Стэфан Лазавік і Віктар Лосік сталі новымі палітвязьнямі рэжыму Лукашэнкі, паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Стэфана Лазавіка асудзілі ў Горацкім раёне па ч.1 арт. 339 (хуліганства) да 1 году пазбаўленьня волі. Здарылася гэта яшчэ 26 лістапада летась. Былога назіральніка на прэзыдэнцкіх выбарах прызналі вінаватым у надпісе «Он проиграл и стал убивать. Скот уходи!»
Віктару Лосіку прад’явілі абвінавачаньні па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці). Яго затрымалі ў Хацежыне Менскага раёну за надпіс «Не забудем, не простим!» Таксама Лосік павесіў на мосьце пудзілы з фатаздымкамі міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастку для галасаваньня, а на апоры моста нанёс выявы гербу «Пагоня».
Паколькі надпісы абодвух затрыманых відавочна адносяцца да пратэставай дзейнасьці, іх дзеяньні нельга было кваліфікаваць па крымінальным артыкуле «Хуліганства». Герб «Пагоня» ўваходзіць у сьпіс нацыянальных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, і адпаведна, ня можа падпадаць пад азначэньне «апаганьваньня збудаваньняў надпісамі палітычнага зьместу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі яшчэ 4 чалавек, у тым ліку рабочых БМЗ, агулам такіх ужо 224Праваабаронцы прызнаюць, што падобныя дзеяньні не маглі прынесьці істотнай матэрыяльнай шкоды, а пазбаўленьне Лазавіка і Лосіка волі мае бясспрэчна палітычную матывацыю.
Заяву аб прызнаньні Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітвязьнямі падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар;
- «Беларускі Хэльсынскі Камітэт»;
- Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend;
- Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве «Х'юман канстанта»;
- Беларускі ПЭН-цэнтар;
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
- Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;
- «Прававая ініцыятыва».