«Мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета». Рэжысэрка пра фільм аб падзеях у Беларусі 9–16 жніўня

Постэр фільма Вольгі Абрамчык.

Беларуская рэжысэрка і журналістка тэлеканалу «Настоящее время» Вольга Абрамчык расказвае, як рабілася дакумэнтальнае кіно «Мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета» аб масавых пратэстах у Беларусі, чым гэты фільм унікальны, чаму глядзець яго будзе цяжка, але абавязкова трэба.

Фільм расказвае пра падзеі, якія адбыліся ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і ў першы тыдзень пасьля іх. Стужка змантаваная выключна з кадраў, зьнятых удзельнікамі і відавочцамі акцый пратэсту.

Аўтары дасылалі іх у рэдакцыі тэлеканалу «Настоящее время», беларускай службы Радыё Свабода, а таксама тэлеграм-каналам «Мая краіна Беларусь» і «Беларусь головного мозга».

  • Вольга Абрамчык — рэжысэр-дакумэнталіст і журналістка «Настоящего времени». Скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «тэлерэжысура» і чэскую кінаакадэмію Міраслава Ондржычка па спэцыяльнасьці «рэжысура дакумэнтальнага кіно». Яе фільм пра невідушчых футбалістаў зь Віцебску «Трэнэр» атрымаў шэраг прэстыжных узнагарод на міжнародных кінафэстывалях дакумэнтальнага кіно. Ужо пяць гадоў Вольга Абрамчык жыве і працуе ў Празе.


Вольга Абрамчык патлумачыла ў інтэрвію Свабодзе, чаму яна выбрала падзеі менавіта гэтага тыдня — 9–16 жніўня.

— За гэты тыдзень адбылося аб’яднаньне людзей. І першы «Марш свабоды» 16 жніўня быў неймаверны. Я знаходзілася ў Празе на карантыне і з раніцы да ночы праглядала тэлеграм-каналы, была паглыбленая ў тое, што адбывалася. І я зразумела, што з гэтага можа атрымацца добрае кіно. Кожная частка фільму зьнятая беларусамі, і назва фільму не выключэньне. На адным зь відэа я пабачыла дзяўчыну з плякатам «Мы ня зналі адно аднаго да гэтага лета», і я падумала, што гэта ідэальная назва для фільму. Гэтае кіно вельмі цяжка глядзець, але неабходна.

Глядзіце размову з Вольгай Абрамчык на відэа цалкам.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гульня ў цемры». Як беларуская рэжысэрка зьняла фільм пра невідушчых футбалістаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуская рэжысэрка прайшла шляхам сьвятога Якуба. Знакамітая пілігрымка ў 10 пытаньнях і адказах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ёсьць футбольная каманда невідушчых. І пра гэта зьнялі дакумэнтальны фільм