Ізраіль і Косава завязалі дыпляматычныя адносіны

У Прышціне для ўрачыстай двухбаковай онлайн-цырымоніі паклалі чырвоную дывановую дарожку перад дзяржаўнымі сьцягамі Косава і Ізраіля. 1 лютага 2021.

Часткова прызнаная балканскай дзяржава Рэспубліка Косава і Ізраіль афіцыйна абвясьцілі аб завязваньні дыпляматычных адносінаў. Пасярэднікам пры дасягненьні дамоўленасьцяў выступілі ЗША.

У найбліжэйшай будучыні, як чакаецца, балканская дзяржава, большасьць насельніцтва якой складаюць мусульмане, адкрые сваю амбасаду ў Ерусаліме, паведаміла Балканская рэдакцыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Кіраўнікі МЗС Косава і Ізраіля 1 лютага падпісалі сумесную заяву падчас онлайн-цырымоніі, якая адбылася адначасова ў Ерусаліме і Прышціне. Такі фармат важнай для абедзьвюх краінаў дыпляматычнай падзеі зьвязаны з пандэміяй каронавірусу.

Падчас онлайн-цырымоніі падпісаныя дакумэнты былі адсканаваныя і перасланыя абодвум бакамі адзін аднаму з дапамогай электроннай пошты.

Косаўскі міністар замежных спраў Мэліза Харадынай-Стубла заявіла, што ўсталяваньне дыпляматычных адносінаў было б немагчымым без «благаслаўленьня і вырашальнага ўдзелу ЗША». Міністар замежных спраў Ізраіля Габі Ашкеназі падзякаваў ЗША за іх ролю ў дасягненьні пагадненьня і назваў гэтую падзею «важным, хвалюючым гістарычным крокам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль органамі палонных і забойствы апанэнтаў. Чаму прэзыдэнта Косава абвінавачваюць у ваенных злачынствах
  • Большасьць заходніх дзяржаў прызналі незалежнасьць Косава ад Сэрбіі. У Бялградзе, Маскве і Пэкіне адмаўляюцца гэта зрабіць.
  • У сьнежні 2019 Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычэм заявіў, што «Беларусь ніколі не прызнае незалежнасьць Косава».
  • Косава абвясьціла сваю незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе, праз 9 гадоў пасьля таго, як NATO правяло 78-дзённыя бамбаваньні Бялграду падчас мэтанакіраваных спробаў пераканаць Сэрбію ў неабходнасьці спыніць ваенныя дзеяньні супраць этнічных альбанцаў у Косаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка з Сэрбіяй сябраваў