Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчука асудзілі на тры гады калёніі за напад на амапаўца 14 ліпеня


Затрыманьне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішыка ў белай кофце. Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе амапавец Яўген Дудкін – у судзе пацярпелы
Затрыманьне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішыка ў белай кофце. Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе амапавец Яўген Дудкін – у судзе пацярпелы

Суд Цэнтральнага раёну Менску 17 лістапада прысудзіў тры гады калёніі 21-гадоваму тэхніку Антону Лакішыку за напад на амапаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе. Судзьдзя Вікторыя Шабуня прызнала маладзёна вінаватым паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка АМАПу), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Нягледзячы на тое, што супрацоўнік менскага АМАПу пасьля бойкі з Антонам не атрымаў цялесных пашкоджаньняў і не зьвяртаўся ў мэдыцынскія ўстановы, яму прысудзілі кампэнсацыю маральнай шкоды ў тысячу рублёў.

Антон Лакішык цалкам прызнаў сваю віну, яму прызначылі пакараньне, якое прасіў пракурор.

Хлопец уступіў у бойку з амапаўцам, калі яго калегі пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў у счэпцы. Антона Лакішыка арыштавалі ў залі суду.

Што здарылася 14 ліпеня

21-гадовага Антона Лакішыка затрымалі 14 ліпеня каля мэтро «Няміга». У той вечар менчукі выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. У некаторых месцах гораду адбыліся жорсткія сутыкненьні зь сілавікамі.

У той вечар Антона пратрымалі некалькі гадзін у РУУС Цэнтральнага раёну і адпусьцілі. На яго склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). На хлопца завялі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікам АМАПу паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу.

Антона паўторна затрымалі 23 ліпеня на працы, толькі ўжо ў межах крымінальнай справы. 21-гадовы хлопец прабыў у СІЗА № 1 у Менску каля двух месяцаў — да 8 верасня. Антона выпусьцілі на волю, зьмяніўшы меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. У суд Антон прыходзіў самастойна.

Што было на судзе

Супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін на судзе адзначыў, што фізычных пакут ён не панёс, цялесных пашкоджаньняў не было, у мэдыцынскую ўстанову не зьвяртаўся ў сувязі зь нязначнасьцю гэтых пашкоджаньняў. Пры гэтым свае маральныя пакуты ад гэтых удараў ацаніў у 1000 рублёў.

Антон у судзе цалкам прызнаў віну і ўжо пасьпеў пакрыць маральную шкоду супрацоўніку АМАПу — 1000 рублёў, каб зьмякчыць пакараньне.

На судзе Антон Лакішык патлумачыў, што ў самым несанкцыянаваным мерапрыемстве 14 ліпеня ўдзелу ня браў, а назіраў збоку. Ён бачыў, як да ўдзельнікаў акцыі пратэсту падышлі супрацоўнікі міліцыі, пасьля чаго першыя пачалі станавіцца ў счэпку, а сілавікі пачалі іх затрымліваць, у тым ліку з ужываньнем сілы.

На судовым працэсе Антон Лакішык адзначыў, што знаходзіўся ў той момант у стане вельмі моцнага хваляваньня, «гэтыя падзеі яго абурылі». Ён пачуў, як у натоўпе нехта крыкнуў: «Наперад!» — Антон успрыняў гэта як заклік да наступу да супрацоўнікаў міліцыі. Са словаў Антона, ён паддаўся эмацыйнаму парыву і хацеў дапамагчы пратэстоўцу, якога пачалі затрымліваць. Ён штурхнуў супрацоўніка АМАПу ў спіну, ударыў яго нагой у правую нагу і рукой у грудзі. Пасьля гэтага да Антона Лакішыка «была ўжытая фізычная сіла» і яго затрымалі.

Да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці 21-гадовы хлопец раней не прыцягваўся.

Антон, ягоныя блізкія і абарона хлопца былі шакаваныя суровай прапановай пракурора (3 гады калёніі). Сам пацярпелы супрацоўнік АМАПу згаджаўся з абаронцай у судзе, якая хадайнічала вызваліць Антона ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем яго да адміністрацыйнай.

У судовых спрэчках пацярпелы супрацоўнік АМАПу Яўген Дудкін адзначыў, што «асабіста ў яго да Лакішыка непрыязнасьці няма, ён выконваў сваю працу». Прасіў суд пакараць Антона на «яго думку», але папрасіў пры прызначэньні пакараньня Антону «ўлічыць узрост і ўплыў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў».

Судзьдзя Вікторыя Шабуня асудзіла Антона Лакішыка на тры гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG