Amnesty International: Дзеці ў Беларусі — закладнікі рэжыму

Менск, 9 жніўня 2020 г.

Беларускія ўлады падчас сваёй кампаніі выкараненьня іншадумства ў краіне зьвяртаюцца да пагроз, перасьледу і запалохваньня дзяцей, заявіла Amnesty International напярэдадні 9 лютага, калі спаўняецца шэсьць месяцаў з пачатку масавых антыўрадавых выступленьняў у краіне.

Некаторым дзецям пагражае турэмнае зьняволеньне, тым часам як іншыя жывуць у страху, што іхныя бацькі трапяць у турму або што іх саміх перададуць пад апеку дзяржавы. Пра гэта Amnesty International расказвае ў сваім інфармацыйным брыфінгу, падрыхтаваным у рамках кампаніі #StandWithBelarus.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International заклікала расьсьледаваць катаваньні ў Беларусі

«Падчас жорсткага задушэньня іншадумства ўлады абыходзяцца зь дзецьмі цалкам непрымальным чынам. Некаторыя дзеці апынуліся ў адвольным зьняволеньні, і ім выставілі сфабрыкаваныя крымінальныя абвінавачаньні — такія самыя, як і дарослым», — заявіла Айша Джанг, старшы кіраўнік кампаній Amnesty International у Беларусі.

«Дзецям ва ўзросьце ад васьмі гадоў у школах пагражалі, што над іх палітычна актыўнымі бацькамі ўчыняць расправу. Адной з самых падступных формаў перасьледу і запалохваньня зьяўляецца пагроза выкарыстаньня заканадаўства для канфіскацыі дзяцей зь сем’яў і перадачы іх пад апеку дзяржавы, што фактычна робіць іх закладнікамі дзяржавы», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International прызнала лекара Арцёма Сарокіна і журналістку tut.by Кацярыну Барысевіч вязьнямі сумленьня

Чатырнаццацігадовы Алег (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) быў затрыманы ў Менску 12 жніўня АМАПам разам з сотнямі мірных дэманстрантаў і мінакоў.

«У мікрааўтобусе яго білі, рвалі за валасы, сілком прымусілі разблякаваць тэлефон, прыціснуўшы яго пальцы да экрана», — расказала Amnesty International яго маці.

Супрацоўнікі міліцыі выявілі ў яго ў кішэні невялікую ўлётку зь бел-чырвона-белым сьцягам. Гэтага было дастаткова, каб службы абароны дзяцей занесьлі сямʼю ў сьпіс для назіраньня, заявіўшы, што Алег жыве ў «сацыяльна небясьпечнай сытуацыі».

«Гэты выпадак увасабляе жорсткасьць рэпрэсій, разьвязаных беларускімі ўладамі, якія ідуць на ўсё, каб запалохаць сваіх крытыкаў. Гэтае бесчалавечнае абыходжаньне зь дзецьмі з боку дзяржавы ў палітычных мэтах і непрыгожая кампанія запалохваньня любога іншадумства павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Айша Джанг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У студзені пад рэпрэсіі ў Беларусі падпалі людзі ў веку ад 13 да 72 гадоў

Amnesty International пачала кампанію #StandWithBelarus 27 студзеня з публікацыі дакладу пра тое, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сыстэму правасудзьдзя для перасьледу ахвяраў катаваньняў, а не злачынцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі — першая заява на беларускіх сілавікоў за катаваньні