Эўрапейскі вяшчальны зьвяз ня хоча выключаць са свайго складу Белтэлерадыёкампанію: «Мы па-за палітыкай»

Пратэст супраць беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, 15 жніўня 2020

Кіраўнік Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу паведаміў Беларускаму фонду культурнай салідарнасьці, што ня будзе выключаць Белтэлерадыёкампанію са складу арганізацыі.

Раней Беларускі фонд культурнай салідарнасьці распачаў кампанію для выключэньня Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу (EBU) і пазбаўленьня яе права на трансьляцыі і ўдзел вяшчальніка ў «Эўравізіі». Адпаведны ліст кіраўнік фонду Сяргей Будкін накіраваў у офіс Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу, які месьціцца ў Жэнэве.

Гэты зварот падтрымаў і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка, які ў сваім лісьце абгрунтаваў мэтазгоднасьць выключэньня, спасылаючыся на статут зьвязу і яго этычны кодэкс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапейскі вяшчальны зьвяз накіравалі ліст з просьбай выключыць з арганізацыі Белтэлерадыёкампанію

У сваім адказе на імя Сяргея Будкіна генэральны дырэктар Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу Ноэль Куран запэўніў, што «мы працягваем уважліва сачыць за цяжкім становішчам СМІ ў Беларусі і рашуча асуджаем напады міліцыі на мясцовых і замежных журналістаў, якія асьвятляюць грамадзянскія пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў».

Аднак «EBU — гэта прафэсійная арганізацыя, незалежная ад палітыкі», — дадаў Ноэль Куран.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура адмовілася завесьці крымінальную справу на Азаронка


«Калі EBU па-за палітыкаю, як можа ў такім разе ў яе складзе прысутнічаць арганізацыя, якая шматкроць парушала правы чалавека, міжнароднае права, падтрымлівала гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян, распальвала варажнечу, звальняла сваіх супрацоўнікаў за палітычныя погляды, па палітычных жа матывах скасавала кантракт з пераможцам нацыянальнага адбора да „Еўрабачаньня“. Цалкам згодны з сп.Куранам. EBU павінна быць па-за палітыкаю. А значыць без БТ у складзе,» — пракамэнтаваў адказ кіраўнік Беларускага фонду культурнай салідарнасьці Сяргей Будкін ў сваім фэйсбуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бел-чырвона-белы сьцяг, немцы і Галакост. Гісторыкі з чатырох краін абмеркавалі афіцыйную прапаганду

Варта нагадаць, што доўгі час кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў адказ на патрабаваньне адмяніць правядзеньне ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі-2021 цьвердзіла, што «спорт па-за палітыкай», аднак пад ціскам грамадзкасьці пазбавіла Менск права праводзіць хакейны чэмпіянат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спорт заўжды быў палітыкай». Гісторыя спартовага мэнэджара, звольненага за пратэст супраць гвалту