукашэнка праводзіць «Усебеларускі сход»«Ведаю ўсіх мадэратараў пратэстаў»
Лукашэнка сказаў, што ведае кіраўнікоў вулічнай актыўнасьці: «Я ведаю мадэратараў вулічнай актыўнасьці і аб’ёмы сродкаў, кінутых на пратэсты. Таму 2021 год будзе супастаўны з самымі важнымі гістарычнымі вехамі. Ніколі не дазволім панукваць намі, хопіць. 20 стагодзьдзяў нас ставілі на калені і прымушалі кланяцца. Не дачакаецеся, мы будзем жыць сваім розумам», — прамовіў Лукашэнка пад аплядысмэнты залі.
«Беларусь — пануючая вышыня на полі бою»
Лукашэнка назваў прымітыўнымі заявы, што «беларуская тэма нібыта нікога не цікавіць».
«Беларусь — апошняя сувэрэнная дзяржава Эўропы. Таму ідзе барацьба за ўключэньне нашай краіны ў арбіту эўрапейскага ўплыву. Беларусь — „пануючая“ вышыня на полі бою. Хто яе захопіць, той і будзе пераможцам. Але на калені ніхто нас не паставіць і не нахіліць. Мы проста хочам захаваць сваю палітычную ўстойлівасьць, каб застацца на мапе сьвету сувэрэннай і незалежнай», — заявіў ён.
Чарговым разам назваў расейцаў самым блізкім народам, якому Беларусь «ніколі ня здрадзіць». Садзейнічаньне і падтрымка Масквы мела вырашальнае значэньне і падчас апошніх падзеяў, прызнаў ён. Але, дапамагаючы беларусам, Расея аўтаматычна дапамагае і сабе — як эканамічна, так і ў абароназдольнасьці. Крэдытуючы Беларусь, расейская эканоміка мае штогод 1 мільярд даляраў, ацаніў «братэрскую дапамогу» Лукашэнка.
Ён абвінаваціў вонкавыя сілы ў спробе сынхранізаваць расейскія мітынгі зь беларускімі, каб «задушыць» аслабленыя рэжымы.
Лукашэнка зьвярнуўся да беларусаў замежжа
Адказнасьць за глыбокую інтэграцыю з Расеяй Лукашэнка паклаў на рэфэрэндум сярэдзіны 1990-х — маўляў, народ так вырашыў, ажно 70%. І толькі 30% хочуць каапэрацыі з Эўразьвязам.
Лукашэнка скрытыкаваў палітыку «эканамічнага ўдушэньня», якую, як ён сказаў, выбралі Эўразьвяз і ЗША ў адносінах да Беларусі. «Разьбярыцеся спачатку ў сябе», — параіў ён, прыгадаўшы разгон дэманстрантаў у Францыі ды Польшчы і штурм Капітолія.
Зьвярнуўся да «беларусаў замежжа», якія «выступаюць супраць уласнай радзімы»:
«Вы такія ж грамадзяне, якім ня варта выступаць супраць уласнай краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усебеларускі сход» як саматэрапія для Лукашэнкі. ВІДЭАЛукашэнка заявіў, што яго назвалі «президентом Республики Беларусь, его превосходительством»
Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў «беглых пратэстуноў», якія заклікаюць скараціць армію, спэцслужбы, падразьдзяленьні МУС.
«Будзем умацоўваць сілавы блёк суадносна вонкавай небясьпецы, — адказаў ён. — Насьпела неабходнасьць зьмены дактрыны, тым больш з улікам пастаяннай прысутнасьці войскаў NATO на заходніх межах нашай саюзнай дзяржавы. Гэта ж тычыцца і „лічбавай дыктатуры“, якая стала эпохай постпраўды, дзе прыстойныя людзі ачарняюцца, а падонкі выстаўляюцца героямі. Мы мусім гэтаму годна супрацьстаяць».
Лукашэнка заявіў таксама, што атрымаў ліст ад WHO і нейкага «Інтэрдэнляйнэн» (цытата), што нібыта яго там назвалі «президентом Республики Беларусь, его превосходительством А. Г. Лукашенко».
«Прадвесьце трэцяй сусьветнай вайны»
Лукашэнка заклікаў далучаць да кампаніі барацьбы з фэйкамі «сумленных блогераў і аналітыкаў», а чыноўнікам загадаў выяжджаць на пратэставыя месцы, у студэнцкія аўдыторыі. Прывёў прыклад, што ў тым жа БДУ вынікі апытаньня паказалі: нягледзячы ні на што, 55% студэнтаў падтрымліваюць дзейную ўладу.
«Сядзяць у айпадах, айфонах, мэсэнджарах, ня маюць уласнай думкі. Там няма аналітыкі, бо моладзь жыве загалоўкамі. Гэта інфармацыйная вайна, нам цалкам зразумела, зыходзячы зь мінулага году. Калі ня будзем працаваць з моладзьдзю, у морду атрымаем — загінем. Захаваем інфармацыйны сувэрэнітэт або станем рабамі захаду», — папярэдзіў Лукашэнка, параўнаўшы цяперашнюю сытуацыю з прадвесьцем трэцяй сусьветнай вайны, якая ўжо ідзе ў інфармацыйным полі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ў прэзыдыюме «Ўсебеларускага сходу». Фота«Будзеце ўсё жыцьцё пажынаць плады здрадніцтва»
Лукашэнка пакпіў з тых, хто «пераабуўся». Прывёў у прыклад журналістаў, якія «зьбеглі з БТ», а таксама некаторых творцаў. Маўляў, цяпер некаторыя просяцца назад, але іхныя месцы ўжо занятыя «маладымі і таленавітымі».
«Будзеце ўсё жыцьцё пажынаць плады здрадніцтва. Гэта ў нашай краіне ніхто не ацэніць, нават калі калі-небудзь тыя „творцы“ і дарвуцца да ўлады. Адзін раз здрадзіўшы, здрадзіш зноў», — папярэдзіў Лукашэнка.
«Разабрацца з дармаедамі»
Аляксандар Лукашэнка зноў загадаў разабрацца з «дармаедамі», якія гадамі нідзе не працуюць, жывуць у загарадных дамах, езьдзяць на дарагіх машынах і пры гэтым карыстаюцца льготнымі камунальнымі паслугамі і бясплатнай мэдыцынай.
«Толькі ў Менску такіх налічылі 68 тысяч, уяўляеце? А як пачалі высьвятляць, дык гэта яны малацілі амапаўцаў, былі ў авангардзе тых „пратэстуноў“. Ня ў помсту, але трэба іх прымусіць працаваць. Плюс жорсткая праверка дэклярацый. Гадамі сядзяць на грантах, ня плацяць падаткаў. Што гэта? Як толькі зловім, што раздаюць грошы ў канвэртах, не крыўдуйце», — папярэдзіў Лукашэнка.
«Як вялікі Ленін»
Два разы за час выступу Аляксандар Лукашэнка спаслаўся на кіраўніка расейскай рэвалюцыі Ўладзіміра Леніна, але пры гэтым агаварыўся, што ён супраць рэвалюцый.
Лукашэнка выказаў прэтэнзіі да настаўнікаў, якія «праспалі» выхаванцаў, што ходзяць па вуліцах, «разбураюць і ламаюць». Па яго словах, само сабой, вінаватая сям’я, але і з выкладчыкаў адказнасьць не здымаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра «Ўсебеларускі сход» у карцінках«Нельга намаляваць 80%»
У паўзе перад агучваньнем наступнага блёку пытаньняў Лукашэнка паспачуваў, што ўдзельнікаў сходу апанэнты запісалі ў «карнікі», але дэлегаты проста «плюнулі» ворагам у твар. З такімі пайшоў бы ў бой нават бяз зброі, дадаў ён.
«Ну нельга намаляваць 80%, хай нават губэрнатары дзеля птушачкі пару працэнтаў на месцах і накінулі. Нават у апытаньнях 74% прэзыдэнту даюць. Усё роўна мы пераможцы, за намі большасьць народу. І нам ня трэба гэтага баяцца. Старшыня КДБ яшчэ раскажа пра адмарозкаў, якія рыхтавалі тут тэракты. Але мы не зламаліся...»
Лукашэнка заявіў пра голад у ЗША, гатовы дапамагчы харчамі
«На фоне пандэміі каранавірусу 36 мільёнаў амэрыканцаў, зь іх 12 мільёнаў дзяцей, недаядаюць», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, прапанаваўшы харчовую падтрымку народу ЗША.
Таксама ў якасьці аднаго з прыярытэтных рынкаў збыту беларускіх харчоў ён назваў Кітай.
Пры гэтым папярэдзіў, што на рынку няма месца «пратэстунам»-пасярэднікам, якія прыйшлі з «растапыраным пальцамі» і спрабуюць навязваць свае ўмовы. «Паставіць на месца ўсіх, хто жыруе на сялянах і аграрыях», — загадаў ён.
«У Беларусі ніколі ня будзе алігархаў», — паабяцаў Лукашэнка
«Багаты — падтрымай бедных і, адпаведна, дзяржаву. Нельга, каб разьбежка ў даходах была ў 25 ці болей разоў. Беларускі народ атрымаў моцную прышчэпку ад карупцыі: падзяліць Менск на часткі і зьбіраць даніну ўжо не атрымаецца. Выкіньце з галавы: людзі не пацярпяць ні алігархіі, ні карупцыі. Кантроль будзе паўсюдны».
Сярод іншага Лукашэнка загадаў навесьці парадак у дварах. Праўда, удакладніў: дваровая экасыстэма павінна служыць для зручнасьці людзей, а «не муралы там маляваць».
Лукашэнка заявіў, што цягам году праект Канстытуцыі будзе гатовы, у пачатку наступнага году яго вынесуць на рэфэрэндум
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі запрацавала «эфэктыўная дыялёгавая пляцоўка». У тым ліку гэта тычыцца абмеркаваньня канстытуцыйнай рэформы.
«Цягам гэтага году трэці варыянт праекту Канстытуцыі будзе гатовы і ў пачатку 2022-га вынесены на рэфэрэндум. Прыняўшы новы Асноўны закон, нам давядзецца перарабіць шмат якія іншыя законы, зьмяніць заканадаўства — цягам ужо наступнага году. І тады пытаньне — калі ён (Лукашэнка) сыдзе — вырашыцца. Пры тым, што 60% апытаных катэгарычна заявілі, што яны супраць зьменаў... Вы ж разумееце, які сцэнар нам быў падрыхтаваны? Каб хтосьці з пратэстуноў дарваўся да ўлады, ужо праз суткі тут былі б замежныя войскі. Таму ёсьць неабходнасьць распрацаваць новы праект Канстытуцыі і прыняць яе на рэфэрэндуме».
Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь павінна застацца прэзыдэнцкай рэспублікай, зь ім або безь яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Ціханоўскай: «Мэтай Усебеларускага сходу заўсёды была імітацыя таго, што ўсё пад кантролем»«Беларусь павінна заставацца прэзыдэнцкай»
«Краіна павінна заставацца прэзыдэнцкай рэспублікай, — перакананы Лукашэнка. — Нават без Лукашэнкі, які б я ня быў гераічны. Яны ўжо грукаюцца ў дзьверы. Увесь сыр-бор у асобе. Але ў мяне, акрамя Беларусі, нічога няма, ня верце нікому, што нешта скраў. І мяне немагчыма запалохаць, нават калі бегаў з аўтаматам па вуліцы. Гэта многіх ацьвярозіла. Я сваю краіну нікому не аддам», — падсумаваў Лукашэнка.
Па яго словах, ніякіх новых выбараў пры «раскладзе Ціханоўскай» не было б у прынцыпе: яе «муж-мардаварот» у выпадку перавароту кіраваў бы краінай, а яна смажыла б катлеты.
«Але сам народ іх растаптаў бы, бо не прымае такую палітыку, — працягнуў ён. — Так я сказаў у СІЗА і Віктару Бабарыку, калі туды езьдзіў. Прабачце, калі зьвяргаць, то чакайце рэакцыю ў адказ. Я будаваў краіну як мог і аддаваць яе камусьці на паруганьне — ніколі. Іншая справа, што мы жывём у пераходны пэрыяд, і хто прыйдзе ва ўладу ад новага пакаленьня — вось у чым пытаньне», — не хаваў Лукашэнка эмоцыі.
«Мір, парадак, ніякіх пратэставых дзеяньняў»
Аляксандар Лукашэнка агучыў свае ўмовы «пратэстунам і заблудам»:
«Мір, парадак, ніякіх пратэставых дзеяньняў, не пераварочваць краіну».
Па яго словах, «калі да ўлады дарвуцца ня тыя і зь іншымі поглядамі» — каб ня ўпаў ніводзін волас са староньнікаў цяперашняга кіраўніка дзяржавы.
Таму, словамі Лукашэнкі, ён і прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход «канстытуцыйным органам». Калі такая ўгода будзе парушаная — уся ўлада пяройдзе менавіта да дэлегатаў як упаўнаважаных ад імя народу.
«Людзі ў пагонах ядуць хлеб не дарэмна»
Пры канцы чатырохгадзіннага выступу Лукашэнка зноў назваў «красаўцамі» людзей у пагонах, якія «не дарэмна ядуць свой хлеб». Сказаў, што як галоўнакамандуючы ганарыцца такімі падначаленымі, якія ў вырашальны момант уратавалі краіну. Маўляў, невыпадкова так рэзка падскочыў рэйтынг сілавых структураў. Моцная дзяржаўная ўлада стала гарантам незалежнасьці, заявіў ён пад аплядысмэнты дэлегатаў.
Любімую не аддаюць, — фінальныя словы Лукашэнкі, пасьля чаго зноў былі аплядысмэнты.