Недзяржаўным мэдцэнтрам у Беларусі зноў дазволілі рабіць ПЦР-тэсты на каранавірус

ПЦР-тэст

Зрабіць ПЦР-тэст на каранавірус можна будзе і ў недзяржаўных мэдычных установах. Максымальны тарыф на ПЦР-тэст не павінен перавышаць 79,5 рубля.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі дазволіла недзяржаўным мэдычным цэнтрам праводзіць тэставаньне на каранавірус мэтадам палімэразнай ланцуговай рэакцыі (ПЦР), паведаміў сайт ведамства.

ПЦР-тэсты змогуць праводзіць установы аховы здароўя недзяржаўнай формы ўласнасьці, якія маюць ліцэнзію на аказаньне лябараторнай дыягностыкі. Але толькі для патрэбаў дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя.

Недзяржаўныя арганізацыі змогуць ужываць да гранічна максымальнага тарыфу падвышальны каэфіцыент у памеры да 1,5. Пры гэтым яны мусяць выконваць суадносіны: адну такую паслугу аказваць дзяржаўным арганізацыям аховы здароўя на бясплатнай аснове, дзьве — на платнай.

Таксама дзяржаўныя органы ўстанавілі гранічны кошт дасьледаваньняў пры ўмове абавязковага выкананьня імі такой дыягностыкі на карысьць дзяржаўнай сыстэмы на бясплатнай аснове. Максымальны тарыф на паслугу ПЦР не павінен перавышаць 79,5 рубля.

Што казаў пра гэта Лукашэнка

На нарадзе 5 лістапада Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў увагу, што ў некаторых лябараторыях цана дасьледаваньняў на COVID-19 даходзіць «да 300 рублёў за адзін тэст», а людзі бягуць у гэтыя лябараторыі і «псыхоз ствараюць у грамадзтве». Ён даручыў «да панядзелка» 9 лістапада з гэтым разабрацца.

Лукашэнка заявіў, што тэставаньне на каранавірус павінна праходзіць у тых лябараторыях, які вызначыць Міністэрства аховы здароўя, а калі прыватныя лябараторыі захочуць «дапамагчы дзяржаве», то на «дзяржаўных умовах».

Пасьля гэтага прыватныя мэдцэнтры спынілі тэставаньне. У прыватнасьці, з 16 лістапада прыватная лябараторыя Synevo не аказвала паслугі ПЦР-тэставаньня на каранавірус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар аховы здароўя Беларусі заявіў пра стабілізацыю сытуацыі з каранавірусам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірусныя арэлі. Пасьля рэзкага спаду колькасьць новых выпадкаў падскочыла больш як на тысячу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эфэктыўнасьць вакцынаў ад COVID-19. Адной карцінкай