«Лыжкі робяць зь цюбіка ад зубной пасты». Ігар Лосік за кратамі ўжо 220 дзён

Ігар Лосік

Палітвязень паступова выходзіць з галадоўкі. Турэмныя лекары перасталі назіраць за яго станам.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Тыдзень таму ён спыніў галадоўку, якую трымаў больш за 40 дзён. Цяпер адчувае сябе лепш. У першыя дні пасьля галадоўкі кожны прыём ежы выклікаў болі ў страўніку.

«Ігар ужо есьць кашы, сухафрукты, — расказала Свабодзе жонка Ігара Дар’я. — На жаль, яго ніводнага разу з моманту спыненьня галадоўкі не аглядаў урач. Ігара нават не пытаюць там, як ён сябе адчувае. Але Ігар сказаў, што яго завалілі лістамі. У яго цяпер больш за сто лістоў толькі такіх, на якія ён пакуль яшчэ не адказаў. Будзе па магчымасьці адказваць на ўсе».

Па словах Дар’і, муж і яго сукамэрнікі маюць нязручнасьці ў прыёме ежы. У прыватнасьці, сталовыя прыборы (лыжкі. — РС) ім выдаюць толькі падчас «афіцыйнага» абеду альбо вячэры. Калі хтосьці ў камэры захоча паесьці ў іншы час, то замест лыжкі — пусты цюбік з-пад зубной пасты.

«Лыжкі ім у камэры выдаюць толькі на час яды, калі прыносяць абед, — расказвае Дар’я Лосік. — Потым забіраюць. Увесь іншы час, калі яны нешта робяць сабе зь ежы, то карыстаюцца цюбікамі з-пад зубной пасты. Робяць зь іх лыжкі. Ігар так есьць кашы».

Па словах Дар’і, па-ранейшаму нічога не вядома ані пра перадачу справы Ігара Лосіка ў суд, ані пра нейкія сьледчыя дзеяньні зь яго ўдзелам. Палітвязьня абвінавачваюць па артыкуле 293 — «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». А таксама па 342 артыкуле — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У першыя дні пасьля яды балела». Жонка Ігара Лосіка расказала, як ён выходзіць з галадоўкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чаканьні Ігара. Як жыве жонка палітвязьня Дарʼя Лосік. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За зімой абавязкова надыходзіць вясна». Ігар Лосік спыніў галадоўку

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.