Хто такі Аляксандар Кабанаў, якога разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным 11 лютага будуць судзіць у Кастрычніцкім судзе Магілёва.
Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 342 КК — «арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады».
Аляксандру Кабанаву 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Віцебскай вобласьці, жыў у Баранавічах, Маскве, Бярозе. У вёсцы Зубачы Бярозаўскага раёну жывуць ягоныя бацькі. Яны мелі трох сыноў, цяпер застаўся адзін Аляксандар. Сам Аляксандар мае дарослага сына.
Будаваў у Расеі катэджы
Аляксандар Кабанаў адукацыяй — інжынэр-будаўнік. У 1990-х у Баранавічах заснаваў трыкатажны бізнэс, які хутка «задушылі», успамінаюць знаёмыя, і Аляксандар пераехаў у Маскву.
Сяброўка Аляксандра, намесьніца старшыні АГП Ганна Красуліна расказала:
«У Расеі Саша кіраваў фірмай, якая ўзводзіла буйныя катэджы, нават палацы заможных расейцаў каля Масквы. І ў яго была вельмі добрая рэпутацыя: яго проста «перадавалі з рук у рукі», бо ён будаваў сумленна, якасна, ня краў. Аднак ён расчараваўся ўзроўнем карупцыі і беззаконьня ў Расеі. І ў 2008 годзе вярнуўся на радзіму», — прыгадвае Ганна.
Вярнуўшыся ў Беларусь, таксама паспрабаваў папрацаваць па спэцыяльнасьці. Нават будаваў прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю ў Белавескай пушчы, інвэстарам будоўлі якой быў «Трайпл».
«Яны ўкладалі грошы, перадавалі адміністрацыі нацыянальнага парку, а тая ўжо была замоўнікам. І ў мяне там быў будаўнічы падрад, каля 50-60 чалавек працавалі. І вось зь імі не разьлічыліся, плюс спрабавалі крымінальную справу завесьці… Я быў у шоку. Як гэта так, на прэзыдэнцкім аб’екце — і такое адбываецца? Доўга ачуваўся ад гэтага», — расказваў Аляксандар Кабанаў у 2017 годзе ў інтэрвію «Нашай ніве».
Так Кабанаў канчаткова расчараваўся ў будаўніцтве, пераехаў жыць у Бярозу і зацікавіўся палітыкай.
У АГП уступіў па перакананьнях, «дарос» да намесьніка старшыні
Гадоў 10 таму актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі пачалі шмат езьдзіць па рэгіёнах. Тагачасны лідэр АГП Анатоль Лябедзька некалькі разоў прыяжджаў у Бярозу, пазнаёміўся з Кабанавым. У 2011 годзе Кабанаў стаў сябрам АГП.
«Чалавек ідзе па вуліцы, і зь ім шмат хто вітаецца, гэта так дзіўна было! У вёсцы звычайна ўсе вітаюцца, а ў гарадках — толькі са знаёмымі. Значыць, ён быў вядомай у Бярозе асобай. Ён праявіў свае добрыя арганізацыйныя здольнасьці — мы вельмі хутка займелі офіс партыі ў самым цэнтры Бярозы, ён дамовіўся з прадпрымальнікамі. Зьбіралася шмат людзей, і што кідалася ў вочы — 99% гэта былі мужчыны, і гэта былі людзі, якія ведалі Аляксандра», — успамінае Анатоль Лябедзька.
Ганна Красуліна дадае, што Кабанаў спачатку сур’ёзна вывучыў праграму партыі.
«Звычайна ў партыю прыходзяць за людзьмі — знаёмяцца спачатку з добрымі людзьмі, а потым ужо праграмай. А Саша быў тым чалавекам, які, наадварот, спачатку пазнаёміўся з праграмай, пераканаўся, што яна яму падыходзіць. Стварыў у Бярозе даволі вялікую ячэйку — мы прыяжджалі з партыйным аўдытам, трэнінгамі», — кажа Ганна Красуліна.
Аляксандар Кабанаў удзельнічаў у некалькіх выбарчых кампаніях: і мясцовых, і парлямэнцкіх.
«На дзіва, Аляксандар праводзіў вельмі добрыя кампаніі — пры нармальных выбарах прайшоў бы ў мясцовы ці абласны савет дакладна. І нават у парлямэнт. Ён мог згуртаваць даволі вялікую грамаду. Калі мы прывозілі інфармацыйныя матэрыялы, ён сам хадзіў і раскідваў іх па паштовых скрынках, раздаваў з рук у рукі. Яго зрабілі невыязным, наклалі столькі штрафаў, саджалі на «суткі» — іншы ўжо б ня вытрымаў і сышоў.
Калі Саша стаў прэс-сакратаром Ціханоўскай, часта тэлефанаваў, кансультаваўся ў міжнародных пытаньнях, не саромеўся пытацца, як лепш арганізаваць — вучыўся заўсёды, нягледзячы на ўзрост», — дадае Анатоль Лябедзька.
29 кастрычніка 2020 году на зьезьдзе АГП Аляксандра Кабанава выбралі намесьнікам старшыні АГП. У гэты час ён ужо паўгода знаходзіўся за кратамі.
Быў трэнэрам міліцыянтаў, яны яго вельмі паважалі
Пераехаўшы ў Бярозу, Аляксандар Кабанаў уладкаваўся працаваць трэнэрам усходніх адзінаборстваў: «Ён майстар спорту ў самба, мае чорны пояс у каратэ. Кабанаў трымаў бясплатную залю пры ўмове, што будзе трэнаваць міліцыянтаў. Аднак у яго было шмат іншых груп, займаўся і зь дзеткамі», — расказвае Ганна Красуліна.
«Ён майстар баявых адзінаборстваў — уся Бяроза ведала, — працягвае яна. — Усе бярозаўскія мужчыны альбо самі хадзілі на трэніроўкі, альбо дзяцей вадзілі. І міліцыянты яго вельмі паважалі — нават калі затрымлівалі і саджалі на суткі, ставіліся з павагай.
Я прыгадваю яшчэ адзін момант — як ён вёў стрым з крамы ў Берасьці, гэта было пару гадоў таму, калі ён далучыўся да «Народного репортёра» (youtube-канал Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. — РС). Маладая дзяўчына-прадавачка пачала хаміць. А Саша вельмі ветліва зь ёй размаўляў. Дзяўчына канфліктавала, выклікала міліцыю. Але нават у Берасьці міліцыянты да яго паставіліся паважліва, павіталіся зь мі, улагодзілі канфлікт. Бо яны ўсе глядзелі стрымы і «Народный репортёр». А прадавачка выбачылася перад ім», — расказала Ганна Красуліна.
«І рукасты, і галавасты»: гадаваў трусоў, індычак, перапёлак
Пасьля трэнэрскай працы Аляксандар Кабанаў сур’ёзна заняўся фэрмэрствам. Набыў хутар пад Бярозай. Узяў пару гектараў зямлі, гадаваў трусоў, сьвіней, курэй, гусей, індычак, качак і нават перапёлак.
«А для гэтага трэба, каб рукі расьлі з таго месца, і правільна расьлі. У яго была вялікая гаспадарка — ён і апрацоўваў зямлю, і гадаваў жыўнасьць, прадаваў па невялікіх цэнах. Некаторыя мае знаёмыя зь Менску куплялі ў яго мяса.
І з такой цікавасьцю апавядаў пра гэтых перапёлак-курапатак! Аказваецца, каб яны несьліся, павінен быць устойлівы тэмпэратурны рэжым, ён шмат ведаў пра жывёлагадоўлю. І гэта ж цяжкая праца. Адным словам, і рукасты, і галавасты», — кажа Анатоль Лябедзька.
У фэрмэра ўсё добра атрымлівалася, вялікіх грошай ён не зарабіў, але жыць з гаспадаркі можна было, Аляксандар пабудаваў дом у Бярозе. Але яго пачалі «душыць», прыгадваюць сябры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Кабанаў: «Правакацыі, суды, перасьлед мяне загартавалі»«Фэрмэрскай гаспадарцы «Брэстэнэрга» налічыла істотную запазычанасьць — нібыта яна робіць вялікі перарасход электрычнасьці, за гэта яшчэ і шалёныя працэнты пені. Яго пачалі штрафаваць, а штрафы ён не аплачваў. Арыштавалі машыну, забралі правы кіроўцы. А фэрмэрская гаспадарка была за горадам, не было на чым езьдзіць. Гаспадарка, праўда, была добрая, мы на Каляды куплялі ў яго гусь», — успамінае Ганна Красуліна.
Яна кажа, што Кабанаў — заўзяты рыбак і вельмі добры кулінар. І не пераносіць няякаснай ежы.
«Мы неяк былі ў Бярозе на трэнінгу — я, мой муж і Аляксандар Дабравольскі. Саша прыйшоў да нас у госьці са смажанай рыбай розных відаў. Я такой смакаты ніколі ня ела!
Ён вельмі прамы чалавек. Аднойчы, пасьля чарговай ягонай адседкі ў Бярозаўскім ізалятары, мы пайшлі зь ім у кавярню. А гэтая кавярня гатуе ежу для арыштантаў. Саша пытаецца ў кухаркі: «Гэта вы гатуеце ежу для СІЗА? Дык вось я перадаю вам «прывітаньне» ад сядзельцаў: катлеты заўсёды недасмажаныя, ежа вельмі дрэннай якасьці. Жанчыне гэтай было вельмі няёмка», — узгадвае Ганна Красуліна.
«Саша аказаўся вельмі тонкім дыпляматам — берасьцейцы на яго ледзьве не маліліся»
Апошнія 3 гады Аляксандар Кабанаў шмат часу праводзіў у Берасьці. У 2017 годзе арганізоўваў «Маршы недармаедаў», змагаўся за адмену дэкрэту №3. Яго затрымлівалі, саджалі на суткі, штрафавалі, зрабілі невыязным.
Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін далучыліся да кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, супраць Белаазёрскага заводу «БІТ-сплаў», які перапрацоўвае старыя акумулятары, выкрывалі несанкцыянаваныя пахаваньні адкідаў у Берасьці, Івацэвіцкім, Бярозаўскім раёнах.
«Аднак калі Кабанаў зь Пятрухіным пайшлі да людзей, іх спачатку мясцовыя не прынялі: маўляў, «нам тут палітыкі ня трэба, у нас толькі экалягічныя і эканамічныя патрабаваньні». А потым на іх ледзьве не маліліся, — успамінае Анатоль Лябедзька. — Саша аказаўся вельмі тонкім дыпляматам. Калі была апошняя парлямэнцкая кампанія, ён сказаў, што туды пойдзе толькі дзеля таго, каб дапамагчы людзям. Ён тлумачыў, што апазыцыя — гэта нармальныя людзі. І там крануўся лёд; ён рабіў усё, каб людзі станавіліся грамадзкімі актывістамі».
«Народны рэпартэр» стаў народнай тэлевізіяй»
Аляксандар Кабанаў заняўся блогерствам і далучыўся да праекта берасьцейца Сяргея Пятрухіна — youtube-каналу «Народный репортёр».
Некаторыя выпускі і стрымы «Народнога репортёра» маюць даволі вялікую глядацкую аўдыторыю.
«З чым ідзе на выбары Аляксандар Лукашэнка?» — 162 тысячы праглядаў
«На чым трымаецца ўлада Лукашэнкі?» — 156 тысяч праглядаў
«Перарваны АМАПам выпуск навінаў» — 106 тысяч праглядаў
Анатоль Лябедзька прызнаецца, што для яго было вельмі нечаканым, што Аляксандар Кабанаў захапіўся блогерствам.
«Шчыра кажучы, мне здавалася, што ў Сашы не было такіх лідэрскіх здольнасьцяў. Ён быў вельмі разважлівы, калі гаварыў, то толькі па сутнасьці, нічога лішняга. А ў блогерстве ён нечакана адкрыўся абсалютна па-новаму. Зь Сяргеем Пятрухіным яны былі як адно цэлае, вельмі ўдала дапаўнялі адзін аднаго. Саша пісаў сцэнары, а агучку рабіў Сяргей Пятрухін. Калі Пятрухін быў творчым чалавекам, працаваў у тэатры, для яго блогерства было чаканым. А Саша Кабанаў проста па-добраму зьдзівіў!», — апавядае Анатоль Лябедзька.
На думку берасьцейскага праваабаронцы Рамана Кісьляка, праект «Народный репортёр» стаў сапраўды «народнай тэлевізіяй».
«Кабанаў і Пятрухін прыходзілі на плошчу і пыталіся ў людзей, што яны думаюць пра завод, пра жыцьцё. Людзі шчыра выказваліся — у той час, калі з афіцыйных каналаў нам толькі хлусяць. Прычым блогеры цудоўна дапаўнялі адзін аднаго: Сяргей вясёлы, балбатун, нараджае ідэі, а Аляксандар яго «прызямляў», рабіў дасьледаваньні.
Натуральна, уладам гэтая народная тэлевізія не падабалася, і блогераў пачалі перасьледаваць, затрымліваць, штрафаваць, запалохваць. А вось цяпер спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці», — кажа праваабаронца Раман Кісьляк.
«Толькі не зьдзіўляйцеся нашай справе: гэта нават ня белыя ніткі, а бялізнавыя вяроўкі і канаты»
Калі пачалася пандэмія, блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін «самаізаляваліся» ў вёсачцы Гарадзішча пад Пінскам. 18 красавіка Кабанава а 7-й раніцы падманам выбавілі з хаты, пасадзілі на 15 сутак. У СІЗА ён «падхапіў» каранавірус, 9 траўня трапіў на 3 тыдні ў шпіталь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У блогера Кабанава выявілі каранавірус, яго калега Пятрухін з ізалятара таксама трапіў у шпітальКалі 29 траўня ў Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоны штаб ачоліла жонка Сьвятлана, Аляксандар Кабанаў пагадзіўся стаць прэс-сакратаром штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
Праз 2 тыдні затрымалі і Кабанава. Яму патэлефанавалі нібыта з паліклінікі — запрасілі зьявіцца для кантролю па адбыцьці карантыну. Аднак замест паліклінікі даставілі ў ІЧУ Ленінскага раёну Берасьця, потым асудзілі на 15 сутак. 20 чэрвеня Аляксандр Кабанаў прапаў зь ІЧУ. Пра тое, што ён зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы, праваабаронцы даведаліся 25 чэрвеня. У ягоных бацькоў, што жывуць у вёсцы Зубачы Бярозаўскага раёну, адбыўся ператрус. А яго самога перавялі ў Менск, у СІЗА на Валадарку.
На Аляксандра Кабанава і ягонага калегу Сяргея Пятрухіна завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады) — гэта зьвязана з падзеямі ў Горадні 29 траўня, калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай распачалі крымінальную справуМеркавалася, што Кабанава і Пятрухіна будуць судзіць у Берасьці, аднак суд чамусьці раптоўна перанесьлі ў Магілёў.
Аляксандру Кабанаву шмат хто піша ў турму, часам ад яго прыходзяць адказы.
«Толькі не зьдзіўляйцеся нашай справе, у якой няма ніводнага доказу. Адныя меркаваньні і фантазіі. Ну ўсё, як заўсёды, беларускае «правасудзьдзе» яно такое, своеасаблівае. Як і сьледзтва», — напісаў Аляксандар Кабанаў у лісьце ад 28 сьнежня 2020 году.
«Вельмі спадзяюся, што на працэсе будуць журналісты, паглядзяць, як у нас шыюць справы: гэта нават ня белыя ніткі, а бялізнавыя вяроўкі і канаты», — цытата яшчэ з аднаго ягонага ліста з-за кратаў.