Віктара Бабарыку і топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку» пачнуць судзіць 17 лютага

Ачапленьне вакол суду Маскоўскага раёну Менска, 4 лютага

Удзельніка выбарачай кампаніі Віктара Бабарыку і іншых фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» будуць судзіць 17 лютага. Такое рашэньне прыняў Вярхоўны суд.

Першае папярэдняе паседжаньне пры падвышаных захадах бясьпекі прайшло 4 лютага ў будынку суду Маскоўскага раёну, без удзелу Віктара Бабарыкі.

Крымінальная справа прынятая да вытворчасьці па першай інстанцыі Вярхоўным судом. Гэта значыць, прысуд ня можа быць абскарджаны і ўступіць у сілу адразу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без Бабарыкі і незалежных СМІ. У Менску прайшоў папярэдні працэс у справе «Белгазпрамбанку». Асноўны суд чакаецца 17 лютага

У злачынствах абвінавачваюцца: Віктар Бабарыка (ч.2 арт.235, ч.3 арт. 430 КК), Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дьмітры Кузьміч, Алксандар Ільясюк, Сяргей Дабралет (ч. 3 арт. 430 КК), Віктар Кабяк (ч. 2 арт. 431 КК).

З шасьцю абвінавачанымі (Бадзей, Дабралет, Кузьміч, Ільясюк, Шабан, Кабякоў) заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве. Віктар Бабарыка і Аляксей Задойка адмовіліся падпісаць угоду са сьледзтвам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарант справядлівасьці, клапатлівы бацька» — некаторыя сваякі фігурантаў «Белгазпрамбанку» зьвярнуліся да Лукашэнкі

Згодна інфармацыі сьледзтва, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай і легалізацыі даходаў.

Іншыя былыя топ-мэнэджары абвінавачваюцца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай.