Ці прызнае Эўразьвяз Ціханоўскую прэзыдэнтам?

Днямі быў абнародаваны дакумэнт, складзены амбасадарамі дзяржаваў ЭЗ у Менску, які вызначае набор магчымых стратэгіяў Зьвязу адносна Беларусі. Які варыянт палітыкі абярэ кіраўніцтва ЭЗ? Чаму санкцыі, якія ўжо дзейнічаюць адносна афіцыйнага Менску, не прыносяць вялікага плёну? Ці можа паўплываць на пазыцыю ЭЗ больш рашучая палітыка Вашынгтону?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і дырэктар праграмы Ўсходняга партнэрства ЭЗ і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас.

Кудзько

  • Звычайна выбіраецца сярэдні варыянт
  • Хутчэй за ўсё, будзе абраная зьмяшаная стратэгія
  • Санкцыі маюць значэньне, але частка гэтага значэньня вельмі сымбалічная
  • ЭЗ проста ня мог ня ўвесьці санкцыі, інакш згубіўся б яго імідж як паборніка правоў чалавека
  • Ці даюць санкцыі плён? Я мяркую, што так. Нават афіцыйная кампанія збору подпісаў супраць санкцыяў сьведчыць пра тое, што плён яны маюць
  • Пра іх плён сьведчаць і страты, якія нясе беларускі бюджэт
  • Прыклад Ірану сьведчыць пра тое, што нават ва ўмовах нашмат больш жорсткіх санкцыяў рэжым можа некалькі гадоў пратрымацца
  • Таму ня варта чакаць хуткага плёну санкцыяў

Алена Кудзько

  • У ЭЗ няма цэнтральнага мозгу, які захоўвае памяць пра былыя этапы стасункаў з Беларусьсю ў прыватнасьці
  • Сытуацыя ў Беларусі моцна стукнула па ілбе эўрапейскіх чыноўнікаў, там цяпер не гузак, а страсеньне мозгу
  • Гістарычна Эўразьвяз умее толькі ўгаворваць, гістарычна ён быў створаны менавіта для ўгаворваньня
  • Дадатковы фактар, які можа падштурхнуць ЭЗ да больш энэргічнай палітыкі адносна Беларусі — гэта магчымая палітыка новай адміністрацыі ЗША
  • Я ня думаю, што Лукашэнка зараз можа каму-небудзь што-небудзь гарантаваць, тым больш гарантаваць адсутнасьць у Беларусі расейскіх вайсковых базаў
  • Беларусь — не прыярытэт для ЗША, але гэта можа быць і пазытыўным фактарам
  • Калі гэта не прыярытэт для прэзыдэнта, то прымаць рашэньні будуць на ніжэйшым узроўні
  • А ў дзярждэпартамэнце на ключавыя пасады прыходзяць людзі, якія былі за палітыку санкцыяў і за адстойваньне правоў чалавека
  • У ЗША людзі нават ня ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь. Таму значных стратаў ад жорсткай палітыкі для Амэрыкі не прадбачыцца

Мошас

  • У дакумэнце, прапанаваным амбасадарамі краінаў ЭЗ, трэба было паставіць першым той, які прадугледжвае прагматычнае ўзаемадзеяньня зь Менскам, прапанаваць яму «пернікі»
  • Тады цяперашні варыянт «пачакаць і паглядзець» робіцца прамежкавым. Іншыя варыянты, як крайнія, адсякуцца
  • І палітыка будзе — крыху ўзмацніць санкцыі, крыху пагоршыць адносіны з афіцыйным Менскам
  • Я засмучаны зьяўленьнем заяваў, што санкцыі пакуль не спрацавалі
  • Менавіта гэтая фразэалёгія выкарыстоўвалася ў 2014 годзе для запуску «перазагрузкі» адносінаў зь афіцыйным Менскам
  • У Расеі Аляксандру Керанскаму далі мянушку «галоўнаўгаворваючы»
  • Эўразьвязу можа даць такую ж мянушку — ён «галоўнаўгаворваючы»
  • У ЭЗ інструмэнты ўзьдзеяньня ёсьць, але няма матывацыі

Аркадзь Мошас

  • Не выпадае думаць, што Захад можа ўвесьці санкцыі супраць беларускіх калійных угнаеньняў, якія складаюць пятую частку сусьветнага рынку
  • А калі ня ўводзіць санкцыі супраць экспарту калійных угнаеньняў, то немагчыма блякаваць SWIFT, бо празь яго гэтыя зьдзелкі праводзяцца
  • Зараз галоўны матыў — як не справакаваць канфлікт з Расеяй вакол Беларусі
  • Калі такі канфлікт узьнікне, бездапаможнасьць ЭЗ у зьнешняй палітыцы стане яшчэ больш відавочнай
  • У выніку атрымаліся больш слабыя санкцыі, чым былі ў 2011 годзе, хаця ўзровень рэпрэсіяў зараз у Беларусі значна вышэйшы, чым тады
  • Я ня веру, што палітыка Байдэна адносна Беларусі будзе больш жорсткай, чым была палітыка Трампа
  • Амэрыка не разглядае беларускае пытаньне як сваё прыярытэтнае пытаньне
  • ЗША ў Беларусі цікавіць па сутнасьці адно пытаньне — наяўнасьць ці адсутнасьць у Беларусі новых расейскіх вайсковых базаў
  • Калі Лукашэнка зможа гарантаваць, што іх ня будзе, то амэрыканцы збольшага будуць рабіць тое ж, што робяць зараз
  • Мне цікава, як спадарыня Фішар зьбіраецца ажыцьцяўляць свае функцыі амбасадаркі ў Менску
  • Калі яна ўручыць даверчыя лісты Лукашэнку, Амэрыка ня зможа больш казаць, што яна не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам.