На ўсю Беларусь цяпер толькі адзін дэпутат ад апазыцыі — актывіст БХД Валер Білібуха зь вёскі Кабакі Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Упершыню аднавяскоўцы выбралі яго дэпутатам яшчэ ў 2014 годзе. У 2018-м Валер, які працуе вальшчыкам лесу, перавыбраўся. А пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году зазнаў на сабе, што такое ператрус з удзелам байцоў ГУБАЗіКу.
Ужо пасьля масавых акцый жніўня і верасьня нехта размаляваў у Бярозе дом міліцыянта «ўсякімі словамі». Той там яшчэ ня жыў, дом будаваўся, толькі газ быў падведзены. Але шум у раёне падняўся вялікі, пачалі «трэсьці» ўсіх мясцовых актывістаў і незалежную прэсу.
Анамальная зона. Рэпартаж з адзінага сельсавету, дзе другі раз запар на выбарах перамагае апазыцыянэр
Забралі сьцяг і два літры самагонкі
«Праехалі да мяне, шукалі фарбу, — расказвае Валер Білібуха. — Нічога не знайшлі. Чалавек шэсьць было, у сем раніцы прыехалі, 18 лістапада. Адзін міліцыянт зь Бярозы, панятыя і рэшта з ГУБАЗіК Берасьця. Ператрус праводзілі. І да мяне, і да сына ў Бярозе адначасова. Сын яшчэ пасьпеў пазваніць — міліцыя зь ператрусам. Я адразу здагадаўся, у чым справа. А праз 15 хвілін ломяцца ўжо. Пратакол паказалі — і давай шманаць. Потым у Бярозу павезьлі. Нічога не знайшлі, але сьцяг забралі, ноўтбук і два літры самагонкі. Самагонка добрая, 50 градусаў. Цяпер звоняць — прыяжджай забірай сваё палатно. Я кажу, якое палатно? Сьцяг гэта! А самагонку хай толькі мне паспрабуюць разбавіць, знарок сьпіртомэтрам праверу».
Сьцяг на доме Валера Білібухі вісеў зь ліпеня, дэпутат узьняў яго яшчэ да выбараў. Кажа, што быў абураны затрыманьнямі лідэраў і ходам выбарчай кампаніі. У сына Білібухі пасьля ператрусу забралі тэлефон. Дэпутат кажа, што пасьля таго, як міліцыя мабільнік вярнула, у ім сын знайшоў два «жучкі».
«Павезьлі нас у Баранавічы на паліграф, — працягвае Валер расказваць пра свае прыгоды з ГУБАЗіКам. Адну брыгаду зь Берасьця задзейнічалі, адну зь Бярозы, яшчэ трэцюю з Баранавічаў. Прынялі нас, як злосных парушальнікаў. І нічога ў іх на тым паліграфе не атрымалася. Падключылі палец да камп’ютара і пачалі распытваць, ці трымаў я ў руках балёнчык з фарбай, ці мо ведаю, хто фарбаваў. Ці гавару я праўду міліцыі. Па тры кругі адны і тыя ж пытаньні, і нічога. Два на палец датчыкі, яшчэ на грудзі, на руку. І нічога. А назад не павезьлі, толькі на цягнік у Баранавічах пасадзілі».
«Галасаваў за Ціханоўскую. У нас хіба быў выбар?»
Выбары 9 жніўня ў Кабаках прайшлі таксама «весела». Дэпутат кажа, што яго хацелі пакінуць на працы, нават наўмысна паставілі дзяжурствы на 9 і 10 жніўня. Але «нічога ў іх не атрымалася».
«Мы з прыяцелем маім пайшлі на ўчастак, — расказвае Валер пра выбарчы вечар. — Яны нам не давалі пратакол выніковы сфатаграфаваць. Пратаколы ж заўсёды на дзьвярах вывешвалі, а тут няма яго. Спэцыяльна прыехаў без 15 хвілін восем, прагаласаваў і кажу — давайце пратакол сфатаграфаваць. Выклікалі міліцыю на нас у выніку. Але пратакол мы сфатаграфавалі ўсё адно. За гэтага... (фразэалягізм. — РС), мусіць, 370 галасоў было, а за Ціханоўскую 170 недзе».
У такія вынікі дэпутат ня верыць. Кажа, што людзі паўсюль галасавалі за Ціханоўскую, і іх пэўна больш, чым тыя 170 галасоў, якія ёй налічыла выбарчая камісія.
Цяпер, па словах Валера Білібухі, людзі ў Кабаках і навакольных вёсках падзяліліся. Палова падтрымлівае дзейную ўладу, палова супраць. Ад гэтага першыя месяцы пасьля выбараў узьнікалі канфлікты і спрэчкі. Цяпер на вёсцы стала цішэй. Але пра сытуацыю ў краіне, пра колькасьць затрыманых і загінулых ведае ня так шмат людзей, як дэпутату хацелася б. Валер наракае на дзяржаўную прапаганду. Кажа, што раней яшчэ можна было выпісаць недзяржаўныя газэты, а цяпер засталася толькі СБ.
«У нас спакойна, у прынцыпе, тут было, — кажа Валер. — Людзі наглядзяцца тэлевізара і вераць. Хто тут інтэрнэт чытае! А вось у Бярозе выходзілі людзі, шмат сабралася. 120 чалавек схапілі за два дні. І сына майго. Але толькі 12 жніўня. Ён у ЖКГ працаваў на сьмецьцявозе. То ехаў, людзям пасыгналіў, яго і зьнялі. Пратакол склалі і штраф. Стварыў аварыйнае становішча, маўляў. 540 рублёў, ці што. Я на адпачынак грошы атрымаў, то заплацілі».
Валер Білібуха таксама расказвае, што пратаколы на сына некалькі разоў перапісвалі, але абышлося без пазбаўленьня правоў кіроўцы. Затое з працы звольнілі. Цяпер сын працуе на таксоўцы, атрымаў правы на кіраваньне фурай і чакае паляпшэньня сытуацыі з эпідэміяй, каб ехаць на працу за мяжу.
«Я за Ціханоўскую галасаваў, у нас хіба быў выбар? — запальваючы чарговую папяросу, працягвае дэпутат. — Выбару ў нас не было. А цяпер гэта ўвогуле беззаконьне. Уладу ўтрымліваюць сілавым шляхам. Але яны доўга не ўтрымаюцца. Да лета гэтае пытаньне вырашыцца. Тым больш у Расеі ўжо людзі паўсталі, усё хутка скончыцца».
«Дзякуй добрым людзям»
Валер ведае і пра лягер у Слуцку, і пра намеры ўлады пераабсталяваць «Воўчыя норы» (калёнія ля Івацэвічаў. — РС). Яны ад Кабакоў зусім блізка. Кажа, што часта кантактуе з жонкай Паўла Севярынца Вольгай. Сам Севярынцу пісаць у СІЗА пабойваецца, «бо я як нешта напішу на эмоцыях, то яшчэ і яму, і сабе нашкоджу». Таму вырашыў лепш дапамагаць па магчымасьці сям’і палітвязьня.
«Але так агулам я вам скажу, што ў людзей вочы ўсё ж адкрыліся, — кажа дэпутат. — Асабліва як гэтыя зьверствы пачаліся ў Менску, як людзей хапаюць, рэпрэсуюць. І зарплаты ж не растуць ніяк. Як было 300 рублёў два гады таму, то так і засталося. Нічога ж не мяняецца. Таму ўсё будзе добра».
Аптымізму адзінага апазыцыйнага дэпутата краіны можна толькі пазайздросьціць. Тым больш што ў самога Валера Білібухі зусім нядаўна згарэла хата. Засталіся толькі сьцены ды падлога, яны накрытыя цяпер часовым дахам з дошак і цыраты.
«Загарэлася з гарышча, — расказвае Валер. — У мяне кацёл на дровах і на газе. Я ўначы на газе ацяпляў, а днём яшчэ падцяпляў. Недзе быў перапад тэмпэратур, труба і лопнула. Умомант згарэла ўсё, 18 студзеня. Але хачу сказаць вялікі дзякуй пажарным нашым, хлопцы спрацавалі прафэсійна. Я ім вельмі ўдзячны. Хутка прыехалі, іх выклікалі людзі. У мяне нават рукі трэсьліся, ня мог сам пазваніць. І лясгасу свайму Івацэвіцкаму таксама падзякую, вельмі дапамаглі мне. Вельмі ўдзячны і людзям, якія дапамаглі, і аднавяскоўцам».
Дэпутат перакананы, што пажар быў выпадковасьцю, хоць па вёсцы і ішлі чуткі пра падпал. Цяпер выбарнікі з Кабакоў і ваколіц кідаюць яму на картку, хто колькі можа. Новыя выбары ў мясцовыя саветы ўжо праз год. Валер Білібуха зьбіраецца ўдзельнічаць у іх «жэстачайшым чынам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзіны абраны апазыцыйны дэпутат расказаў, як улады прапусьцілі яго ў сельсавет