Суд Маскоўскага раёну Менску разгледзеў справы пэнсіянэрак, якіх схапілі 29 студзеня на вуліцы Рафіева. Яны сустрэліся, каб сабраць грошы для хворага дзіцяці.
Тады затрымалі 7 жанчын, але ўначы 68-гадовую Ніну Кавалгіну ўсё ж адпусьцілі.
Як паведамляе «Вясна», 1 лютага жанчын судзілі паводле арт. 23.34 КаАП.
61-гадовую Ірэну Курацкую судзьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Пірожнікава адправіла на 15 сутак арышту. Жанчына перамагла рак, цяпер у яе рэмісія.
62-гадовая Тацяна Лядак рашэньнем судзьдзі Лідзіі Целіцы таксама правядзе 15 сутак на Акрэсьціна. На судзе жанчына тлумачыла, што яны сустрэліся, каб сабраць грошы на лячэньне дзіцяці, а дома яе чакае хворая 85-гадовая маці.
56-гадовую Тацяну Сянькевіч судзьдзя Сяргей Кацэр асудзіў на 15-суткавы арышт. Ён жа адправіў на 15 сутак і Сьвятлану Жмаеву 1960 году нараджэньня. Пэнсіянэрка сказала, што накіроўвалася ў садок па ўнука, але ўбачыла жанчын, падышла да іх, і ў гэты час усіх затрымалі.
Судзьдзя Вольга Малашэнка пакарала 15-суткавым арыштам 65-гадовую Тацяну Дамброўскую.
Толькі 62-гадовую Ларысу Сьвірыдовіч судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка вызваліла са штрафам 1450 рублёў, што ў некалькі разоў больш за пэнсію абвінавачанай.