Пракурорка папрасіла зьменшыць тэрмін палітвязьню Лакішыку, але Менскі гарадзкі суд адмовіў

Затрыманьне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішыка (у белай кофце). Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе амапавец Яўген Дудкін — у судзе пацярпелы

Адвакатка хадайнічала аб замене турэмнага зьняволеньня абмежаваньнем волі ці арыштам, а пракурорка прасіла зьменшыць тэрмін. Аднак судзьдзя адмовіла.

Менскі гарадзкі суд 9 лютага разгледзеў апэляцыйную скаргу палітвязьня Антона Лакішыка. 17 лістапада яму прысудзілі 3 гады калёніі за штуршок супрацоўніка АМАПу (арт. 364 Крымінальнага кодэксу) на акцыі 14 ліпеня, паведаміла «Вясна».

Амапавец Яўген Дудкін не атрымаў цялесных пашкоджаньняў і не зьвяртаўся ў мэдычныя ўстановы, але ў справе яго прызналі пацярпелым. Лакішык выплаціў амапаўцу маральную шкоду ў тысячу рублёў і цалкам прызнаў сваю віну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука асудзілі на тры гады калёніі за напад на амапаўца 14 ліпеня

Апэляцыю разглядала судзьдзя Тамара Ўнукевіч. Пракурорка Сакалова пагадзілася з довадамі адвакаткі Кацярыны Пятровіч і прапанавала зьменшыць пакараньне да 2 гадоў. Адвакатка прасіла большага — зьмяніць пакараньне з утрыманьня ў калёніі на арышт ці абмежаваньне волі.

Аднак суд пакінуў прысуд бяз зьменаў. Самога ж Антона Лакішыка на абскарджаньне прысуду не прывезьлі і не падключылі нават праз скайп.

Родныя 21-гадовага Антона маюць намер абскардзіць прысуд у вышэйшых інстанцыях. Палітвязень пакуль утрымліваецца ў СІЗА-1 у камэры з 15 арыштаванымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрабавалі, каб міліцыя склала шчыты». У Жлобіне судзяць трох маладзёнаў за «масавыя беспарадкі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На каленях ляжаў бэчэбэшны сьцяг». Пачалі судзіць гарадзенца, які са сьведкі стаў фігурантам справы аб гвалце над міліцыянтам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапаможа нам толькі цуд», — сваякі палітвязьняў зь Пінску, дзе пасьля выбараў пратэстоўцы прымусілі сілавікоў адступіць