Завялі справу пасьля паказаньняў у судзе
- Абвінавачаны — 30-гадовы Ігар Лазовік. Працуе намесьнікам дырэктара ў прыватнай арганізацыі. Жанаты, дзіцяці 1 год. Да суду знаходзіўся на волі, пад падпіскай аб нявыезьдзе.
- Пацярпелы — камандзір роты АМАП Дзьмітры Рахунок, яму 34 гады, мае вышэйшую адукацыю.
- Падчас суду некалі разоў на зварот судзьдзі «Пацярпелы» ўставаў Лазовік і не ўставаў Рахунок.
- Сьведкамі праходзяць амапаўцы Дзяніс Серада, Александар Чарняўскі, Абрамчык.
- Справу разглядае судзьдзя Віталь Лазоўскі.
На суд прыйшлі больш за 10 мужчын спартовага выгляду ў цывільным адзеньні, якія трымаліся побач з пацярпелым.
Адвакат абвінавачанага заўважыў, што ў залі могуць прысутнічаць міліцыянты Казаравец, Логіш, Карыкаў, Байко, якіх раней дапытвалі па справе, але пакуль не прызналі сьведкамі. Ён прапанаваў выдаліць іх з залі, калі спатрэбіцца дапытаць іх на судзе пазьней. Адзін з прысутных ціха прызнаўся, што ягонае прозьвішча супадае з абвешчаным у сьпісе, судзьдзя не пачуў і нікога не прасіў выходзіць з залі.
Выпадак, які разглядаюць у судзе, здарыўся ўвечары 11 жніўня каля крамы «Алмі» на вуліцы Савецкіх памежнікаў.
Чацьвёра сяброў перад гэтым езьдзілі па Горадні. Зь іхніх словаў, удзелу ў пратэстах не прымалі. Спыніліся каля крамы.
Да іхняй машыны падышлі некалькі чалавек у чорным адзеньні без азнакаў і пачалі біць па машыне. За стырном быў таксіст Аляксей Лапа, ён спужаўся і паспрабаваў зьехаць зь месца. Неўзабаве дарогу яму перакрыў яшчэ адзін міліцэйскі мікрааўтобус. Урэшце невядомыя выцягнулі мужчын з машыны і моцна зьбілі, трое зь іх трапілі ў шпіталь.
Аляксея Лапу пачалі судзіць у лістападзе за гвалт над двума міліцыянтамі. На судзе ў яго ў якасьці сьведкі выступаў Ігар Лазовік. Пасьля гэтага на Лазовіка таксама завялі крымінальную справу па артыкуле 364. Сам Лапа падаваў заяву ў Сьледчы камітэт аб тым, што яго зьбілі міліцыянты, аднак заводзіць крымінальную справу на байцоў ня сталі.
Афіцыйна: ударыў міліцыянта ня менш за 6 разоў
Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, Ігар Лазовік увечары 11 жніўня знаходзіўся ў машыне Skoda Rapid, кіроўца якой у той дзень парушыў закон. Калі міліцыянт запатрабаваў у Лазовіка разблякаваць дзьверы машыны, той не падпарадкаваўся. Калі Лазовіка прымусова выцягнулі і затрымалі, ён, па афіцыйнай вэрсіі, ня менш за 6 разоў ударыў камандзіра роты АМАП Дзьмітрыя Рахунка па тулаве, руках і нагах. Той атрымаў «менш цяжкія пашкоджаньні»: пералом фалангі пальца, кровападцёкі на калене і руках.
Амапаўцу Рахунку, пакуль ён ня мог працаваць, выплацілі 1500 рублёў. Пракуратура падала ў суд пазоў, каб Лазовік кампэнсаваў гэтую суму. На ягоную маёмасьць наклалі арышт.
Абвінавачаны: «Сам я ісьці ня мог»
Лазовік віны не прызнаў. Расказаў, што ўвечары вырашылі зь сябрамі пакатацца па горадзе. Заправілі машыну, заехалі па шаўрму. Каля крамы на вуліцы Савецкіх памежнікаў спыніліся папіць, пакурыць. Калі селі ў машыну ехаць далей, людзі ў чорным адзеньні пачалі біць па машыне ззаду. Кіроўца Лапа зьехаў адтуль, але здолеў праехаць толькі каля 700 мэтраў. Дарогу ім перакрыў белы мікрааўтобус. Зь яго таксама выбеглі людзі ў чорным, першы зь іх ударыў па лабавым шкле з боку пасажыра, дзе сядзеў Лазовік. Ад перапуду той адчыніў дзьверы. Яго выцягнулі пад локаць і паклалі тварам у зямлю.
«Першы ўдар прыйшоўся мне па галаве, ня памятаю, адзін ці два, з вуха адразу пацякла кроў. Потым пачалі біць па нагах, па ягадзіцах, плячах. Ня менш за 5 удараў. Праз 3–4 хвіліны сьцягнулі рукі ззаду», — расказвае Лазовік.
Так ён праляжаў каля 1,5 гадзіны тварам у зямлю. Потым прыехала хуткая, Лазовіка ўзялі пад рукі і завялі ў машыну хуткай дапамогі.
«Сам я ісьці ня мог», — адзначыў Лазовік.
Яго паклалі ў шпіталь, дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.
Як расказаў Лазовік, у шпіталь прыйшлі міліцыянты, склалі на яго адміністрацыйны пратакол, ён віны не прызнаў. Потым справу прыпынілі, потым зноў аднавілі і зноў прыпынілі. Пасьля суду над Лапай на Лазовіка завялі крымінальную справу.
Лазовік адзначыў, што нікога пры затрыманьні ня біў.
Пацярпелы: «На каленях у яго ляжаў бэчэбэшны сьцяг»
Пацярпелы Дзьмітры Рахунок паказаў, што ў той вечар яны з калегамі ахоўвалі грамадзкі парадак у горадзе. Былі ў чорнай форме з адзнакамі. АМАПу прыйшла інфармацыя, што каля кінатэатру «Кастрычнік» людзі зладзілі масавае мерапрыемства, «паказвалі жэсты, выкрыквалі абразьлівыя лёзунгі». Калі пад’ехала міліцыя, людзі сталі разьбягацца. На думку Рахунка, некалькі ўдзельнікаў мерапрыемства селі ў машыну таксі Skoda Rapid.
«Прыцягнула ўвагу бела-чырвона-белая налепка на шкле. Калі праяжджалі побач з аўтамабілем, на каленях у пасажыра сьпераду ўбачылі бэчэбэшны сьцяг», — расказаў Рахунок.
Міліцыянты паспрабавалі затрымаць людзей у машыне. Калі міліцыянт Конан праз паўадчыненае шкло працягнуў руку ў машыну таксі, аўтамабіль рэзка пачаў ехаць, па словах Рахунка. Конана працягнула каля 5 мэтраў. Яшчэ аднаго супрацоўніка міліцыі Логіша аўтамабіль таксі падбіў. Пасьля міліцыя пачала перасьледаваць таксі, дарогу яму перакрыў белы мікрааўтобус. Пачалі затрымліваць людзей у машыне. Рахунок паспрабаваў затрымаць пасажыра зь першага сядзеньня. Той спачатку не хацеў разблякаваць дзьверы, а потым павярнуўся да Рахунка і стаў біць яго рукамі і нагамі. Сам Рахунок запэўніў, што нікога ня біў, не ўжываў фізычнай сілы акрамя моманту затрыманьня. Спачатку ён не адчуваў болю.
«Я быў зараджаны на затрыманьне... Магчыма, у сувязі з тым, што я быў у бронекамізэльцы, гэта ня так балюча адчувалася», — патлумачыў амапавец.
Пасьля затрыманьня ўдзельнікаў масавага мерапрыемства Рахунок адчуў рэзкі боль у пальцы, зьвярнуўся да мэдыкаў хуткай, потым пацьвердзіўся пералом фалангі.
У якасьці кампэнсацыі яму маральнай шкоды Рахунок прапанаваў, каб Лазовік пералічыў у адзін зь дзіцячых дамоў 1000 рублёў.
«Як вы вызначылі такую суму?» — запытаўся судзьдзя.
«Ні з чога, проста... Значыць, палічыў патрэбным такую суму», — адказаў суду пацярпелы.
На большасьць пытаньняў адваката — з кім Рахунок ехаў у машыне 11 жніўня, колькі трымаўся гіпс на пальцы, колькі быў на бальнічным, калі вярнуўся на службу — Рахунок адказваў: «Ня памятаю».
Адвакат зьвярнуў увагу, што Рахунок не зьвяртаўся ў міліцыю з нагоды пашкоджаньня пальца, хоць па законе як міліцыянт мусіў гэта зрабіць. Той адказаў, што не зьвяртаўся, «бо адчуваў востры боль, пералом, гіпс быў, займаўся лячэньнем».
Ён патлумачыў, што відэарэгістратара ў яго не было, хоць ён абавязаны яго насіць, бо не хапіла.
Адвакат Лазовіка зачытаў першапачатковыя паказаньні Рахунка, паводле якіх каля «Алмі» стаялі 3–4 чалавекі ў ланцугу. Чаму пазьней ён стаў казаць, што іх больш, Рахунок патлумачыў апіскай. Калі адвакат паспрабаваў удакладніць, Рахунок павысіў голас на адваката і адмаўляўся адказваць.
«Высокі суд, ён мяне правакуе», — зьвярнуўся амапавец да судзьдзі.
«Я мог проста памыліцца, я амаль суткі працаваў, гэта магла быць апіска... Значыць, я прапусьціў гэта міма вачэй», — тлумачыў Рахунок.
«Дзьмітры Аляксандравіч, супакойцеся, не павышайце голас», — зьвярнуўся судзьдзя да пацярпелага.
«Я спакойны», — адказаў Рахунок.
На судзе дапыталі таксама сьведак-амапаўцаў Дзяніса Сераду, Аляксандра Чарняўскага.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.