«Левада»: узровень ухваленьня Пуціна сярод моладзі ўпаў на чвэрць за год

Уладзімір Пуцін

Толькі палова людзей ва ўзросьце 18–21 ухваляе дзейнасьць Пуціна. Гэта паказала апытаньне «Левада-цэнтру», праведзенае ў студзені 2021 году. Са студзеня 2020 году ўзровень ухваленьня прэзыдэнта ў гэтай групе ўпаў на чвэрць, у параўнаньні з посткрымскай эўфарыяй — амаль удвая.

Мінімальным студзеньскі ўзровень ухваленьня Пуціна аказаўся ня толькі сярод моладзі, але і ў іншых узроставых групах. Падзеньне ў гэтых групах было не такое рэзкае: сярод людзей 25–39 гадоў — на 34%, 40–45 гадоў — на 25%. Нават у самой ляяльнай дзейнаму прэзыдэнту Расеі групе 55+ узровень ухваленьня з часоў Крыму ўпаў на 9%, хоць і застаецца вельмі высокім: яго дзейнасьць ухваляюць 74% супраць 51% сярод самых маладых апытаных.

Дырэктар «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў адзначыў, што рост крытычнага стаўленьня да ўладаў — працяг той тэндэнцыі, якая разьвіваецца апошнія два гады. «Пандэмія тут стала каталізатарам таго назапашваньня раздражненьня, якое складалася раней. На мой погляд, гэта таксама зьвязана зь дзеяньнямі Аляксея Навальнага, абурэньнем ад арышту і посьпехам фільму пра Пуціна», — кажа Гудкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Левада-цэнтар»: расейцаў усё менш цікавяць пратэсты ў Беларусі

У цэлым па ўсіх узростах узровень ухваленьня і неўхваленьня дзейнасьці прэзыдэнта за апошнія чатыры гады прынцыпова не зьмяніўся. Па дадзеных за студзень 2021-га, яго дзейнасьць ухваляюць 64% расейцаў. Не ўхваляюць — 34%.

Па дадзеных «Левада-цэнтру», самага высокага ўзроўню рэйтынг даверу Уладзіміру Пуціну дасягнуў у 2015 годзе. Тады ён склаў 80%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне «Левада-цэнтру»: у Расеі Пуціну давяраюць 23%

У канцы студзеня фонд «Грамадзкая думка» паведаміў, што за тыдзень з 17 па 24 студзеня ўзровень даверу прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну апусьціўся з 55% да 53%. Гэтае зьніжэньне адбылося на фоне выхаду фільму «Палац для Пуціна» і шматтысячных акцый пратэсту ў падтрымку Аляксея Навальнага.