Урад Расеі ўнёс на ратыфікацыю ў Дзяржаўную Думу пратакол аб зьменах у расейска-беларускае пагадненьне аб выдзяленьні Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Дакумэнт разьмешчаны на сайце Думы і прадугледжвае наступныя ўмовы рэструктурызацыі беларускіх абавязаньняў:
- падаўжэньне пэрыяду выкарыстаньня крэдыту на 2 гады (да канца 2022),
- перанос даты пачатку пагашэньня асноўнага доўгу з 1 красавіка 2021 году на 1 красавіка 2023-га,
- замена цяперашняй «зьмяшанай» працэнтнай стаўкі па крэдыце на фіксаваную ў памеры 3,3% гадавых.
Пагадненьнем ад 25 лістапада 2011 году паміж урадамі Беларусі і Расеі аб выдзяленьні дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва БелАЭС была зацьверджаная сума ў 10 млрд даляраў.
«У абгрунтаваньні сваёй просьбы аб пераглядзе ўмоваў вяртаньня крэдыту беларускі бок спаслаўся на зьніжэньне ўзроўню сусьветных коштаў на нафту і газ, што, на думку партнэраў, пацягнула за сабой зьніжэньне даходнасьці і павелічэньне тэрміну акупнасьці атамнага праекту», — адзначаецца ў тлумачальнай запісцы.