Прызначаны пасол ЗША ў Менску і намесьнік міністра замежных спраў Польшчы заявілі пра недапушчальнасьць гвалту над беларускімі грамадзянамі.
Сытуацыю ў Беларусі абмеркавалі прызначаны пасол ЗША ў Менску Джулі Фішэр і намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.
«Пасол Фішэр падкрэсьліла, што ЗША занепакоеныя працягам парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа з боку рэжыму Лукашэнкі», — паведаміла амэрыканскае дыппрадстаўніцтва.
«Рады пазнаёміцца з паслом Джуліяй Фішэр. Гэта было карыснае абмеркаваньне апошніх падзей у Беларусі. І Польшча, і ЗША згодныя з тым, што акты гвалту ў дачыненьні да беларусаў, якія назіраліся ў апошнія месяцы, недапушчальныя. Беларусь вельмі важная для ўсіх нас», — напісаў Пшыдач на сваёй старонцы ў «Твітэры».
У Варшаве Фішэр сустрэлася таксама з кіраўніком Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня Паўлам Латушкам, «каб даведацца аб важнай працы», якая праводзіцца НАК, паведаміла пасольства ЗША ў Беларусі.
Фішэр і Латушка абмеркавалі «мноства тэм, уключаючы падтрымку Беларусі Злучанымі Штатамі Амэрыкі, а таксама Акт аб дэмакратыі ў Беларусі».
Таксама Джулі Фішэр сустрэлася з прадстаўнікамі тэлеканалу «Белсат».
З 1 да 8 лютага Фішэр наведае некалькі эўрапейскіх гарадоў. «У рамках бягучых кансультацый прызначаны пасол Фішэр сустрэнецца з партнэрамі з урадаў, навуковых колаў і грамадзянскай супольнасьці для абмеркаваньня намаганьняў, якія яны робяць, а таксама шляхоў сумеснай працы для падтрымкі імкненьняў беларускага народа да захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці, а таксама ўмацаваньня дэмакратыі і павышэньня дабрабыту», — паведаміла пасольства ЗША.
15 сьнежня 2020 году Сэнат Кангрэсу ЗША зацьвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду пасла ў Беларусі. 24 сьнежня яна прынесла прысягу ў якасьці кіраўніка дыпляматычнага прадстаўніцтва. Дата прыбыцьця новага пасла ЗША ў Беларусь пакуль не называецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая амбасадарка ЗША ў Менску наведае эўрапейскія сталіцы для абмеркаваньня «беларускага пытаньня»У канцы студзеня Атлянтычная рада прадставіла даклад «Байдэн і Беларусь: стратэгія для новай адміністрацыі», у якім сярод іншага ёсьць рэкамендацыі для новага пасла ЗША ў Беларусі.
«Злучаныя Штаты павінны называць Лукашэнку былым прэзыдэнтам Беларусі. Пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр павінна заняць свой пост у Менску і наведаць Вільню па меры неабходнасьці, але не ўручаць Лукашэнку свае даверчыя граматы», — гаворыцца ў дакладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атлянтычная Рада: Байдэн павінен называць Лукашэнку былым прэзыдэнтам і сустрэцца зь Ціханоўскай