Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас анансаваў стварэньне мэханізму для збору доказаў аб выпадках парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і паведаміў аб выдзяленьні 21 млн эўра на праграму падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў краіне. Пра гэта ён заявіў у суботу на онлайн-канфэрэнцыі «Салідарнасьць зь Беларусьсю».
«Мы распрацавалі плян падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі на суму да 21 мільёнаў эўра», — паведаміў міністар. У яго рамках прадугледжваюцца, у прыватнасьці, стыпэндыі студэнтам і школьнікам, «якія з прычыны іх удзелу ў дэманстрацыях былі выключаныя» з адукацыйных установаў. «Мы будзем падтрымліваць незалежныя СМІ. Мы акажам псыхалягічную дапамогу ахвярам катаваньняў і забясьпечым прытулак у Нямеччыне беларусам, якія цярпяць перасьлед», — запэўніў Маас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Салідарнасьць зь Беларусьсю». Міжнародная онлайн-канфэрэнцыя«І мы створым мэханізм, каб зьбіраць доказы супраць тых, хто парушае правы чалавека», — заявіў кіраўнік МЗС. Маас сьцьвярджаў, што «прыйдзе дзень, калі яны будуць прыцягнутыя да адказнасьці».
Нямецкі міністар лічыць, што ў Беларусі «дух дэмакратыі выпушчаны з бутэлькі і яго немагчыма вярнуць назад». Ён запэўніў удзельнікаў дэманстрацый у тым, што «Нямеччына і ЭЗ стаяяць на баку» пратэстоўцаў.