За зьнявагу супрацоўніка ДАІ ў сацсетцы магілёўца пакаралі «хатняй хіміяй»

Ігар Міцянкоў на судзе

31-гадовы магілёвец Ігар Міцянкоў на ўздыме пратэставых акцыяў рэзка пракамэнтаваў у сацыяльнай сетцы публікацыю з асабістымі дадзенымі супрацоўніка ДАІ Аляксандра Кіркалава.

Выказваньне мужчыны ў абласной міліцыі палічылі зьняважлівым, а пацярпелы напісаў заяву аб прыцягненьні «неўстаноўленых асобаў да крымінальнай адказнасьці». Між тым лінгвістычная экспэртыза неадназначна трактуе словы падсуднага.

2 лютага Ігару Міцянкову за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў Ленінскі суд Магілёва прысудзіў 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. Судзьдзя Тацяна Касьцюк пастанавіла, што абвінавачаны мусіць выплаціць Аляксандру Кіркалаву 1 тысячу рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Пацярпелы міліцыянт зьбіраецца аддаць грошы цэнтру анкалёгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Магілёўшчыне прадпрымальнікі не даказалі ў судзе, што кіраўнік раёну зьняважыў іх на праўладным мітынгу

Нагодай для крымінальнага перасьледу Міцянкова стаў ягоны камэнтар да паста, апублікаванага 3 верасьня 2020 году «ЎКантакце» ў суполцы «Народны патруль Магілёва» .Сваю віну падсудны прызнаў цалкам і раскаяўся.

У апошнім слове ён выбачыўся перад Кіркалавым. Пра матывы свайго ўчынку не сказаў, але адзначыў, што гэта была памылка. На адным з пасяджэньняў ягоная жонка, якая выступала на судзе сьведкай, пераказала словы мужа: «Быў на эмоцыях ад абстаноўкі, якая тварылася ў краіне, калі штрафавалі шмат людзей, якія проста сыгналілі і выходзілі на вуліцу». Абвінавачаны прасіў суд не абмяжоўваць яму волі, а аштрафаваць, бо ў яго малалетняе дзіця. Таксама прасіў зьменшыць кампэнсацыю маральнай шкоды да 500 рублёў.

Дзяржаўнае абвінавачаньне патрабавала даць падсуднаму 2 гады «хіміі». Аляксандар Кіркалаў палічыў такое пакараньне суворым і прасіў прызначыць свайму крыўдзіцелю 1 год абмежаваньня волі.

У высновах судова-лінгвістычнай экспэртызы адзначана, што ў выказваньні Міцянкова ёсьць «лінгвістычныя прыкметы зьняважлівасьці», а адно са словаў у ім «непрыстойнае зьместам, але не паводле формы». З тлумачэньняў адмыслоўкі з аддзелу беларуска-расейскіх моўных сувязяў Акадэміі навук, якая рабіла экспэртызу, вынікала, што «лінгвістычныя прыкметы зьняважлівасьці» ня тоесныя «зьнявазе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За абразу прэс-сакратаркі МУС Чамаданавай менчука асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» і 5000 рублёў кампэнсацыі

У Магілёве гэта трэці абвінаваўчы прысуд за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў. Аднаго зь лідэраў мясцовых пратэстаў, праваабаронцу Валадара Цурпанава асудзілі на 3 гады «хіміі» за зьнявагу двух судзьдзяў. На два гады адправілі ва ўстанову адкрытага тыпу актывіста Станіслава Паўлінковіча.