Суд Савецкага раёну Менску асудзіў палітвязьня Дзьмітрыя Дубкова на 7 гадоў. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 214 (крадзеж транспартнага сродку) і ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) Крымінальнага кодэксу. Якраз такога пакараньне ў судзьдзі Алены Жуковіч прасіла пракурор Настасься Маліка, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Дзьмітры Дубкоў — 29-гадовы дальнабойнік. У ноч з 10 на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску. Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор папрасіла суд пакараць палітвязьня Дубкова 7 гадамі зьняволеньняУ апошнім слове Дубкоў параўнаў цяперашняе жыцьцё беларусаў з творам «Фэрма» Джорджа Оруэла. Ён сказаў, што кіраўніка ў «групы» — хоць гэтак кваліфікавала справу сьледзтва — не было. Як не было і выкраданьня транспартнага сродку. Дубкоў сказаў, што адмовіўся ад зьдзяйсьненьня злачынства. Усе свае парушэньні палітвязень лічыць вартымі максымум адміністрацыйнага перасьледу, а ніяк не крымінальнага.
«Я ня згодны з вынікамі выбараў, бо дзяржава дзейнічае ў інтарэсах адной асобы. Я не разумею, чаму гэта адбываецца. Цяпер сотні сядзяць ні за што, і яны знаходзяцца ў палоне ў аднаго чалавека, які заяўляў пра свае злачынствы».
Прысуд Дзьмітрыю Дубкову — самы суворы ў поствыбарчы пэрыяд. Таксама 7 гадоў зьняволеньня прысудзілі Ўладзімеру Гароху ў Наваградку. Яго прызналі вінаватым у падрыхтоўцы «дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», у горадзе і ў іншых раёнах Горадзенскай вобласьці. Нічога з тых парушэньняў парадку насамрэч зьдзейсьнена не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 гадоў калёніі аднаму, паўтара — другому: жыхароў Наваградку асудзілі за падрыхтоўку да пратэстаў, якіх яны не ажыцьцявілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 гадоў зьняволеньня і 1,5 мільёна рублёў штрафаў. Беларускія суды ў лічбах