Жыхар Гомля шаснаццаты дзень галадае ў ізалятары. Яму дадалі яшчэ 15 сутак

Ілюстрацыйнае фота, ІЧУ Гомля

У ізалятары часовага ўтрыманьня Буда-Кашалёва шаснаццаты дзень галадае жыхар Гомля Ігар Краўчанка. Ён пратэстуе супраць несправядлівага арышту.

Пра галадоўку паведамілі Свабодзе ягоныя сябры, якія днямі завозілі ў Буда-Кашалёва рэчавую перадачу — бялізну і кнігі. Таксама яны перадалі Ігару ваду, сок і гарбату. У Буда-Кашалёўскім РАУС наўпрост не адказваюць на пытаньне, галадае арыштаваны ці не. Дзяжурны адказвае, што «ён мае права адмовіцца ад ежы».

25 студзеня суд Савецкага раёну Гомля арыштаваў Ігара Краўчанку на 15 дзён. На суд з ахвотных ніхто ня трапіў. У канцылярыі сказалі, што яго асудзілі паводле артыкула 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але якой, дзе і калі — не паведамілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказаў, што гэта ягонае рашэньне». Сябры сьцьвярджаюць, што арыштаваны на 25 дзён мянчук пачаў сухую галадоўку

Ігара Краўчанку затрымалі на выходных у Бабруйску, дзе ён быў у сваякоў. Тады ў Бабруйску адбыліся масавыя арышты і ператрусы.

Ён ня выйшаў на волю пасьля адбыцьця 15-дзённага арышту. Сваякам стала вядома, што Ігару Краўчанку дадалі яшчэ 15 сутак, і прычына чарговага пакараньня таксама невядомая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лекары Ігара больш не аглядаюць». Палітвязень Лосік за кратамі ўжо 223 дні