Міністры спорту ЭЗ прапануюць не праводзіць міжнародныя чэмпіянаты ў краінах, дзе парушаюцца правы чалавека

Адказныя за спорт міністры краінаў Эўразьвязу зьвярнуліся ў Эўракамісію з прапановай не праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў краінах, дзе парушаюцца правы чалавека.


Міністры нагадалі, што ў 2013 годзе перад Эўракамісія ўжо ўздымала тэму немэтазгоднасьці правядзеньня міжнародных спартовых спаборніцтваў у такіх краінах.

Гэта актуальна і сёньня, напісалі міністры ў лісьце эўракамісару інавацый і моладзі Марыі Габрыэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэмпіянат сьвету ў сучасным пяціборстве перанесьлі зь Менску ў Каір

«Некаторыя буйныя міжнародныя спартовыя мерапрыемствы праводзяцца або плянуюцца ў дзяржавах, дзе аб парушэньнях правоў чалавека паведамлялася міжнароднымі мэханізмамі маніторынгу, а фізычная і маральная недатыкальнасьць спартоўцаў не зьяўляецца аксіёмай,— гаворыца ў лісьце. — Гэта супярэчыць артыкулу 18 Алімпійскай хартыі. Асабліва варта прыгадаць (але ня толькі) Беларусь, дзе, па словах дакладчыка АБСЭ, «сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека» былі прызнаныя «масавымі, сыстэматычнымі і даказанымі, па-за усялякімі сумневамі».

У гэтым кантэксьце мы, міністры, якія адказваюць за спорт, хочам паўтарыць зьмест заявы, зробленай міністрамі спорту ЭЗ у 2013 годзе. Вельмі важна забясьпечыць захаваньне правоў чалавека ва ўсіх краінах, якія арганізуюць буйныя міжнародныя спартовыя спаборніцтвы як унутры, так і па-за межамі Эўрапейскага Зьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць рэчы, важнейшыя за спорт», — хакеістка-айцішніца, аўтарка пэтыцыі за адмену хакейнага чэмпіянату ў Менску

Цалкам паважаючы аўтаномію спорту, варта заахвочваць міжнародныя спартовыя арганізацыі да прыняцьця адказных рашэньняў у дачыненьні да гаспадароў буйных спартовых мерапрыемстваў. Мы хацелі б заклікаць Эўрапейскую камісію ў адпаведных сфэрах кампэтэнцыі ЭЗ узяць на сябе абавязацельства вызначыць адпаведны палітычны падыход да гэтага важнага пытаньня, — гаворыцца ў заяве, падпісанай міністрамі 24-х краінаў Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Параўноўвалі з кухаркамі, якія павінны баршчы варыць», — найлепшая футбалістка Беларусі, якая выступіла супраць гвалту