Двух беларускіх цяжкаатлетаў дыскваліфікавалі на 4 гады за допінг

Ілюстрацыйнае фота

Адзін са спартоўцаў спрабаваў сфальшаваць допінг-спробу, за што таксама караюць.

Міжнародная фэдэрацыя цяжкай атлетыкі дыскваліфікавала на 4 гады 27-гадовага беларуса Вадзіма Ліхарада, які заваяваў бронзавыя мэдалі чэмпіянату сьвету ў 2018-м і эўрапейскага першынства 2019 году, піша «Інтэрфакс-Захад».

Спартоўца дыскваліфікавалі да 26 студзеня 2024 году. У тэрмін дыскваліфікацыі ўключылі апошні год, цягам якога цяжкаатлет быў адхілены ад спаборніцтваў. У студзені 2020 году ў допінг-спробе Ліхарада выявілі анабалічныя стэроіды дэгідрахлёрмэтыл-тэстастэрон.

Таксама на 4 гады адхілілі ад усіх турніраў Максіма Мудрэўскага, які ў 2015 годзе перамог на чэмпіянаце Эўропы сярод моладзі. Ён спрабаваў сфальсыфікаваць допінг-спробу. Тэрмін яго дыскваліфікацыі адлічваецца з 3 жніўня 2020 году і скончыцца толькі 2 жніўня 2024-га. Акрамя таго, анулююцца ўсе вынікі спартоўца, пачынаючы з 4 сакавіка 2016-га.

Допінг у беларускіх майстроў цяжкай атлетыкі шмат разоў знаходзілі і ў папярэднія гады. Напрыклад, на чэмпіянаце сьвету – 2015 у амэрыканскім Х’юстане станоўчыя спробы на забароненыя прэпараты знайшлі ў Анастасіі Новікавай і Аляксандра Венскеля. Прычым у іхнай крыві знайшлі той самы дэгідрахлёрмэтыл-тэстастэрон, што і цяпер у Ліхарада.

У 2016 годзе ў беларускі Ірыны Кулешы адабралі бронзавы мэдаль пасьля пераправеркі допінг-спробы Алімпійскіх гульняў – 2012 у Лёндане. Прычым у яе крыві таксама быў згаданы стэроід.

Неаднаразова забароненыя анабалічныя стэроіды знаходзілі і ў крыві беларускіх прадстаўнікоў іншых відаў спорту, у прыватнасьці лёгкай атлетыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача: былы кіраўнік усясьветнага біятлёну быў карумпаваны Расеяй