Паводле кіраўніка прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу Дырка Шубэля, правілы ЭЗ не дазваляюць уключаць дзяржаўныя арганізацыі ў сьпіс тэрарыстычных. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію БелаПАН.
Пры гэтым ён нагадаў, што Эўразьвяз увёў санкцыі супраць кіраўнікоў падразьдзяленьняў АМАП, а таксама афіцэраў і камандзіраў іншых структур, якія былі датычныя да жорсткіх рэпрэсій пратэстоўцаў.
Што яшчэ сказаў Шубэль
Ужываньне імі [сілавікамі] празьмернай сілы, сэксуальнага гвалту, катаваньняў і ў некаторых выпадках жорсткасьці, якая прывяла да сьмерці мірных дэманстрантаў, шырока задакумэнтавана.
Такія злачынствы не павінны заставацца непакаранымі, мы асуджаем іх і рашуча падтрымліваем заклік прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Мы афіцыйна і неафіцыйна запытвалі доступ у месцы ўтрыманьня пад вартай і пэнітэнцыярныя ўстановы на фоне паведамленьняў аб нялюдзкім або неналежным абыходжаньні са зьняволенымі і затрыманымі. Станоўчага адказу не было, але мы працягнем рабіць усё магчымае для вызваленьня соцень беларусаў, пазбаўленых волі з палітычных матываў, і тых, чые правы на гуманнае абыходжаньне і справядлівы судовы разбор парушаюцца.
Мы не прымаем сьцьвярджэньні дзяржаўных СМІ Беларусі пра тое, што менавіта абмежавальныя меры Эўрапейскага зьвязу, старанна прадуманыя, ставяць пад пагрозу эканамічнае становішча грамадзян краіны. За апошні тыдзень мы атрымалі мноства паведамленьняў пра тое, што адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і дзяржустаноў у Беларусі прымушалі сваіх супрацоўнікаў падпісваць лісты, у якіх сьцьвярджалася іншае. Усё, што я магу сказаць, гэта тое, што прымус супрацоўнікаў з дапамогай пагроз звальненьня і іншых парушэньняў іх правоў — гэта менавіта тыя паводзіны, якія санкцыі ЭЗ закліканыя спыніць.
Можна колькі заўгодна вінаваціць замежных «лялькаводаў», захапляцца тэорыямі змовы, перасьледаваць ахвяр злачынстваў і пераключаць увагу з прычыны на сьледзтва — ад гэтага рэальнасьць не мяняецца. Толькі адкрыты і справядлівы палітычны працэс забясьпечыць устойлівае ўрэгуляваньне цяперашняга крызісу.
Нам давялося прыпыніць ажыцьцяўленьне прыкладна паловы абʼёму праграм двухбаковага супрацоўніцтва. Праекты, якія прыносяць непасрэдную карысьць грамадзянам і ажыцьцяўляюцца ва ўзаемадзеяньні зь недзяржаўнымі, мясцовымі і рэгіянальнымі партнэрамі ў сфэры моладзі, навакольнага асяродзьдзя, малога і сярэдняга бізнэсу, мясцовага разьвіцьця, мабільнасьці, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, будуць працягвацца.
Падтрымка Эўразьвязам народу Беларусі ня мае дачыненьня да якіх бы там ні было геапалітычных пераваг або інтарэсаў. Гэта простае жаданьне падтрымаць беларусаў у рэалізацыі іх права выбіраць, каму яны давераць кіраўніцтва краінай у такі важны час, калі Беларусь, як і ўвесь сьвет, сутыкаецца з эканамічнымі і сацыяльнымі наступствамі пандэміі COVID-19. Ніколі яшчэ давер паміж грамадзянамі і іх лідэрамі ня быў такім неабходным.
Для нас будзе надзвычай важна падтрымаць дэмакратычную Беларусь і яе грамадзян. У прыватнасьці, мы згодныя зь неабходнасьцю распрацоўкі ўсёабдымнага пляну эканамічнай падтрымкі краіны. Гэты плян будзе распрацаваны спэцыяльна, каб дапамагчы новай дэмакратычнай Беларусі задаволіць фінансавыя патрэбы і падтрымаць працэс рэформаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: Такіх рэпрэсій і катаваньняў не было ў найноўшай гісторыі Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыё пра забойствы і лягеры для пратэстоўцаў. Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лыжкі робяць зь цюбіка ад зубной пасты». Ігар Лосік за кратамі ўжо 220 дзён