Пад зваротам супраць прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім за пяць дзён падпісаліся 101 945 чалавек.
Цяпер яго адправяць у МУС, Генпракуратуру і Міністэрства культуры. Адказаць на яго мусяць у адпаведнасьці з законам «Аб зваротах грамадзян».
«Мы лічым, што забарона на выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі не абгрунтаваная нічым, апроч палітычнага ціску на грамадзян, ня згодных зь дзеяньнямі дзейных уладаў, — гаворыцца ў звароце. — Мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сымболікі — гэта не жаданьне народу, а прыхамаць ста чалавек».
Падпісанты пэтыцыі патрабуюць:
- спыніць перасьлед беларусаў за выкарыстаньне сымболікі, якая ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасьць,
- прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг гісторыка-культурнай спадчынай.
Зварот у абарону бел-чырвона-белага сьцягу зьявіўся пасьля заявы пракуратуры, што яна прыняла да разгляду «калектыўны зварот аб незарэгістраванай сымболіцы».
У сюжэце на БТ 29 студзеня заявілі, што «больш за 100 грамадзян Беларусі патрабуюць лічыць бел-чырвона-белы сьцяг, які ў гады Вялікай Айчыннай стаў сымбалем зьверстваў на беларускай зямлі, экстрэмісцкім. Адпаведна, забараніць яго да публічнай дэманстрацыі».
Генпракуратуратады заявіла, што ўжо рыхтуе дакумэнты «аб прызнаньні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сьцяга і іншай сымболікі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўныміГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг