Судзьдзя Тацяна Шоцік правяла пасяджэньне праз скайп. Журналістку абвінавачвалі ў тым, што яна знаходзілася каля праезнай часткі і выкрыквала лёзунгі. Надзея Калініна адмаўляла ўсе прад'яўленыя абвінавачаньні.
Надзея Калініна расказала ў судзе, што яе затрымалі на ўваходзе, яна паказала пасьведчаньне журналісткі і запытала, ці можна прайсьці на сход. Пакуль чакала адказу, Калініна заўважыла Савіных і Качанаву. Бліжэй да 16.00 супрацоўнік папрасіў яе пакінуць памяшканьне. А ўжо на вуліцы падбеглі двое незнаёмых у чорным, затрымалі яе і пасадзілі ў мікрааўтобус.
Ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў Ленінскага раёну на Надзею склалі адміністрацыйны пратакол. Адваката да яе не пускалі, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаваньні.
Журналістка сьцьвярджала, што ніякага пікету ня ладзіла, і прасіла, каб у суд прыехалі Марыяна Шчоткіна, Натальля Качанава, Андрэй Савіных, якія бралі ўдзел у мерапрыемстве ў ДК «Камволь».
Суд прыйшоў да высновы, што трэба запатрабаваць відэазапісы з камэраў назіраньня менскага ДК «Камволь», дзе яе схапілі, а пасьля працягнуць пасяджэньне. Паколькі Надзею Калініну затрымалі, паводле пратаколу, 29 студзеня ў 15.50, тэрмін 72-гадзіннага затрыманьня скончыўся, і журналістку адпусьцілі да наступнага паседжаньня суду.
Журналістка перастала выходзіць на сувязь днём 29 студзеня. Паводле інфармацыі рэдакцыі, яна спрабавала трапіць на зьезд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу па Менску, які праходзіў у ДК «Камволь».
1 лютага журналістка пасьпела перадаць адвакату, што ўтрымліваецца ў камэры на пяць чалавек, дзе зь ёй 12 жанчын. Перадач, у тым ліку бялізны і сродкаў гігіены, ні для кога не прымаюць. А пратаколы склалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (паўторна на працягу году) і за непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўніка міліцыі.
Калегі і сваякі да дня суду ня ведалі, за што менавіта судзяць Надзею.
У Калінінай тахікардыя, у зьняволеньні ў яе абвастрылася мігрэнь. Яна 2 дні спала на падлозе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Століншчыны папрасіўся на Ўсебеларускі народны сход, яму адказалі праз 2 тыдні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запусьцілі пэтыцыю супраць дыскрымінацыі прыватнікаў пры вылучэньні на Ўсебеларускі народны сход